У самаабвешчанай на тэрыторыі Малдовы «Прыднястроўскай рэспубліцы» раніцай 26 красавіка паведамілі пра новыя выбухі. Рэгіён мяжуе з Адэскай вобласцю Украіны, у ім знаходзяцца расейскія войскі.
Тэлграм-канал «ТСВ Приднестровье» паведамляе пра выбухі на тэрыторыі Прыднястроўскага радыётэлецэнтру «Маяк» у Грыгорапольскім раёне.
Адзначаецца, што было два выбухі. Першы прагрымеў у 6:40, другі ў 7:05. З ладу выведзеныя дзве самыя магутныя антэны: адна мегаватная, другая – паўмегаватная. Абедзве рэтранслявалі радыё з Расеі.
У радыётэлецэнтры кажуць, што пацярпелых няма.
Пры гэтым ад сённяшняга дня ў гарадскіх школах Прыднястроўя ўведзенае дыстанцыйнае навучанне. Сельскія школы і садкі працуюць у звычайным рэжыме.
Таксама паведамляецца пра чэргі на мяжы з Малдовай. Усіх, хто выязджае, правяраюць.
ПС belsat.eu