Фонд на будучыя кампенсацыі палітвязням. Ці своечасовая гэтая ініцыятыва?


Вадзім Пракоп’еў у эфіры «Еўрарадыё» прапанаваў стварыць для палітвязняў «рахункі палонных да запатрабавання». На ягоную думку, беларусы, якія цяпер у зняволенні, заслугоўваюць штодня атрымліваць пэўную суму, у тым ліку і для маральнага падтрымання за кратамі. «Белсат» абмеркаваў гэтую ідэю з прадстаўнікамі дабрачынных фондаў – яны лічаць ідэю добрай, але складанай для рэалізацыі. 

Исправительная колония № 3, Витьба, Беларусь
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Папраўчая калонія № 3. Віцьба, Беларусь. Ліпень 2022 года.
Фота: Акім Крумкач / Белсат

Святлана Ціханоўская 23 студзеня расказала, што пачалася праца над адкрыццём міжнароднага фонду ў падтрыманне палітвязняў і іхных сем’яў. Яна таксама казала, што сумы ахвяраванняў беларусаў у фонды для рэпрэсаваных знізіліся з пачаткам поўнамаштабнай вайны ва Украіне.

У той жа дзень Вадзім Пракоп’еў – некалі вядомы бізнесовец, затым памочнік камандзіра палка «Пагоня», а цяпер пазаштатны дарадца прадстаўніка Аб’яднанага пераходнага кабінету Валерыя Сахашчыка, адказнага за нацыянальную абарону, у эфіры «Еўрарадыё» прапанаваў, сярод іншага, зрабіць для палітвязняў «рахункі палонных да запатрабавання».

На думку Пракоп’ева, беларусы, якія з’ехалі з краіны, маглі б «скінуцца хоць бы па 3 еўры» – штомесяц аддаваць нейкую суму на будучыню Беларусі, у тым ліку на дапамогу палітвязням. Ды Ціханоўская згадвала, што ідэя добраахвотнага «падатку на Новую Беларусь» закладалася ў лічбавую платформу «Новая Беларусь» – але на тую платформу прыйшло яшчэ мала людзей.

Мо тады варта прасіць іншыя дзяржавы даць грошы на кампенсацыю рэпрэсіяў беларускім палітвязням? Якія патрэбы для іх першачарговыя ?

Дапамога сем’ям зняволеных – больш пільная патрэба

Кіраўнік ініцыятывы «By_help» і сузаснавальнік фонду «BYSOL» Аляксей Лявончык сказаў «Белсату», што знайсці палітвязням нейкую кампенсацыю за час у няволі – маральна правільна ў тэорыі. На практыцы ж ён бачыць больш пільнай патрэбай дапамогу палітвязневым сем’ям.

Аляксей Лявончык. Варшава, Польшча. 16 верасня 2022 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

«Я абедзвюма рукамі падтрымліваю і ідэю кампенсаваць палітвязням час у турме, і падтрыманне сем’яў цяпер, але рэалістычна можна пакуль падтрымліваць толькі сем’і цяпер, – мяркуе ён. – Што да кампенсацыі за час у турме, больш рэалістычна гэта будзе, калі ў Беларусі зменіцца ўлада».

Родныя палітвязняў пазбавіліся блізкага чалавека, які, магчыма, быў крыніцай даходу сям’і, і мусяць плаціць адвакатам, ездзіць да зняволеных і збіраць перадачы, без якіх у няволі галаднавата, пераалічыў ён тэрміновыя патрэбы сем’яў палітзняволеных. З памерам беларускіх заробкаў гэта нялёгка, а на дадатак да гэтага некаторых пазбаўляюць працы праз сувязь з палітвязнем – «чорныя спісы» існуюць і працуюць, адзначае Лявончык.

