НАУ: Урад плануе размясціць аблігацыі на Маскоўскай біржы


Павел Латушка.
Фота: тэлеграм-канал @latushka

Афіцыйны ўрад хоча выпусціць дзяржаўныя аблігацыі Беларусі на Маскоўскай біржы. Пра гэта паведамляе Народнае антыкрызіснае ўпраўленне.

Паводле інфармацыі НАУ, арганізатарамі эмісіі стануць «Сбербанк» і ВТБ:

«НАУ нагадвае расейскім банкам, што цяперашні ўрад Беларусі, як і кіраўніцтва Нацбанку краіны, нелегітымны. Афіцыйныя прадстаўнікі краіны не прызнаныя большасцю краінаў і не маюць права прыцягваць крэдыты ад імя Рэспублікі Беларусь. Усе дамоўленасці нелегітымнай улады будуць аспрэчаныя. Таксама НАУ ініцыюе правяранне правамернасці дамоваў расейскіх банкаў з нелегітымным урадам. Гэта можа прывесці да сурʼёзных наступстваў, аж да санкцыяў ЕЗ і ЗША супраць банкаў, якія будуць выпускаць дзяржаўныя аблігацыі Беларусі».

Таксама ў НАУ нагадалі, што «кошт еўрааблігацыяў Беларусі падае, расце рызыка дэфолту дзяржаўных аблігацыяў краіны. З кожным днём рэжыму Лукашэнкі пры ўладзе павялічваецца рызыка нявыплаты даўгавых абавязанняў з боку Беларусі».

Аналітыка
НАУ абваліла каціроўкі беларускіх еўрааблігацыяў. І спыняцца не плануе
2021.03.16 10:30

«Мы разумеем, што ў рэжыму засталося мала грошай. Рэпрэсіўны апарат патрабуе ўсё больш і больш. На заробкі ў дзяржаўных установах ужо даводзіцца браць крэдыты, будуць масавыя скарачэнні работнікаў бюджэтнай сферы. За 26 гадоў гэтак званай эфектыўнай эканамічнай палітыкі рэжым Лукашэнкі давёў краіну да магчымага дэфолту. Нелегітымная ўлада разумее, што ў Еўропе і ЗША новых грошай атрымаць не ўдасца: інвестыцыйныя фонды пазбаўляюцца ад дзяржаўных аблігацыяў Беларусі, а НАУ робіць усё, каб выпуск еўрааблігацыяў, які здарыўся перад выбарамі, прызналі несапраўдным», – паведаміў кіраўнік НАУ Павел Латушка.

Нагадаем, што цэны дзяржаўных еўрааблігацыяў Беларусі моцна знізіліся ў сакавіку. Прычынаю можа быць актыўнасць на гэтым полі Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ), мяркуе фінансавы аналітык кампаніі «Duff & Phelps» Максім Адаскевіч.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў