У Крыме ліквідаваны камандуючы Чарнаморскім флотам РФ і яшчэ 33 афіцэры


У выніку абстрэлу штабу Чарнаморскага флоту РФ у акупаваным Севастопалі загінулі 34 афіцэры. Сярод загінулых – камандуючы Чарнаморскім флотам Расеі, адмірал Віктар Сакалоў, гаворыцца ў заяве Сілаў спецыяльных аперацыяў ЗСУ.

Дым над будынкам штабу Чарнаморскага флоту Расеі ў Севастопалі пасля ракетнай атакі ЗСУ 22 верасня 2023 года. Крыніца: krymr.com

Акрамя загінулых, ёсць 105 параненых.

«Абноўленая інфармацыя пра страты непрыяцеля ў выніку правядзення спецаперацыі ССА ў знішчэнні вялікага дэсантнага карабля «Менск» і штабу ЧФ РФ. Пасля паразы штабу ЧФ РФ загінулі 34 афіцэры, сярод іх – камандуючы ЧФ РФ. Яшчэ 105 акупантаў былі параненыя. Будынак штабу не падлягае аднаўленню», – сцвярджае прэс-служба ССА.

Таксама ў ССА сцвярджаюць, што ўсе 62 чальцы экіпажу карабля «Менск» таксама загінулі падчас атакі 13 верасня. Аднак ССА нічога не згадваюць пра субмарыну «Растоў-на-Доне», якая ў той дзень таксама атрымала пашкоджанні.

Аналітыка
Без «Масквы» і «Менску». Што засталося ад Чарнаморскага флоту РФ пасля 1,5 года вайны?
2023.09.18 08:00

Расейскі бок пакуль не каментуе гэтага паведамлення. Пацвердзіць ці зняпраўдзіць інфармацыю праз іншыя крыніцы пакуль немагчыма.

У першы дзень атакі начальнік Галоўнага ўпраўлення выведкі Украіны Кірыла Буданаў не пацвярджаў факту гібелі камандуючага Чарнаморскім флотам Расеі Віктара Сакалова. Тады ён сцвярджаў, што сярод параненых – камандуючы расейскай групоўкай на Запарожскім кірунку генерал-палкоўнік Аляксандр Раманчук (у крытычным стане), а таксама начальнік штабу генерал-лейтэнант Алег Цэкаў (у непрытомнасці).

Нагадаем, 22 верасня Збройнымі сіламі Украіны па штабе Чарнаморскага флоту ў Севастопалі быў нанесены ракетны ўдар, будынак меў значныя разбурэнні, узнік пажар. Украіна атакавала штаб, калі атрымала інфармацыю пра прысутнасць там расейскіх камандзіраў. Гэтаму папярэднічалі напады на расейскія сістэмы СПА ў Крыме. Паведамлялася, што ўдар быў нанесены дальнабойнымі ракетамі «Storm Shadow».

У Мінабароны Расеі спачатку заявілі, што ахвяраю абстрэлу стаў адзін вайсковец, але потым удакладнілі: ён не загінуў, а знік без звестак. У ведамстве таксама сцвярджалі, што СПА збіла пяць ракетаў падчас атакі.

Hавiны
У Севастопалі нанесены ўдар па штабе Чарнаморскага флоту
2023.09.22 15:58

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў