Гарбата з чабору, куркума-латэ ці глінтвейн – што лепш ад прастуды? Наш топ-5 смачных і карысных напояў


Надышоў час цёплых шкарпэтак, рукавіцаў, пледаў і гарачых напояў у вялікіх кубках, якімі гэтак прыемна сагравацца пасля шпацыру на халодным восеньска-зімовым паветры. А што піць, каб было не толькі цёпла і смачна, але і карысна? Каб падвысіць устойлівасць арганізму перад сезоннымі вірусамі ці хутчэй акрыяць, калі ўберагчыся ад прастуды не ўдалося? Глядзіце наш топ-5 такіх напояў.

  1. Гарбата з імбірам, лімонам, мёдам, перцам

Цёплая гарбата – універсальны напой, якім можна сагрэцца, а таксама суняць сімптомы прастуды – боль у горле, кашаль, падвышаную тэмпературу, кепскае самаадчуванне.  Калі дадаць у гарбату такія крыніцы вітамінаў, як імбір, лімон ці мёд, яна зробіцца нашмат больш карыснаю ды яшчэ і вельмі смачнаю.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Freepik

Лімон багаты на вітамін С, які стымулюе імунную сістэму і паскарае працэс выздараўлення. Таксама гэты цытрусавы фрукт мае выразныя антысептычныя і бактэрыцыдныя ўласцівасці, бо ўтрымлівае эфірныя алеі, пектыны і фітанцыды. Аднак трэба ведаць, як правільна дадаваць лімон у гарбату – нельга класці долькі ў кіпень, бо высокая тэмпература вады знішчыць усе карысныя якасці. Гарбата павінна быць гарачая, аднак не кіпнем – такою, каб яе можна было адразу піць.

Вельмі карысная гарбата з мёдам, які ўтрымлівае практычна ўсе вядомыя вітаміны, а таксама неабходныя арганізму мінералы, мікраэлементы і ферменты. Мёд таксама трэба дадаваць у не вельмі гарачую гарбату, каб ён захаваў свае карысныя якасці.

Імбірны корань – яшчэ адна прыродная крыніца вітамінаў. Ён мае бактэрыцыдныя, патагонныя, болеспатольныя, антыаксідантныя якасці. Імбір дапамагае змагацца з кашлем, бо добра ачышчае верхнія дыхальныя шляхі.

У гарбату можна дадаваць адразу тры гэтыя складнікі – лімон, мёд і імбір, а можна прыгатаваць з прыправамі ці цытрусавы ўзвар.

  • Гарбата з мёдам і прыправамі

На 3–4 лыжачкі зялёнай гарбаты трэба дадаць палову лыжачкі цынамону, крышачку молатага мускатнага арэха, адну зорачку анісу і ўсё гэта запарыць дзвюма шклянкамі кіпеню. Настаяць 8–10 хвілінаў. Затым пераліць у рондаль, дадаць дробна парэзаны свежы імбір (10–15 грамаў), два кавалачкі лімона і давесці да кіпення. Зняць з агню, працадзіць праз падсітак і яшчэ раз развесці кіпнем. Калі напой крыху астыне, будзе цёплым, а не гарачым, дадаць у яго лыжачку мёду.

  • Цытрусавы ўзвар

Гэты напой – проста скарбніца вітаміну С, неабходнага ў барацьбе з вірусамі і для ўзмацнення імунітэту. Каб яго прыгатаваць, трэба ўзяць 3–4 лыжачкі чорнай ліставой гарбаты, засыпаць у імбрык, дадаць 5 гваздзікоў, заліць 1,5–2 шклянкамі кіпню і настаяць 10–15 хвілінаў. Потым пераліць у рондаль, дадаць 2 кружочкі лімона, 2 – апельсіна, 2 – лайма і на слабым агні давесці да кіпення. Разліць па кубках і піць.

У гарбату можна дадаць таксама перац. Такі напой папулярны ва Узбекістане, называецца ён мурч-чой. Гатаваць яго проста: у добра прагрэты імбрык трэба насыпаць 1–2 лыжкі чорнай гарбаты, пакласці 5–7 гарошынаў чорнага перца, заліць кіпнем і даць настаяцца 3 хвіліны. Такая гарбата сагравае ссярэдзіны і асабліва пасуе, калі здарылася змерзнуць ці трапіць пад халодны дождж. Але піць яе трэба асцярожна – нельга на галодны страўнік.

  1. Малако з мёдам, часныком, кардамонам, куркумай, імбірам

Малако – яшчэ адзін універсальны напой, у які можна дадаваць розныя складнікі, каб зрабіць яго яшчэ смачнейшым і карыснейшым.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Freepik

Самы папулярны і безумоўна вельмі смачны варыянт – гарачае малако з мёдам. Такі напой змякчае горла, здымае боль пры глытанні. Важна: малако павінна быць не вельмі гарачым, бо пры высокай тэмпературы мёд страчвае карысныя якасці. У малако з мёдам можна дадаць кавалачак імбіру.

Таксама вядомыя народныя рэцэпты напояў ад прастуды, калі ў малако дадаюць свежы часнык – ён мае антысептычныя ўласцівасці, стымулюе лейкацыты да барацьбы з вірусамі і мікробамі.

А вось у індыйскай медыцыне сродак на ўсе прастуды – куркума, і менавіта яе дадаюць у малако. Рэцэпт такога напою просты: гарачае малако, крыху куркумы, імбір, кардамон і лыжка мёду. Піць можна як у прастуду, гэтак і для прафілактыкі ў халодны сезон. Малако з куркумаю цяпер можна сустрэць і ў кавярнях, завецца яно – куркума-латэ.

  1. Малінавая гарбата

Малінаваю гарбатай ад прастуды нас лекавалі нашыя бабулі. Маліны ўтрымліваюць вітаміны, мікраэлементы, арганічныя кіслоты, у прыватнасці саліцылавую, дзякуючы чаму маюць жарапаніжальныя ўласцівасці. Менавіта таму гэтыя ягады такія папулярныя ў народных спосабах лекаваць прастуду.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: zav-club.com

Малінавая гарбата можа быць розная. Самы просты рэцэпт – нават не гарбата, а морс, калі кіпнем разводзяць малінавае варэнне ці свежыя перацёртыя ягады. А каб атрымаць менавіта гарбату, трэба заварыць сухія ягады, лісты і – што самае карыснае – галінкі кустоў маліны, маліннік.

Агулам жа гарбаты пры прастудзе, а таксама для ўзмацнення імунітэту і прафілактыкі п’юць з розных ягадаў, якія можна сустрэць на любым гародзе і ў лесе: абляпіхавую, рамонкавую, з шыпшыны (утрымлівае жалеза, вітамін С, што карысна не толькі ад прастуды, але і ад восеньскай ды зімовай стомленасці і хандры), журавінаў (скарбніца вітамінаў і мікраэлементаў, выводзіць з арганізму шкодныя рэчывы, зніжае тэмпературу).

Напрыклад, можна прыгатаваць абляпіхавую вострую гарбату: 200 грамаў ягадаў абляпіхі і 30 грамаў нацёртага імбіру заліць невялікім аб’ёмам кіпеню, змалоць міксерам і працадзіць праз падсітак. Потым дадаць сок двух апельсінаў, 100 грамаў мёду, паўлыжачкі цынамону, заліць літрам кіпеню, размяшаць, даць настаяцца некалькі хвілінаў і піць.

  1. Зёлкавая гарбата (ліпавая, чабаровая)

Адна з самых папулярных зёлкавых гарбатаў ад прастуды – ліпавая. Адвар з сухіх кветак ліпы зрабіць вельмі проста: заліць іх вельмі гарачаю вадою (90–95 °С), настаяць цягам 30 хвілінаў. Можна дадаць мёд, цукар, змешваць з зялёнай ці чорнаю гарбатаю. Піць яго карысна пры прастудзе, бранхіце, высокай тэмпературы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: botanichka.ru

Рабіць гарбату можна і з іншых беларускіх зёлак. Напрыклад, з чабору. Такі напой паляпшае метабалізм, мае антыбактэрыйныя, антысептычныя і антымікробныя якасці. Вельмі смачная гарбата з чаборам і мятаю. Каб яе зрабіць, трэба ў добра прагрэты імбрык пакласці сушаныя лісты чабору, мяты, чорных парэчак, некалькі ягадаў ядлоўцу, крыху молатага кардамона. Заліць кіпнем, даць настаяцца 10 хвілінаў і піць.

  1. Глінтвейн

Глінтвейн, ці гарачае віно – гэта не толькі смачны, папулярны, але і вельмі карысны ды эфектыўны як для прафілактыкі, гэтак і для лекавання прастуды напой. У глінтвейн звычайна кладуць такія крыніцы разнастайных вітамінаў, як лімон, апельсін, гваздзік, кардамон, мускатны арэх. Гваздзік мае бактэрыцыдныя і антысептычныя ўласцівасці, утрымлівае вітаміны групы В, якія добра ўплываюць на нервовую сістэму, падвышаюць устойлівасць арганізму перад стрэсамі. Мускатны арэх – добры танізавальны сродак. Віно для глінтвейну лепш браць чырвонае сухое («Мэрлё», «Кабэрнэ Савіннён») ці паўсалодкае – добра будуць пасаваць грузінскія «Сапераві», «Кіндзмараулі», «Хванчкара».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Freepik

Піць глінтвейн найлепш перад сном, і тады раніцаю вашае самаадчуванне будзе нашмат лепшае.

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў