«Пасля 16 гадоў цяжкай працы, атрымалі падаўжэнне свайго «жыцця» на месяц». Дырэктарка «Белсату» распавяла, што адбываецца з каналам


Тэлеканал «Белсат» будзе працягваць бесперапынна працаваць увесь люты. Пра гэта ў Фэйсбуку піша дырэктарка тэлеканалу Агнешка Рамашэўска-Гузы.

Дырэктарка «Белсату» Агнешка Рамашэўская-Гузы на ўручэнні ўзнагародаў супрацоўнікам тэлеканалу «Белсат» у Варшаве, Польшча. 8 снежня 2023 года.
Фота: Карына Пашко / Белсат

«А мы ў «Белсаце» пасля 16 гадоў цяжкай працы толькі што атрымалі падаўжэнне свайго «жыцця» на месяц… І мы рады, што хаця б на месяц», – распавяла Агнешка Рамашэўска-Гузы.

Яна адзначыла, што 80% супрацоўнікаў «Белсату» – эмігранты без фінансавай падушкі, а 17 супрацоўнікаў сядзяць у беларускіх турмах. І заклікала польскіх палітыкаў і калегаў-журналістаў не забываць, што «на ўсход ад нас, проста за плотам працягваецца пажар, напад бандытаў ды іншага кшталту непрыемнасці».

Нагадаем, 12 студзеня новае кіраўніцтва Польскай тэлевізіі (TVP) пазбавіла дырэктарат «Белсату» фінансавых паўнамоцтваў. Дырэктарка тэлеканалу Агнешка Рамашэўская-Гузы заявіла аб пагрозе спынення працы цягам месяца. Тады яна адзначала, што пазбаўленне фінансавых паўнамоцтваў – гэта не звальненне, аднак дэ-факта яна не можа весці гаспадарчую дзейнасць каналу. Цяпер жа мінімум на месяц гэтае пытанне развязалася.

Hавiны
Дырэктарка «Белсату» распавяла пра далейшы лёс тэлеканалу
2024.01.12 20:38

Сітуацыя сталася вынікам змены кіраўніцтва Польскай тэлевізіі. Кадравыя перастаноўкі ініцыявала новая ўлада, што прыйшла пасля парламенцкіх выбараў. Быў таксама звольнены менеджмент Польскага радыё і Польскай агенцыі друку.

Ва ўрадзе свае дзеянні тлумачаць неабходнасцю «аднавіць незалежнасць, аб’ектыўнасць і плюралізм у рэалізацыі грамадскай місіі» дзяржаўных медыяў. Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда назваў кадравыя перастаноўкі незаконнымі.

Цяпер усе гэтыя дзяржаўныя медыі юрыдычна знаходзяцца ў стадыі ліквідацыі праз тое, што прэзідэнт адхіліў праект бюджэту, які прадугледжваў для рэдакцыяў 3 млрд злотых (у пераліку каля 750 млн долараў). Такі статус неабходны, каб дзейнасць медыяў працягвалася і была магчымасць правесці рэструктурызацыю.

Пра неабходнасць падтрымання «Белсату» казала абраная прэзідэнтка Святлана Ціханоўская падчас сустрэчаў у Варшаве з кіраўніцтвам МЗС, спікерамі Сейму і Сенату Польшчы, а таксама з чальцамі Камітэту замежных справаў Сейму.

Каментар
Аляксей Дзікавіцкі: усе палітычныя сілы Польшчы заўсёды прыходзілі да кансэнсусу, што існаванне «Белсату» неабходнае
2023.12.21 20:32

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў