«Гэта мусіць спыніцца». Прэс-сакратар замежнапалітычнай службы ЕЗ асудзіў вырак Дар’і Лосік


Прэс-сакратар Еўрапейскай службы замежнапалітычнай дзейнасці Пэтэр Стана зрабіў афіцыйную заяву наконт прысуду, агучанага 19 студзеня ў дачыненні беларускай палітзняволенай і маці чатырохгадовага дзіцяці Дар’і Лосік. Стана назваў гэты прысуд ганебным і палітычна матываваным.

Дар’я Лосік. Менск, Беларусь. 29 студзеня 2021 года.
Фота: Цімур Котаў / Белсат

«Мінулым тыднем суд у Берасці вынес чарговы ганебны і палітычна матываваны вырак, што працягвае рэпрэсіі рэжыму Лукашэнкі супраць народу Беларусі. Дар’ю Лосік асудзілі на два гады калоніі за тое, што яна ў інтэрв’ю абараняла мужа ад сфабрыкаваных абвінавачванняў і апелявала да Лукашэнкі, настойвала на невінаватасці мужа», – гаворыцца ў заяве Пэтэра Стана.

Ён нагадвае, што муж палітзняволенай Ігар Лосік быў асуджаны за вядзенне папулярнага блогу на 15 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, а іхнае чатырохгадовае дзіця засталося без бацькоў.

«Рэпрэсіі, што чыніць рэжым Лукашэнкі, дасягнулі беспрэцэдэнтнага ўзроўню і закранулі ў тым ліку найбольш уразлівых грамадзянаў – дзяцей. Такое бесчалавечнае абыходжанне з грамадзянамі Беларусі мусіць спыніцца», – заяўляе прэс-сакратар замежнапалітычнай службы ЕЗ.

Ён падкрэслівае, што Еўразвяз ізноў патрабуе неадкладнага вызвалення палітычных зняволеных у Беларусі і «будзе далей падтрымліваць усіх, хто імкнецца да свабоднай, дэмакратычнай і незалежнай Беларусі».

Берасцейскі абласны суд 19 студзеня прысудзіў Дарʼі Лосік 2 гады калоніі агульнага рэжыму. Такі вырак прыняў так званы суддзя Мікалай Грыгаровіч. Дарʼінага мужа Ігара Лосіка асудзілі на 15 гадоў калоніі ў снежні 2021 года. Палітзняволеныя маюць 4-гадовую дачку, якая цяпер пад апекаю бабулі і дзядулі. Станам на 26 студзеня ў Беларусі ў няволі застаюцца 1445 палітычных зняволеных.

Hавiны
Дар’ю Лосік асудзілі на 2 гады калоніі: «Калі мяне хацелі пакараць, я прыму гэта годна»
2023.01.19 12:43

 

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў