Дырэктарка «Белсату» распавяла пра далейшы лёс тэлеканалу


Новае кіраўніцтва Польскай тэлевізіі (TVP) пазбавіла дырэктарат «Белсату» фінансавых паўнамоцтваў. Дырэктарка тэлеканалу Агнешка Рамашэўская-Гузы заявіла аб пагрозе спынення працы цягам месяца.

Дырэктарка «Белсату» Агнешка Рамашэўская-Гузы на адкрыцці карэспандэнцкага пункту ў Кіеве, Украіна. 27 красавіка 2023 года.
Фота: Белсат

Дырэктарцы «Белсату» праз электронную пошту паведамілі пра ануляванне фінансавых паўнамоцтваў. Гэта азначае, што кіраўніцтва тэлеканалу цяпер не мае правоў падпісваць фінансавыя дакументы.

Агнешка Рамашэўская-Гузы адзначыла, што аніякіх тлумачэнняў ад кіраўніцтва Польскай тэлевізіі (TVP) яна не атрымала.

«У аўторак мае быць сустрэча з ліквідатарам, і я спадзяюся, што сітуацыя праясніцца ў станоўчы бок для гэтай важнай польскай ініцыятывы», – паведаміла дырэктарка «Белсату».

Адначасова яна папярэдзіла, калі бліжэйшым часам не будзе развязання, то тэлеканал апынецца пад пагрозаю спынення працы:

«Калі бліжэйшым часам паўнамоцтвы не будуць узноўленыя ў той ці іншай форме, “Белсат” апынецца пад пагрозаю спынення вытворчасці цягам месяца або паўтары месяцы, бо гэта бесперапынная вытворчасць».

У сваім Facebook Рамашэўская-Гузы ўдакладніла, што пазбаўленне фінансавых паўнамоцтваў – гэта не звальненне, аднак дэ-факта яна не можа весці гаспадарчую дзейнасць каналу.

Імаверна, кіраўніцтва «Белсату» атрымае новыя паўнамоцтвы, аднак дырэктарка канстатавала, што не ўпэўненая ў гэтым.

Святлана Ціханоўская ўручыла «Знак Гонару» дэмакратычных сілаў намесніку дырэктара «Белсату» Аляксею Дзікавіцкаму (злева) і дырэктарцы «Белсату» Агнешцы Рамашэўскай-Гузы (справа). Варшава, Польшча. 8 студзеня 2024 года.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

Сітуацыя сталася вынікам змены кіраўніцтва Польскай тэлевізіі. Кадравыя перастаноўкі ініцыявала новая ўлада, што прыйшла пасля парламенцкіх выбараў. Быў таксама звольнены менеджмент Польскага радыё і Польскай агенцыі друку.

Ва ўрадзе свае дзеянні тлумачаць неабходнасцю «аднавіць незалежнасць, аб’ектыўнасць і плюралізм у рэалізацыі грамадскай місіі» дзяржаўных медыяў. Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда назваў кадравыя перастаноўкі незаконнымі.

Цяпер усе гэтыя дзяржаўныя медыі юрыдычна знаходзяцца ў стадыі ліквідацыі праз тое, што прэзідэнт адхіліў праект бюджэту, які прадугледжваў для рэдакцыяў 3 млрд злотых (у пераліку каля 750 млн долараў). Такі статус неабходны, каб дзейнасць медыяў працягвалася і была магчымасць правесці рэструктурызацыю.

Раней намеснік дырэктаркі «Белсату» Аляксей Дзікавіцкі выказваў спадзеў, што змена кіраўніцтва TVP не паўплывае на дзейнасць каналу:

«“Белсат” вяшчае ўжо 17-ы год, і за гэты час змяніўся не адзін урад. Але, на шчасце, усе галоўныя палітычныя сілы Польшчы заўсёды прыходзілі да кансэнсусу, што існаванне “Белсату” проста неабходнае».

Пра неабходнасць падтрымання «Белсату» казала і абраная прэзідэнтка Святлана Ціханоўская падчас сустрэчаў у Варшаве з кіраўніцтвам МЗС, спікерамі Сейму і Сенату Польшчы, а таксама з чальцамі Камітэту замежных справаў Сейму.

Каментар
Аляксей Дзікавіцкі: усе палітычныя сілы Польшчы заўсёды прыходзілі да кансэнсусу, што існаванне «Белсату» неабходнае
2023.12.21 20:32

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў