Галоўчанка едзе на перамовы ў Маскву і Валгаград


Прэмʼер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка 27-28 сакавіка наведае з рабочым візітам Маскву і Валгаград і прыме ўдзел у пасяджэнні Саўміна Саюзнай дзяржавы. Аб гэтым паведамляе БелТА. Запланавана і сустрэча «сам-насам» з расейскім прем’ерам Міхаілам Мішусціным.

Раман Галоўчанка.
Фота: president.gov.by

26 сакавіка стала вядома аб планах прэмʼер-міністра лукашэнкаўскага ўраду Рамана Галоўчанкі наведаць расейскую сталіцу для ўдзелу ў паседжанні «саюзнага Саўміну».

«На пасяджэнні Савета Міністраў Саюзнай дзяржавы будзе абмяркоўвацца шэраг важных пытанняў для развіцця двухбаковых адносін, уключаючы ход рэалізацыі нашых саюзных праграм, распрацоўку стратэгіі навукова-тэхналагічнага развіцця Саюзнай дзяржавы, рэалізацыю сумесных праграм у сферы космасу, супрацоўніцтва ў сферы мікраэлектронікі», – цытуе БелТА Рамана Галоўчанку.

Апроч удзелу ў паседжанні «саюзнага Саўміну» Галоўчанка правядзе сустрэчу ў фармаце «сам-насам» са старшынёй урада Расеі Міхаілам Мішусціным. У парадку дня сустрэчу кіраўнікоў урадаў абмеркаванне таго, як выконваюцца дамоўленасці, раней дасягнутыя пад час падобных сустрэчаў. Сярод іх супрацоўніцтва ў галіне транспарту. «Мы павінны і будзем дабівацца роўных умоў у галіне грузаперавозак. Я маю на ўвазе вырашэнне пытання аб доступе да кабатажных перавозак. Мы будзем прадметна разглядаць пытанні развіцця супрацоўніцтва ў сферы авіябудавання, мікраэлектронікі», – расказаў Галоўчанка.

У Валгаградзе Раман Галоўчанка сустрэнецца з губернатарам Валгаградскай вобласці Андрэем Бачаровым, наведае АТ «Волжскі трубны завод» і ТАА «Карпарацыя «Волма»». Плануецца, што кіраўнік Саўміна РБ паўдзельнічае ў сумесным пасяджэнні савету пры губернатары Валгаградскай вобласці па развіццю прамысловасці і паліўна-энергетычнага комплексу. Таксама будуць абмеркаваны пытанні нарошчвання беларускага экспарту ў Валгаградскую вобласць, пытанні імпартазамяшчэння і рэалізацыі сумесных праектаў.

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў