Расейца пачалі судзіць за хакерства ў гульнях «Wargaming»


Гэта першы выпадак, калі ў Расеі прыцягваюць да крымінальнай адказнасці за несанкцыянаванае ўмяшальніцтва ў відэагульні. Пачалі з хакера, які нашкодзіў беларускай кампаніі.

Постэр відэагульні «World of Tanks». Выява: worldoftanks.ru

Расейскае выданне «КоммерсантЪ» расказала пра першы ў Расеі прэцэдэнт прыцягнення да крымінальнай адказнасці за шахрайскія праграмы ў відэагульні: жыхара Екацярынбургу Андрэя Кірсанава будуць судзіць за ўмяшальніцтва ў гульні «World of Tanks» і «World of Warships» кампаніі «Wargaming», што мае беларускія карані.

Паводле выдання, яго судзяць за стварэнне ботаў і так званых чытарскіх праграмаў: або мець несправядлівыя перавагі над праціўнікам, як то аўтапрыцэл, або наогул не гуляць самому, а даць праграме ваяваць замест гульца і здабываць узнагароды.

У онлайн-гульнях гэта важна, бо махляр гуляе з жывымі людзьмі, якім не падабаецца несправядлівая перавага праціўніка. Да таго ж, гульні «Wargaming» бясплатныя і зарабляюць на тым, што гульцы самі добраахвотна плацяць за віртуальныя прадметы, якія не ўплываюць на баланс у баі. Распрацоўнікі змагаюцца з шахрайскімі праграмамі, бо калі такіх будзе зашмат, звычайныя гульцы страцяць зацікаўленасць у гульні – і перастануць купляць віртуальныя прадметы.

Гісторыі
Пазоў ад «Microsoft» і крадзяжы на 1 мільярд долараў: гісторыі затрымання беларускіх хакераў
2021.11.03 16:44

Менавіта ад дзеянняў Кірсанава «Wargaming» ацаніў шкоду ў 670 млн расейскіх рублёў – каля $ 9 млн. Сам ён атрымліваў прыбытак з праграмаў – кошт пакету праграмаў складаў ад 25 да 2125 расейскіх рублёў (ад $ 0,34 да $ 29) у залежнасці ад колькасці баёў, у якіх актывуюцца праграмы.

Кірсанава выявілі пасля праверачнай закупкі, спачатку выклікалі на допыт у якасці сведкі, а затым зрабілі падазраваным. Ён спачатку прызнаўся віну і пакаяўся, але на першым паседжанні адмовіўся ад паказанняў і прызнання. 27 снежня яго маюць пачаць судзіць у агульным парадку. Мужчына цяпер пад падпіскай аб нявыездзе.

Раней у Расеі паводле артыкулу за «Стварэнне шкодных камп’ютарных праграмаў» (ч.2 арт. 273 КК РФ) судзілі пераважна тых, хто падбіраў паролі карыстальнікаў да розных інэтрнэт-рэсурсаў, пакаранні звычайна былі ўмоўнымі або ў выглядзе штрафу.

Навінаў аб судах за стварэнне чытарскіх праграмаў ці ботаў для гульняў не ўдалося знайсці. Аднак за ўзлом пароляў у Беларусі судзілі неаднаразова, у тым ліку і за «згон танка» ў гульца ў «World of Tanks».

Артыкулы
«Кібер-партызаны» распавялі, як здолелі атрымаць доступ да базаў звестак рэжыму
2021.08.25 10:00

АА belsat.eu

Стужка навінаў