Міліцыянт вырашыў, што падпіска была «з мэтай распаўсюду». Суддзя пагадзілася і выпісала штраф у 580 рублёў і канфіскацыю тэлефона.
Аперупаўнаважаны калінкавіцкага крымінальнага вышуку маёр Дзмітрый Мішкевіч накіраваў начальніку мясцовага аддзелу МУС данос на настаўніцу-дэфектолага дзіцячага садку Вікторыю Яшчанку, расказвае «Палеская Вясна».
Маёр напісаў, што Яшчанка нібыта неаднаразова брала ўдзел у масавых пратэстах у жніўні 2020 года, а таксама данёс, што ейная старонка ў Instagram падпісаная на «Белсат», а таксама на іншыя «супольнасці апазіцыйнага напрамку»: «Страна для жизни», «Nexta», «Баста», Tut.by і іншыя.
У падпісцы сілавік пабачыў прыкметы правапарушэння – «Распаўсюду экстрэмісцкіх матэрыялаў» (арт. 19.11 КаАП РБ), а то і крыміналу – «Удзелу ў экстрэмісцкім фармаванні» (арт. 361.1 КаАП РБ).
Участковы капітан Ілля Фралоў, які збіраў звесткі пра настаўніцу, сцвярджаў у пратаколе, што яна не проста падпісалася на недзяржаўныя медыі, а «захоўвала з мэтай распаўсюду» прадукцыю медыяў. З чаго ён зрабіў такую выснову, у пратаколе не пазначана.
24 снежня ў судзе Калінкавіцкага раёну суддзя Святлана Кугейка пастанавіла аштрафаваць Яшчанку на 580 рублёў і канфіскаваць у яе мабільны тэлефон. Яшчанка не прызнала віну і адзначыла, што ў матэрыялах справы няма доказаў таго, што яна «захоўвала з мэтай распаўсюду».
Паводле беларускіх законаў, падпіска на каналы ці суполкі, якія беларускія ўлады называюць «экстрэмісцкімі матэрыяламі» і нават «экстрэмісцкімі фармаваннямі», не мусіць карацца. А караецца або распаўсюд «экстрэмісцкіх матэрыялаў», або ўдзел у дзейнасці «экстрэмісцкага фармавання» ці спрыянне гэтай дзейнасці. Ды байцы ГУБАЗіК неаднаразова пагражалі, што за адну толькі падпіску будуць ладзіць ператрусы, якія фактычна ператвараюцца ў пагромы і пасля якіх нярэдка арыштоўваюць за «непадпарадкаванне».
АА belsat.eu