FAQ пра Чарнобыль у кантэксце вайны: ці можа атам быць мірным?


У дзень 36-годдзя аварыі на ЧАЭС, найбуйнейшай тэхнагеннай катастрофы ў гісторыі чалавецтва, адказваем на простыя пытанні аб тым, ці можа атам быць «мірным» – і якія новыя радыяцыйныя рызыкі стварыла вайна ва Украіне.

За 36 гадоў, што прайшлі з дня выбуху на чацвёртым энергаблоку Чарнобыльскай АЭС, свет значна змяніўся і, здавалася б, пачаў больш разумець: людзі пабачылі на свае вочы, наколькі маштабнымі, небяспечнымі і даўгавечнымі могуць быць наступствы аварыі на ядравым аб’екце. Некаторыя краіны абмяжоўваюць ці наогул паступова адмаўляюцца ад «мірнага атаму» і пераходзяць на альтэрнатыўныя крыніцы энергіі, няспынна падвышаецца ўзровень бяспекі дзейных станцыяў.

Аднак вайна ва Украіне паставіла рубам пытанне радыяцыйнай бяспекі, якое зноў гучыць па ўсім свеце. У сувязі з ваеннымі дзеяннямі, падчас якіх былі захопленыя дзве атамныя электрастанцыі ва Украіне, пагроза новай катастрофы вырасла шматкроць, а перад чалавецтвам паўсталі складаныя пытанні пільнавання бяспекі ядравых аб’ектаў.

Агульны выгляд новай канструкцыі бяспечнага канфайнменту над старым саркафагам, што закрывае пашкоджаны чацвёрты рэактар на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі. Чарнобыль, Украіна. 7 красавіка 2022 года.
Фота: GLEB GARANICH / Reuters / Forum

Што цяпер адбываецца з радыяцыяй у 30-кіламетровай зоне адчужэння?

Зона адчужэння – гэта тэрыторыя, дзе выпала вялікая колькасць радыеактыўных рэчываў у выніку аварыі на ЧАЭС у 1986 годзе. Настолькі вялікая, што прыйшлося эвакуяваць насельніцтва. Дозы апраменьвання, што там атрымліваў чалавек, перавышалі вызначаныя ліміты.

Радыяцыя небяспечная тым, што яе немагчыма пабачыць, адчуць навобмацак, на пах, на смак. Гэта прыхаваная пагроза. Таму так важна перамяшчацца па зоне адчужэння з дазіметрам – каб ведаць, куды ідзеш.

Сёння можна казаць, што Чарнобыльская зона забруджаная нераўнамерна. Радыяцыя падчас аварыі на ЧАЭС выпадала плямамі. Гэта залежала, у прыватнасці, і ад напрамку ветру. Перыяд паўраспаду некаторых элементаў займае 30 гадоў. Таму колькасць асобных з іх ужо паменшылася ўдвая, але ёсць і такія, перыяд паўраспаду якіх складае дзясяткі тысяч гадоў. Гэтая радыяцыя пакуль нікуды не знікне, яна там ёсць і будзе. Адзінае, што адбываецца – яна мігруе, напрыклад, у драўніну, часткова спускаецца ў грунты ніжэй. Такім чынам, гэтая зона цяпер забруджаная і будзе такой доўгія гады.

Калі радыяцыя знікне зусім?

Некаторыя радыенукліды ўжо распаліся. Напрыклад, колькасць радыеактыўнага ёду зменшылася напалову за першыя сем дзён. Яшчэ праз сем дзён яго стала 25 % ад пачатковага выкіду. Такім чынам, ёду-131 у зоне ўжо няма. А вось падчас аварыі на ЧАЭС ён моцна паўплываў на тых, хто быў каля эпіцэнтру выбуху і на забруджаных тэрыторыях. Радыеактыўны ёд мае вялікую актыўнасць і небяспечны тым, што перадаецца праз харчовыя ланцужкі, хутка засвойваецца чалавекам і назапашваецца ў арганізме.

Hавiны
Радыяцыйная небяспека: куды бегчы, як хавацца і што рабіць з ёдам
2022.03.16 19:03

За 36 гадоў адбыўся паўраспад радыеактыўных ізатопаў – цэзію і стронцыю. Такім чынам, агульны радыеактыўны фон зменшыўся.

Перыяд распаду цяжкіх радыенуклідаў, такіх як плутоній-239 і плутоній-240 – 24 200 і 6500 гадоў адпаведна. Гэта значыць, што праз гэты час ён не знікне поўнасцю, а зменшыцца ўдвая.

Яшчэ 24 000 гадоў прыблізна 40 % тэрыторыі зоны будзе заставацца небяспечнай. На астатнія тэрыторыі ўжо праз 30–60 гадоў тэарэтычна мог бы вярнуцца чалавек, але ў гэтым няма эканамічнай мэтазгоднасці.

Як доўга можна заставацца ў зоне адчужэння?

З часу, які прайшоў пасля аварыі, значэнне вонкавага апрамянення (радыяцыйны фон) упала на два-тры парадкі, але гэта не азначае, што ў зоне адчужэння дапускаецца пражыванне: што там можна быць неабмежаваны час, спажываць мясцовыя прадукты і ваду, радасна капацца ў зямлі. Пры гэтым у зоне ёсць прадпрыемствы і там працуюць людзі. Гэта магчыма пры выкананні такіх умоваў: працаўніку мусіць быць больш за 18 гадоў, ён мусіць не мець медычных супрацьпаказанняў і павінен прайсці навучанне радыяцыйнай бяспецы. Рэжым працы арганізаваны так, каб паменшыць уздзеянне апраменьвання: скарочаны працоўны тыдзень, рэгулярны медычны агляд, радыяцыйны кантроль і выкарыстанне сродкаў індывідуальнай абароны (маскі, рэспіратары, касцюмы, пальчаткі). Для разумення – у зоне стала працавала каля 5000 асобаў і яшчэ 1000 прыкамандзіраваных.

Індывідуальны дазіметр, што насілі на сабе жаўнеры ў чарнобыльскай зоне падчас ліквідацыі наступстваў аварыі на ЧАЭС.
Фота: Белсат

Радыеактыўнае забруджванне ёсць і яно ўсюды, проста ў розных канцэнтрацыях. Таму ў зоне важна арганізаваць жыццё так, каб мінімізаваць вонкавае і ўнутранае апрамяненне. Чаго нельга рабіць: піць ваду з мясцовых крыніцаў, збіраць прадметы і абʼекты навакольнага асяроддзя ў якасці сувеніраў, лавіць і есці мясцовую рыбу, тое ж тычыцца дзічыны. Нельга спажываць ежу на адкрытым паветры, толькі ў памяшканнях. Транспарт і тэхніку, калі магчыма, размяшчаць на асфальце і бетоне, а не на грунце. Варта карыстацца мапамі забруднення і кансультацыяй мясцовых спецыялістаў.

За 30 кіламетраў ад ЧАЭС ёсць месцы, дзе лепш не бываць ці прыходзіць на вельмі кароткі час, але трэба памятаць: калі мы падарожнічаем, ляцім на самалёце – мы таксама атрымліваем дозу радыяцыі, таму кароткатэрміновыя візіты ў Прыпяць не нясуць небяспекі, ёсць некаторыя рэкамендацыі пры наведванні. Напрыклад, лепш не станавіцца на мох ці ў траву, бо той жа мох назапашвае радыенукліды. Што да Прыпяці, то цяпер больш небяспечна заходзіць у яе пакінутыя дамы (бо яны разбураюцца), чым хадзіць па вуліцах гораду.

Хіба радыяцыя не прыводзіць да прамянёвай хваробы і раку?

Прыводзіць, але далёка не заўсёды. На тое, як радыяцыя паўплывае на здароўе, уплывае мноства фактараў. Радыяцыя – гэта ў вузкім значэнні іанізавальнае выпраменьванне, від энергіі, здольнай выбіваць электроны з атамаў і рабіць іх іонамі. Гэтыя прамяні прама ці ўскосна могуць шкодзіць ДНК і клеткавыя мембраны.

Іанізавальнае выпраменьванне можа быць розным. Альфа-выпраменьванне не можа пранікаць праз адзенне ці скуру. Але калі радыенукліды з альфа-выпраменьваннем трапілі ўнутр праз дыхальныя шляхі, адкрытыя раны, яны могуць моцна нашкодзіць.

Бэта-выпраменьванне не можа пранікаць праз дрэва ці цэглу, але пад скуру – так. Хоць да асноўных органаў не дабярэцца, калі толькі, як і ў выпадку альфа-выпраменьвання, радыенукліды не трапяць у арганізм іншым шляхам.

Гама-выпраменьванне пранікае ў органы праз шматлікія перашкоды. Яго можа спыніць бетонная сцяна і некалькі сантыметраў цяжкага металу.

Аналітыка
Руды лес, акопы і радыяцыя: якія наступствы будзе мець прысутнасць расейскіх вайскоўцаў у зоне адчужэння
2022.04.11 11:55

Крыніцамі іанізавальнага выпраменьвання становяцца розныя радыенукліды. Напрыклад, цэзій-137 – крыніца і бэта-, і гама-выпраменьвання.

10 Гр хапае, каб чалавек з імавернасцю 100 % памёр на працягу 5–12 дзён ад вострай прамянёвай хваробы. У Чарнобылі для 35 асобаў доза паглынутай радыяцыі была большай за 5 Гр. Аб прамянёвай хваробе можна казаць як мінімум пасля 0,7 Гр.

Меншая доза можа прывесці да развіцця анкалагічных захворванняў. Іанізавальная радыяцыя – гэта ўвогуле афіцыйна прызнаны канцэраген. І лічыцца, што эквівалентная доза радыяцыі, вышэйшая за 100 мЗв, дакладна павышае рызыку развіцця анкалагічных захворванняў: пры сталым уздзеянні невялікіх дозаў радыяцыі арганізм паспявае аднаўляцца і кароткатэрміновых наступстваў няма, аднак могуць назапашвацца мутацыі ў ДНК, што прывядзе да развіцця анкалагічных захворванняў. Як сцвярджае Сусветная арганізацыя здароўя, імавернасць узнікнення якіх-небудзь негатыўных наступстваў у гэтым выпадку прапарцыйная дозе апраменьвання.

Расейскія войскі кантралююць Чарнобыльскую АЭС. Кіеўская вобласць, Украіна. 24 сакавіка 2022 года.
Фота: Komsomolskaya Pravda / Russian Look / Forum

Унутранае апрамяненне значна больш небяспечнае, чым вонкавае. У арганізме радыенукліды выклікаюць апрамяненне розных органаў і тканак. Эксперыментальна даказаныя паталагічныя змены пад уздзеяннем радыенуклідаў у сэрцы, печані, нырках, крывятворнай, нервовай, эндакрыннай, імуннай і рэпрадуктыўнай сістэмах. Пасля ўнутранага забруднення чалавек нейкі час можа быць небяспечны для навакольных, як і ягоныя мача, кроў і пот.

Што ж да генетычных мутацыяў як следства апрамянення чалавека, то такіх яшчэ ні разу не ўдалося выявіць. Нават у 78 000 дзяцей тых японцаў, якія перажылі ядравае бамбаванне Хірасімы і Нагасакі, не было канстатавана якога-небудзь павелічэння колькасці выпадкаў спадчынных хваробаў.

Ці бяспечная Чарнобыльская станцыя цяпер?

Рэактары на ЧАЭС не працуюць, але не толькі яны ствараюць небяспеку. Унутры абʼекту «Сховішча», жалезабетоннага саркафагу, збудаванага неўзабаве пасля аварыі ў 1986 годзе, цяпер засяроджаная велізарная колькасць дробнадысперснага радыеактыўнага пылу – каля паўтара тонаў. У выпадку магчымага абвальвання якой-небудзь з канструкцыяў асноўнай праблемай будзе выкід.

Найбольш небяспечныя адкіды АЭС – гэта адпрацаванае ядравае паліва, якое мусіць быць ізаляванае цягам мільёнаў гадоў. Там месцяцца сотні таксічных высокаактыўных штучных ізатопаў, што небяспечныя для чалавека і наваколля: палоній, цэзій, стронцый, плутоній і іншыя.

Фота
«Бацька разумеў трагедыю маленькага чалавека». Сын вядомага фатографа распавёў пра чарнобыльскія фота бацькі
2021.04.26 12:52

Уласна корпусы рэактараў больш-менш абароненыя. Але аварыя на Фукусіме адбылася праз цунамі, станцыю ніхто не бамбіў. Чарнобылю таксама ніхто не бамбіў. Любое інфраструктурнае пашкоджанне (напрыклад, адлучэнне электрычнасці) можа прывесці да аварыі. А калі снарад ці ракета трапіць у сховішча такіх матэрыялаў, звычайна абароненае не так добра, як рэактар, вынікам можа стаць выкід радыяцыйных рэчываў на тысячы кіламетраў. Напрыклад, радыеактыўны ёд-131 і ёд-129, што ўтвараецца пры працы рэактараў і ядравых выбухах, вельмі лёткія. Чарнобыльскі і фукусімскі радыеактыўны ёд некалькі разоў абышоў зямны шар.

Чым унікальная вайна ва Украіне?

У першы дзень вайны 24 лютага расейскімі войскамі была захопленая Чарнобыльская АЭС, што стала першым выпадкам у гісторыі, калі такі аб’ект быў акупаваны. 28 лютага была захопленая Запарожская АЭС, яшчэ праз некалькі дзён расейскія «Грады» абстралялі тэрыторыю інстытуту ў Харкаве, дзе месціцца эксперыментальны ядравы рэактар.

1 красавіка акупанты адышлі ад ЧАЭС, але цягам месяца яны рылі акопы непадалёк ад Рудога лесу, шмат кантрольных крыніцаў выпраменьвання ізатопаў былі разрабаваныя і вывезеныя з лабараторыяў ЧАЭС. Акупанты маглі іх проста засоўваць у штаны, каб прадаць або пераслаць у Расею. Некаторыя такія крыніцы нават не маюць пазнакі аб радыеактыўнасці. Вядомыя выпадкі, калі падчас вайны расейскія акупанты па прыездзе ў Беларусь прадавалі частку абмундзіравання. Беларусам варта ў такіх месцах, як барахолкі, сэканд-хэнды, дзе часта бываюць элементы вайсковай формы, нават не дакранацца да гэткіх прадметаў.

Бяспечнае сховішча Чарнобыльскай электрастанцыі і ўмацаваны агнявы пункт з мяхоў з пяском. Чарнобыль, Украіна. 8 красавіка 2022 года.
Фота: Mykhaylo Palinchak / Zuma Press / Forum

Расейская армія ўпершыню ў гісторыі чалавецтва выкарыстала ядравыя аб’екты як абароненыя плацдармы: яны размяшчаюць там свае войскі, умацоўваюцца там з мэтай канцэнтрацыі ўдарнага рэзерву для сваіх наступальных аперацыяў. Гэта ядравы шантаж: яны разумеюць, што там іхная тэхніка, зброя будуць у бяспецы, бо ніводная адэкватная дзяржава не пойдзе на тое, каб сілай выбіваць іх з гэтай тэрыторыі. Чалавецтва ўпершыню паўстала перад праблемай, калі кожны з умоўна мірных ядравых аб’ектаў можна пераўтварыць у «брудную» ядравую бомбу.

Што рэгулюе пытанні бяспекі на міжнародным узроўні?

Чацвёртая Жэнеўская канвенцыя (а дакладней, дадатковы пратакол да яе ад 1977 года) забараняе захоп кантролю над ядравымі сістэмамі. Асуджае такі захоп і Міжнароднае агенцтва атамнай энергіі (МАгАтЭ). У 2009 на генеральнай канферэнцыі МАгАтЭ была прынятая пастанова: любы ўзброены напад або пагроза нападу на ядравыя ўстаноўкі, што выкарыстоўваюцца ў мірных мэтах, ёсць парушэннем прынцыпаў Статуту ААН. Паводле пратаколу Жэнеўскай канвенцыі аб вядзенні ваенных дзеянняў ад 1977 года, АЭС не мусяць станавіцца аб’ектамі нападу.

Сітуацыя са станцыямі ва Украіне паказала бездапаможнасць міжнародных арганізацыяў, сярод якіх ААН, МАгАтЭ. У МАгАтЭ ёсць пэўныя інструменты, з дапамогай якіх арганізацыя можа ўздзейнічаць на многія працэсы. Напрыклад, МАгАтЭ мае мандат на зварот да ААН аб выкарыстанні ўзброенага ўмяшання ў выпадках, калі ёсць небяспека стварэння ядравай зброі (як у Іраку) і г. д. Гэтая міжнародная арганізацыя магла склікаць Раду Бяспекі ААН, Генасамблею ААН для непасрэднага ўмяшання пасля захопу ўкраінскіх станцыяў. Але МАгАтЭ не скарыстала ўсіх сваіх інструментаў. Арганізацыя апублікавала рэзалюцыю, дзе заклікала Расею пакінуць тэрыторыю атамных станцыяў. Нават не адправіла групы незалежных назіральнікаў, каб разумець, хто кантралюе станцыі ды іх працу.

Калі б арганізацыя належным чынам выконвала свае абавязкі, Расея мусіла б або выйсці з МАгАтЭ, або пагадзіцца з законнымі патрабаваннямі.

Што можа рабіць грамадскасць у такой сітуацыі?

Павялічваць ціск на міжнародныя арганізацыі і свае ўрады. Людзі могуць патрабаваць здзейсніць захады, і ў сваю чаргу палітыкі будуць уплываць на міжнародныя арганізацыі і рэгулятараў ядравай бяспекі. Калі нічога не рабіць, архітэктура міравой бяспекі можа змяніцца паводле прынцыпу «на сілу адказваць сілай». На авансцэну выйдзе «партыя вайны», з атамнай энергетыкай і ядравай зброяй на парадку дня. Замест таго, каб ад небяспечных аб’ектаў адмаўляцца, іх будзе будавацца яшчэ больш.

У ЗША, напрыклад, на фоне вайны ва Украіне не толькі абмяркоўваюць забарону расейскага ўрану, але і хочуць значна падвысіць долю нацыянальнай здабычы ўрану, які цяпер складае толькі 1 %, каб развіваць ядравую энергетыку, што апошнія 30 гадоў стагнавала.

СП belsat.eu

Стужка навінаў