Лукашэнка захваляваўся пра Пабрадзе: «Парушылі дзяржаўную мяжу – да знішчэння»


Аляксандр Лукашэнка 26 сакавіка прыляцеў у Ашмянскі раён інспектаваць правяранне боегатовасці вайсковых частак, піша дзяржаўная інфармацыйная кампанія «БелТА». Там Лукашэнка зрабіў пагрозлівую заяву аб правакацыях на мяжы і спытаў пра месца ў Літве, дзе базуюцца амерыканскія войскі.

Аляксандр Лукашэнка цісне руку свайму памочніку Юрыю Караеву
Аляксандр Лукашэнка цісне руку свайму памочніку Юрыю Караеву падчас візіту на мяжу з Літвой. Ашмянскі раён, Беларусь. 26 сакавіка 2024 года.
Фота: Пул первого / Telegram

«Публічна скажу: любая правакацыя павінна спыняцца ўзброеным шляхам, – заявіў Аляксандр Лукашэнка. – Няма чаго з імі жартаваць. Парушылі дзяржаўную мяжу – да знішчэння. Ніхто не павінен ні з кім цырымоніцца. І мы так і будзем рабіць. Таму любое парушэнне дзяржаўнай мяжы – на знішчэнне. Яны разумеюць толькі сілу».

Імаверна, пагроза была адрасаваная Літве. Ананімны Telegram-канал «Пул Первого», што выконвае функцыі прэс-службы Лукашэнкі, перадаў ад яго такое пытанне: «Калі наступаюць з раёну Пабрадзе, гэта зона адказнасці гэтага батальёну?» Перадавалі таксама пытанне, адрасаванае Лукашэнкам ягонаму памочніку Юрыю Караеву: «З твайго гледзішча, як яны тут развярнуліся? Што кепска? Са стратэгічнага гледзішча зможам супрацьдзеяць тут?»

Чаму б давялося супрацьдзеяць войскам з Пабрадзе, не перадаюць. Але камандуючы войскамі Паўночна-заходняга аператыўнага камандавання Аляксандр Навуменка распавёў Лукашэнку, што цяпер на паўночна-заходнім аперацыйным кірунку «абстаноўка застаецца складанай і мае тэндэнцыю да нарастання напружанасці». Лукашэнка адказаў, што «мы расслабляцца не павінны», бо «калі мы недзе супакоімся, яны на нас нападуць», але «мы туды не збіраемся ісці».

Пабрадзе (традыцыйная беларуская назва Падброддзе) – горад у Літве блізу мяжы з Беларуссю, між Вільняй і Лынтупамі. Адтуль у бок Менску – Гервяты, Смаргонь, Маладзечна. Непадалёк і Астравец.

У Пабрадзе з 2019 года пастаянна дыслакаваны ратацыйны цяжкі батальён ЗША з танкамі «Abrams» і баявымі машынамі «Bradley», там базуюцца таксама пяхотны і механізаваны батальёны Нямеччыны. 5 сакавіка ў часе афіцыйнага візіту ў Злучаныя Штаты міністр абароны Літвы паабяцаў амерыканскім вайскоўцам новую інфраструктуру ў ваколіцах палігону ў Пабрадзе. Аб’ект з казармамі, зонай навучання і верталётнымі пляцоўкамі збіраюцца здаць у 2026 годзе.

Прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінету ў справе абароне і нацыянальнай бяспекі Валерый Сахашчык 24 сакавіка заявіў, што Расея і Беларусь рыхтуюць планы выкарыстання ядравай зброі і «нейкага бліцкрыгу на Вільню», «беларускія генералы са сваймі калегамі з Масквы малююць стрэлкі на мапах у бок Вільні». Паводле Сахашчыка, улады Расеі і Беларусі спадзяюцца, што «цывілізаваны свет будзе шакаваны» такой эскалацыяй агрэсіі і «спыніць супраціў». Але ў выпадку атакі «Расею чакае вялікая ваенная катастрофа», упэўнены ён.

Палітолаг Павел Усаў раскрытыкаваў заяву Сахашчыка: вайсковыя планы Масквы і Менску ведалі б выведкі заходніх краінаў, але яны маўчаць.

«Яны што, сур’ёзна думаюць, што мы тут з расейцамі спрабуем ці нападаем на іх? – пытаў Лукашэнка 26 сакавіка. – Супрацьтанкавыя равы навошта капаюць… Мы ж не збіраемся туды ісці».

Лукашэнка і ягоныя чыноўнікі часам заяўляюць пра спробы «прарыву мяжы» з розных бакоў, але не прыводзяць надзейных доказаў. Гэтак, джыпа, які нібы прарваўся праз украінскую мяжу і згубіўся на тэрыторыі суверэннай Беларусі яшчэ ў 2017 годзе, дагэтуль не знайшлі, як не знайшлі з 2020 года і 200 вагнэраўцаў у лесе.

А сапраўдныя правакацыі на мяжы ладзяць самі ўлады Беларусі: з 2021 года трывае штучна створаны міграцыйны крызіс, у арганізацыі і правядзенні якога бяруць наўпроставы ўдзел беларускія сілавікі.

Аналітыка
Ці параўнальная баявая магутнасць Беларусі і суседніх краінаў?
2024.02.23 20:34

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў