«Можна трапіць у турму». Уцекачы не могуць развітацца з памерлымі роднымі ў Беларусі


Тысячы беларусаў вымушаныя праз пераслед у сваёй краіне выехаць за мяжу. І некаторыя паўсталі перад страшным выбарам: пасля смерці родных або вяртацца, з разуменнем, што іх затрымаюць, або застацца за мяжою і не мець магчымасці развітацца. У такую сітуацыю трапіла журналістка Марыя Малевіч, якая цяпер за мяжою з сям’ёй. Раней сілавікі затрымалі проста на мяжы Іллю Вайцяховіча.

Фото REUTERS/Vasily Fedosenko/Forum

Журналістка Марыя Малевіч цяпер за мяжою. Разам з сямʼёй яна вымушана пакінула краіну праз пераслед.

«Мой муж фігурант крымінальнай справы, і мы пра гэта дакладна ведаем. Адносна сябе я не магу гэтага сказаць на 100 %, паколькі не маю нейкіх папераў, якія б сведчылі або абвяргалі гэта. Таксама ж у Беларусі няма ўстановы, куды я магу звярнуцца і праверыць, ці зʼяўляюся я фігурантам крымінальнай справы. Але ў нашым доме, а таксама ў доме маіх бацькоў сілавікі зладзілі ператрусы, пасля таго, як мы выехалі з Беларусі. Я не ведаю, у якой справе ладзілі ператрус у кватэры маіх бацькоў», – распавядае «Белсату» Марыя.

Ужо за мяжой Марыя даведалася пра тое, што памёр ейны тата. Перад сям’ёй паўстаў страшны выбар.

«Мы даведаліся, што майму тату стала кепска і ён патрапіў у кому ў панядзелак, а памёр у аўторак раніцай. І яшчэ калі было спадзяванне, што бацька будзе жыць, што ягоны стан палепшыцца, то першай думкай было ехаць дадому. Яшчэ раз нагадаю, майму тату стала кепска ў панядзелак, а вось днём раней у Беларусі затрымалі Іллю Вайцяховіча, які ехаў на пахаванне да бацькі. І ў выніку мая мама катэгарычна сказала, каб мы не ехалі. І мы ўрэшце таксама прынялі такое рашэнне. Але ў любым выпадку разглядалі варыянт паехаць праз Расею, каб не перасякаць беларускай мяжы. Але пасля разважанняў і размовы з мамай усвядомілі, што гэта ўсё не мае сэнсу», – кажа журналістка.

Hавiны
На мяжы затрымалі сына бізнесмена Вайцяховіча, які ехаў на пахаванне бацькі
2022.01.16 08:58

Псіхатэрапеўты кажуць, што сітуацыя сапраўды надзвычай складаная. Калі глядзець на гэта з чалавечага гледзішча, то вядома, важна і хочацца прыехаць. Але калі паглядзець рацыянальна, без эмоцыяў, то ехаць праз мяжу катэгарычна нельга, кажа псіхолаг.

«Для бацькоў бяспека дзяцей – гэта галоўнае. І не важна, колькі гадоў дзіцяці, ці 10, ці 30, ці 50. Я магу параіць, каб не было адчування віны, мысліць рацыянальна. Трэба зразумець, што паездка ў Беларусь для тых, супраць каго распачалі справу, небяспечная. Можна трапіць у турму, і гэта разумеюць усе. Спадзявацца, што а раптам мяне абміне затрыманне, – гэта памылкова. Трэба пралічваць рызыкі, і на сітуацыю варта глядзець звонку. Бо калі мы пралічваем сітуацыю пад сябе, то не заўсёды гэта атрымліваецца абʼектыўна. Бо ў нас уключаюцца эмоцыі», – кажа псіхолаг.

Эксперт рэкамендуе разважаць пра сітуацыю не ў сваім асабістым выпадку, а пераносіць на іншых асобаў і глядзець на ўсё звонку. Варта паразважаць, што б сам рэкамендаваў у гэтым выпадку, але кожны чалавек сказаў бы, што пераязджаць мяжу не варта, гэта створыць пагрозу бяспецы. Насамрэч, такія тэмы даволі балючыя. І калі ў перспектыве сітуацыя зацягнецца, то такі страшны выбар паўстане перад даволі вялікай колькасцю людзей, кажа псіхатэрапеўт.

Аб’ектыў
Андрэй Мельнікаў: «Калі катаванням даецца зялёнае святло, рана ці позна яны выходзяць з-пад кантролю»
2021.05.26 22:48

Пры гэтым людзі, якія выехалі за мяжу, могуць і не ведаць пра тое, што супраць іх распачалі крымінальную справу. І даведацца гэта практычна немагчыма, кажа Міхаіл Кірылюк, юрыст, сябра КР, адказны за пытанні юстыцыі НАУ.

«Можна патэлефанаваць у МУС, але не факт, што вам скажуць праўду, можна накіраваць адвакацкі запыт, але зусім не факт, што міліцыянты распавядуць праўду. Увогуле, калі ўжо чалавек едзе, то мусіць усведамляць, што можна трапіць за краты, незалежна ад таго, ці ёсць крымінальная справа ці няма, а проста таму, што цябе лічаць пагрозаю для ўлады Лукашэнкі. А вось ці палічаць улады Лукашэнкі кагосьці канкрэтнага за пагрозу – пытанне да іх», – кажа Міхаіл Кірылюк.

У любым выпадку, арышт на мяжы, тым больш асобаў, якія едуць на пахаванне памерлых родных, – гэта таксама форма катавання, якую выкарыстоўваюць сілавікі, лічыць псіхатэрапеўт.

«Гэта паказальныя арышты. Рэч у тым, што гвалт заўсёды расце і павялічваецца. І такія паказальныя затрыманні сталі адной з кропак псіхалагічнага гвалту. Гэта метад псіхалагічнага ціску, застрашвання. Зразумела, што гэта за мяжою чалавечнасці, маральнасці, але сілавікі цяпер на вайне. А на вайне ўсе захады добрыя. І ілюзіі (а я часта кажу, што ілюзіі ёсць заменай рэальнасці) перашкаджаюць жыць, не даюць магчымасці рэальна ацэньваць сітуацыю. А далей будзе яшчэ горш, і маральна трэба быць да гэтага гатовым», – прагназуе псіхатэрапеўт.

Hавiны
Пінчука, які вяртаўся з Польшчы, затрымалі на мяжы і змясцілі ў ізалятар
2022.01.26 13:06

АК belsat.eu

Стужка навінаў