Ён бачыць шэраг цяжкасцяў з тым, каб адкладаць грошы на час, калі палітвязень выйдзе на волю. Перадусім, невядома, калі чалавека вызваляць. Калі чалавек асуджаны на даўжэзны тэрмін (палітычныя прысуды на больш як 10 гадоў – не рэдкасць), то адкладзеныя грошы за гэты час страцяць вартасць. Донары наўрад ці пагодзяцца даваць сродкі фонду, дзе грошы будуць проста ляжаць, дый простыя беларусы больш ахвотна даюць грошы на тое, што трэба тут і цяпер.

Можна было б збіраць не грошы, а камітмэнты – абяцанні выплаціць пэўную суму ў пэўным выпадку, але ёсць небяспека, што цяпер на нейкім уздыме донар пагодзіцца, а калі палітвязень выйдзе на волю, акалічнасці ў донара зменяцца. Можна было б зрабіць нейкае траставае кіраванне фондам, кудысьці інвеставаць сродкі, каб яны «працавалі» і не гублялі вартасці, але няма пэўнасці, што на такое будуць даваць грошы.

Замест новага фонду лепей зладзіць кааліцыю фондаў

Кіраўнік фонду «BYSOL» Андрэй Стрыжак кажа, што хоць ідэя Пракоп’ева можа быць добрай, у яго паўстае да яе шмат пытанняў: як будзе кіравацца такі фонд, як набяруць кіраўнікоў, як здабудуць сродкі на кіраванне, у якой краіне будзе ён базавацца і ў якой адкрыецца рахунак?

Андрэй Стрыжак. Вільня, Літва. 20 траўня 2021 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

«Як практык кажу: толькі на фармальныя акалічнасці гэтай справы можа пайсці ў найлепшым выпадку ад трох да шасці месяцаў», – адзначае Стрыжак.

Ён дадае, што сёння дэ-факта існуе кааліцыя арганізацыяў, што стала працуюць на падтрыманне палітвязняў, каардынуюцца і камунікуюць. Стрыжак пералічвае: «Вясна», Politzek.me, «Dissident.by», «BYSOL», «By_help», «INeedHeplBy», фонд «Страна для жизни»… На ягоную думку, варта ствараць не новы фонд і новую структуру, а працаваць над кааліцыяй ці асацыяцыяй наяўных арганізацыяў. Тады дзеянні фонду будуць больш зразумелыя ўдзельнікам гэтага поля, можна будзе пазбегнуць патэнцыйных інфармацыйных маніпуляцыяў накшталт «вунь Офіс Ціханоўскай новы суперфонд прыдумаў сабе».

Ідэя з фондам, пра які казала Ціханоўская, не ў тым, каб пераразмеркаваць сродкі, якія ўжо ёсць, а ў тым, каб мець выхад на новыя рэсурсы. Ідэя ўзнікла, бо дзяржавы, што могуць дапамагаць Беларусі, патэнцыйна маюць сродкі, якія можна вылучыць на дапамогу палітвязням, сем’ям палітвязняў і вызваленым ахвярам рэпрэсіяў. Калі ідэю рэалізуюць, фонды накшталт «BYSOL» працягнуць прыцягваць сродкі беларусаў на дапамогу палітвязням, а таксама з’явіцца дадатковая крыніца дапамогі.

Механізмы патэнцыйных донараў з розных краінаў часта «не заточаныя» на непасрэдную гуманітарную дзейнасць, адзначыў Стрыжак. Лявончык пры гэтым заўважыў, што розныя дзяржавы і інстытуты маюць розныя наборы патрабаванняў у кантролі грошай, таму трэба спачатку разумець, ад каго чакаць сродкі і якая будзе лагістыка.

Беларусы за мяжой маглі б на такое «скінуцца»

Бізнесовец, блогер і былы зняволены Аляксандр Кныровіч лічыць ідэю выплатаў палітвязням кампенсацыі рэпрэсіяў вельмі слушнай і разумнай, але з удакладненнем: калі яна ў прынцыпе можа быць зрэалізаваная на практыцы.

Александр Кнырович, бизнесмен, предприниматель, Варшава, Польшча
Аляксандр Кныровіч. Варшава, Польшча. 2 верасня 2022 года.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

«Мне здаецца, цудоўна было б, каб чалавек, які пацярпеў, меў магчымасць з гэтай кампенсацыяй пачаць жыццё наноў. А большасці з тых, хто пацярпеў такім чынам, насамрэч прыйдзецца пачынаць жыццё наноў», – тлумачыць ён.

Беларусы за мяжой, лічыць ён, маглі б сабраць грошы ў такі фонд, калі б давяралі яго празрыстасці, дый дастаткова вялікая колькасць беларускага бізнесу за мяжой магла б выдаткаваць такому фонду «не глабальныя, але рэальныя сумы». Інструменты для таго, каб сродкі не з’ела інфляцыя, існуюць – ёсць парадак размяшчэння грошай у нерызыкоўныя актывы, якія амаль кампенсуюць інфляцыю.

Кныровіч перакананы, што і беларускім зняволеным, і беларускім палітыкам мусяць плаціць самі беларусы. Тое, што беларусам хочуць дапамагаць іншыя дзяржавы, ён раіць успрымаць як часовую сітуацыю, якая некалі скончыцца. Колькасць беларусаў за мяжой ужо набліжаецца да насельніцтва Ісландыі, людзі працуюць і плацяць падаткі, яны здольныя збіраць дастатковыя сумы на беларускую палітыку за мяжой, на органы кіравання, на дапамогу палітвязням, «калі сапраўды дзеянні гэтых палітыкаў патрэбныя беларусам і гэтыя фонды патрэбныя беларусам».

Сам ён гатовы даваць на такое і больш за тыя тры еўры, але адзначае, што многія беларусы толькі пераехалі і яшчэ самі не ўладкаваліся. Ці трэба збіраць грошы на будучае вызваленне палітвязняў – або лепей скіраваць іх на дапамогу сем’ям зняволеных проста цяпер, пытанне найперш да сем’яў зняволеных і да саміх зняволеных, лічыць Кныровіч.

Што трэба самім палітвязням?

Два тыдні таму сваякі палітвязняў і былыя палітычныя зняволеныя напісалі адкрыты зварот пра тое, што для вызвалення палітвязняў робіцца недастаткова. Ідэю Пракоп’ева «Белсату» пракаментавала Вольга Івашына – прадстаўніца гэтага аб’яднання і падпісантка ліста, жонка зняволенага журналіста Дзяніса Івашына.

Вольга Івашына. 11 сакавіка 2022 года.
Фота: Белсат

Яна адзначыла, што першая мэта іхнага аб’яднання – як мага хутчэйшае вызваленне палітвязняў, а не фінансавая дапамога, але, вядома ж,  яны падтрымліваюць ідэю не кідаць вызваленых «на волю лёсу». Таму любы збор ці фонд на падтрыманне палітвязняў і іхных родных – гэта вельмі добрая ідэя.

«Як жонка палітвязня, я цудоўна ведаю, з якімі праблемамі, у тым ліку і фінансавымі, сутыкаюцца палонныя ды іхныя сем’і, – запэўнівае Івашына. – Таму добра, што знаходзяцца людзі, якія жадаюць займацца гэтым пытаннем і шукаюць шляхі для вырашэння падобных праблемаў».

Дапамога зняволеным патрэбная ўжо цяпер, калі тыя яшчэ за кратамі, лічыць яна. Гэтую дапамогу можна было б даваць сваякам з супольнага фонду.

Івашына сумняецца, што ва ўмовах вайны ва Украіне знойдзецца шмат дабрадзеяў з іншых краінаў – хоць яны могуць і знайсціся, але напаўняльнасць фонду будзе залежаць ад узроўню салідарнасці беларусаў, беларускай дыяспары.

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў