Статыстыка кажа пра рост выяўлення новых выпадкаў ВІЧ у Беларусі. Тлумачым, што адбываецца


У 2022 годзе Рэспубліканскі цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя (РЦГЭiГЗ) адзначае рэзкі рост захворвання на ВІЧ. Тлумачым, што стаіць за звесткамі ўстановы.

Паводле афіцыйных даных, за 2021 год паказнік захворвання на ВІЧ у Беларусі быў на ўзроўні 2020-га. Рэзкі скачок новых выпадкаў ВІЧ адбыўся ўжо ў самым пачатку 2022-га. Гэтак, паводле звестак РЦГЭiГЗ, у студзені – лютым 2022 года паказнік захворвання на 30 % перавысіў узровень аналагічнага перыяду 2021-га.

Аднак затым узровень захворвання паступова пачаў зніжацца. У выніку ў студзені – траўні паказнік перавысіў узровень аналагічнага перыяду 2021 года толькі на 14,5 %. Таксама рост, але ўсё ж не такі моцны.

Наркотыкі ці палавы шлях?

«Так, насамрэч ёсць нязначнае павелічэнне зноў выяўленых выпадкаў. Гэта звычайная сітуацыя, бо ў нас займае галоўныя пазіцыі палавы шлях перадачы», – патлумачылі карэспандэнту «Белсату» ў РЦГЭiГЗ, куды мы звярнуліся як звычайныя грамадзяне.

Менавіта палавым шляхам перадачы, калі «людзі ўступаюць у множныя палавыя кантакты з шмат якімі палавымі партнёрамі і не карыстаюцца сродкамі абароны», патлумачылі ў цэнтры рост захворвання на ВІЧ. Пры гэтым, «калі ў вас сталы палавы партнёр, вы захоўваеце яму вернасць і ён вам таксама, то хвалявацца не варта», падкрэслілі ў РЦГЭiГЗ.

Праўда, звесткі цэнтру паказваюць зніжэнне ў 2022 годзе долі перадачы ВІЧ пры палавых кантактах і рост долі парэнтэральнага (унутрывеннага) шляху, характэрны для тых, хто ўжывае ўнутрывенна наркотыкі.

Біялагічныя аналізы ў лабараторыі. Ілюстрацыйны здымак: Pixabay

Так, за студзень – жнівень 2022 года ўдзельная вага асобаў, інфікаванне якіх адбылося палавым шляхам, склала 79,8 %, а доля парэнтэральнага шляху перадачы ВІЧ – 18,3 %. Для параўнання, за студзень – чэрвень 2021 года доля інфікаваных палавым шляхам была 84 % (+ 4,2 адсоткавага пункту), унутрывенна – 14,4 % (- 3,9 % а. п.). За студзень – чэрвень 2020 года лічбы складалі 83,8 % і 15,2 % адпаведна, што падобна да ўзроўню 2021 года, але адрозніваецца ад 2020-га. Гэта значыць, прыкметны рост долі ВІЧ-інфікаваных з дапамогай унутрывеннага шляху перадачы пры зніжэнні палавога.

«Хутчэй за ўсё, рост колькасці новых выпадкаў ВІЧ звязаны з аднаўленнем тэставання ў больш шырокіх аб’ёмах пасля COVID-19, як гэта было ў іншых краінах, а таксама з працягам распаўсюду на наркасцэне новых псіхаактыўных рэчываў і пераходам на іх інʼекцыйнае ўжыванне», – патлумачыў карэспандэнту «Белсату» Аляксей Лахаў, былы дырэктар развіцця фонду «Гуманітарнае дзеянне».

Афіцыйна ў 2021 годзе ўзровень захворвання не рос і заставаўся на ўзроўні 2020 года, але ў разрэзе па месяцах гэтая версія пацвярджаецца. У пачатку 2021 года ў Беларусі адзначаўся рэзкі спад выяўлення новых выпадкаў ВІЧ – адразу на 43,4 % за студзень – люты, але ўжо за студзень – жнівень гэты паказнік зраўняўся з узроўнем 2020-га.

Рост жа, фіксаваны ў 2022 годзе, мяркуючы з усяго, выкліканы нізкаю базаю мінулага года, адносна якой і адбываецца павелічэння колькасці новых выпадкаў ВІЧ.

Макар Мыш /ММ belsat.eu

Стужка навінаў