Пацыенты новай паліклінікі ў Берасці скардзяцца: амаль нічога не працуе, не хапае персаналу


Паліклініка № 5 у Берасці. Фота тэлеграм-каналу Аляксандра Рагачука

Будаўніцтва новага медычны цэнтру ў Берасці, якое пачалося напрыканцы 2019 года, улады гораду паказвалі як найважнейшы сацыяльны праект. Грошы вылучылі з абласнога бюджэту і дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмы.

Мясцовыя чыноўнікі неаднаразова падкрэслівалі, што будаўніцтва пачалося на асабістае даручэнне Лукашэнкі. У выніку паўстаў медычны цэнтр, на базе якога адкрылася дарослая паліклініка № 5 і дзіцячая № 3. Медычны цэнтр павінен быў адкрываць Лукашэнка, пачатак працы пераносілі, але самаабвешчаны прэзідэнт так і не прыехаў. Адкрылі без яго.

Дзякуючы зладжанай і інтэнсіўнай працы будаўнікоў медцэнтр пачне функцыянаваць датэрмінова, на год раней за планаваны тэрмін – напісаў у «Тэлеграме» старшыня Берасцейскага гарвыканкаму Аляксандр Рагачук. А пазней адзначыў, што паліклінікі ўкамплектаваныя ў поўным аб’ёме новым сучасным медычным абсталяваннем.

Паліклініка № 5 у Берасці. Фота тэлеграм-каналу Аляксандра Рагачука

Дарослая паліклініка № 5 стала прымаць пацыентаў 17 студзеня, і адразу паўстала шмат пытанняў. Самае актуальнае – вострая нястача дактароў і медсясцёр.

«Мяне перавялі ў новую паліклініку з іншай, і з першых дзён наведвання – поўная расчараванасць. Участковага доктара на месяц перавялі з іншай паліклінікі, мой участковы звольніўся і зʼехаў за мяжу. Дактары нейкія нервовыя, бо, думаю, на іх павесілі зашмат працы», – кажа «Белсату» адзін з пацыентаў паліклінікі.

Яшчэ адзін наведнік медычнай установы адзначае: «Прыйшоў зрабіць флюараграфію і УГД, але не змог. Апараты ў паліклініцы ёсць, але працаваць на іх няма каму».

Нашая чытачка кажа, што хацела трапіць да эндакрынолага, але ў новай паліклініцы пакуль такога спецыяліста няма.

Мясцовыя ўлады спрабуюць пераадолець праблему вострай нястачы кадраў. Да прыкладу, прапаноўваюць працу пенсіянерам, пра гэта распавяла «Белсату» адна з нашых чытачак:

«Да пенсіі працавала медсястрой у хірургіі, але на мінулым тыдні патэлефанавалі і прапанавалі працу ў новай паліклініцы. Я падумала і адмовілася. Мабыць, у іх справы зусім дрэнныя, калі пачалі абзвоньваць пенсіянераў».

Hавiны
У асобных раёнах да 50 вакансіяў дактароў. Паглядзелі, дзе найбольш катастрафічная сітуацыя з медыкамі
2021.12.29 15:35

АЛ, belsat.eu

Стужка навінаў