Каронавірус надалей забівае беларусаў, хоць чацвёртая хваля ідзе на спад


Чацвёртая хваля каронавіруса ў Беларусі паступова ідзе на спад. Медыкі ў размове з «Белсатам» прызнаюць, што пацыентаў у шпіталях паменшала. Але надалей у больніцах медыкі фіксуюць шмат ахвяраў каронавіруса. Шпіталізавалі і шмат дзяцей.

Хуткая дапамога ў Барысаве, Беларусь. 10 кастрычніка 2021 года.
Фота: Белсат

Колькасць інфікаваных каронавірусам, адпаведна і колькасць хворых у шпіталях, паступова пачынаюць зніжацца. Дактары ў размове з «Белсатам» кажуць, што абумоўлена гэта пераважна тым, што вялікая колькасць людзей перахварэла. Незалежная платформа для сацыялагічных даследаванняў Беларусі на падставе апытання «Народного опроса» прыйшла да высновы, што ў нашай краіне перахварэў 51 % грамадзянаў.

Дадаецца да змяншэння колькасці інфікаваных і тое, што беларусы пачалі больш актыўна рабіць прышчэпкі.

Каронавірус цяпер небяспечны і для дзяцей

Адметнасцю чацвертай хвалі каронавіруса стала тое, што цяпер у шпіталях даволі шмат дзяцей. Гэтак, у рэанімацыі ў Баранавічах 10-гадовы хлопчык, за жыццё якога змагаюцца медыкі. Прычым, як кажуць спецыялісты, сімптомы ў школьніка такія ж, як і ў дарослых. Каронавірус праявіўся ў тым, што ў хлопчыка пайшлі ўскладненні на ўнутраныя органы.

«Дзеці хварэюць, бо штам Дэльта адбіваецца сярод іншага і на імуннай сістэме дзяцей. У дзяцей захворванне працякае пераважна з высокай тэмпературай і хвалепадобна», – на ўмовах ананімнасці каментуе «Белсату» сітуацыю доктар.

У заходніх краінах медыкі заклікаюць рабіць прышчэпкі і дзецям.

Hавiны
І што, калі я захварэю? 10 самых важных фактаў пра каронавірус
2021.11.01 11:42

Ахвяраў менш не становіцца

Але нягледзячы на лёгкі аптымізм, медыкі надалей канстатуюць, што ў больніцах шмат пацыентаў памірае. Колькасць ахвяраў нашмат большая, чым даецца ў афіцыйнай статыстыцы Мінздароўя. Прычым відавочцамі смерцяў становяцца нават пацыенты ў лякарнях.

«Я захварэў на COVID-19, наведаўся ў шпіталь у Берасці. Пакуль стаяў у чарзе да доктара, жанчыне стала вельмі кепска. Дактары прапанавалі жанчыне прылегчы ў калідоры, пачакаць чаргі. Тая легла на ложак. А праз некаторы час, калі медыкі прыйшлі да яе, аказалася, што жанчына памерла. Гэта проста жах», – распавёў «Белсату» жыхар Берасця.

Медыкі ў Telegram-канале «Белые халаты» паведамляюць, што толькі 20 лістапада за дзень памерлі 5 пацыентаў з каронавірусам у Чэрвені, а ў 10-й Гарадской клінічнай больніцы (ГКБ) Менску – 6 пацыентаў.

«У 1-й ГКБ з 1 лістапада да 21 лістапада (за тры тыдні) памерлі 99 пацыентаў з каронавіруснай інфекцыяй. У 1-й ГКБ пад ковід выдзелілі тры аддзяленні і адну рэанімацыю. Аддзяленні загружаныя цяпер прыкладна па 55–57 чалавек, у рэанімацыі – яшчэ каля 20–22 пацыентаў з каронавіруснай інфекцыяй. З пачатку працы ў 1-й ГКБ інфікаваныя каронавірусам падчас чацвёртай хвалі ў перапрафіляваных пад ковід аддзяленнях памерлі агулам 297 пацыентаў», – пішуць медыкі.

Паводле афіцыйнай статыстыкі, за ўвесь перыяд пандэміі ў Беларусі памерлі 4979 пацыентаў. Медыкі абяцаюць, што неўзабаве збяруць звесткі і параўнаюць іх з гэтымі лічбамі ад Мінздароўя.

Інтэрв’ю
Прафесар Універсітэту Гётэ – пра ўплыў вакцынацыі на статыстыку смяротнасці і будучыню пандэміі каронавіруса
2021.11.19 07:30

СК belsat.eu

Стужка навінаў