«Хочуць прыцягнуць грошы». «Беларусбанк» зніжае з 15% да 1% камісію на пераводы з-за мяжы


«Беларусбанк» пастанавіў рэзка знізіць камісію за некаторыя аперацыі. Напрыклад, за залічэнне на карткі пераводаў з-за мяжы будуць браць не 15% ад сумы, а 1%. Таксама касуецца ліміт на зняцце ў банкаматах гатоўкі з замежных картак у 500 рублёў на тыдзень. «Намагаюцца прыцягнуць грошы ў краіну», – мяркуе эканамістка Настасся Лузгіна.

Беларусбанк, банкомат, белорусские банки, деньги, сбережения, финансы
Людзі стаяць ў чарзе да банкамату «Беларусбанку». Менск, Беларусь. 25 ліпеня 2022 года.
Фота: Белсат

Найбуйнейшы ў краіне банк «Беларусбанк» знізіць камісію за некаторыя аперацыі. Новыя тарыфы набудуць моц 23 кастрычніка, гаворыцца ў паведамленні на сайце арганізацыі.

За перавод на картку «Беларусбанку» з карткі замежнага банку будуць браць 1% камісіі замест 15%. Гэта ж тычыцца грашовых пераводаў «Visa Direct» і «Mastercard MoneySend». Павышаная камісія трывала з леташняга чэрвеня.

Hавiны
«Беларусбанк» падвысіў камісію за некаторыя грашовыя пераводы з-за мяжы да 15%
2022.07.04 21:44

Акрамя таго, з 15% да 2,5% зменшыцца камісія за выдачу гатоўкі ў аддзяленнях «Беларусбанку» з картак «Мір», «Visa» і «Mastercard» замежных банкаў.

Больш за тое, нерэзідэнтам не давядзецца плаціць камісію за атрыманне пераводу без адкрыцця рахунку, а таксама за зняцце грошай са сваіх рахункаў і пераводы фізічным асобам. Цяпер за гэта спаганяюць 10%.

Яшчэ адзін бонус – касаванне лімітаў на зняцце гатоўкі ў банкаматах «Беларусбанку» з картак «Мір», «Visa», «Mastercard» і «UnionPay» замежных банкаў. З леташняга чэрвеня дзейнічала абмежаванне ў 500 беларускіх рублёў на тыдзень.

Hавiны
«Беларусбанк» уводзіць абмежаванні для картак «Мір»
2022.06.14 20:16

У кантакт-цэнтры «Беларусбанку» не тлумачаць, чаму пайшлі на такі крок, спасылаючыся на тое, што не валодаюць такой інфармацыяй:

«Гэтага каментаваць не магу. Такой інфармацыі ў кантакт-цэнтры няма».

Старэйшая навуковая працаўніца даследчага цэнтру BEROC Настасся Лузгіна ў каментары «Белсату» растлумачыла, што такімі захадамі банк намагаецца прыцягнуць грошы з-за мяжы або прынамсі не перашкаджаць прыцёку валюты:

«Гэта можа быць звязана з тым, што з розных прычынаў менш грошай заходзіць у Беларусь. Адпаведна, такія захады робяць больш выгоднымі аперацыі ўнутры краіны. Такім чынам намагаюцца прыцягнуць або прынамсі не абмяжоўваць прыцёк грошай з-за мяжы і іхнае выдаткоўванне ўнутры Беларусі».

Лузгіна нагадала, што новыя камісіі і ліміты, якія тычацца картак замежных банкаў, уводзіліся на фоне ліхаманкі на валютным рынку пасля пачатку вайны ва Украіне. Цяпер сітуацыя больш-менш стабілізавалася.

«І на ўнутраным, і на расейскім рынку ажыятажу больш няма. Таму, імаверна, рызыкаў паменела, і «Беларусбанк» пастанавіў скасаваць абмежаванні. Яны не чакаюць, што расейцы будуць масава прыязджаць і здымаць гатоўку. Так, новыя камісіі тычацца картак усіх замежных банкаў, аднак у гэтым канкрэтным выпадку нас больш цікавяць расейцы», – сказала эканамістка.

Hавiны
«Swedbank» прыпыняе працу сваіх картак у Беларусі
2023.09.01 14:10

Да таго ж беларускія банкі пачалі пакрысе павышаць курс пакупкі расейскага рубля, звярнула ўвагу экспертка.

«Курс становіцца больш прывабным, такіх абмежавальных захадаў, калі ў банках быў аднолькавы і невыгодны курс пакупкі расейскага рубля, больш няма. Гэта можа быць звязана з тым, што расейскі рубель становіцца запатрабаваным у Беларусі з увагі на разлікі з Расеяй у расейскіх рублях», – мяркуе Лузгіна.

Яна не выключае, што ўслед за «Беларусбанкам» іншыя беларускія банкі зменшаць камісіі і скасуюць ліміты – гэтак жа, як сёлета па чарзе павышалі тарыфы, і калі не будзе новых узрушэнняў, значных зменаў чакаць не варта.

«Пакуль нічога не прадракае катаклізмаў, але ўсё будзе залежыць ад валютнага і манетарнага рынку ў Расеі – гэта будзе ўплываць і на беларускі рынак ды паводзіны беларускіх банкаў. Мяркую, што бліжэйшым часам некаторыя банкі таксама палепшаць умовы і знізяць камісіі, калі яны былі падвышаныя», – падсумавала эканамістка цэнтру BEROC.

Hавiны
Сэрвісы пераводу грошай заскочылі ў апошні вагон, каб застацца ў Беларусі
2023.08.31 19:12

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў