Сербія адмовілася прызнаваць «рэферэндумы» аб далучэнні частак Украіны да Расеі


Міністр замежных справаў Сербіі Ныкола Сэлакавіч заявіў 25 верасня, што ягоная краіна не можа прызнаць «рэферэндумы» на ўкраінскай тэрыторыі згодна са Статутам ААН, прынцыпамі і нормамі міжнароднага права. Ён таксама адзначыў, што гэта цалкам супярэчыла бы нацыянальным інтарэсам Сербіі і палітыцы захавання тэрытарыяльнай цэласнасці.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Выбаршчыкі самаабвешчанай «ДНР» на ўчастку для галасавання.
Фота: РИА Новости

На акупаваных Расеяй тэрыторыях Украіны з 23 верасня ладзяць «рэферэндумы» аб далучэнні да Расеі. Уладзімір Пуцін яшчэ 21 верасня сказаў, што прызнае вынікі гэтых «рэферэндумаў». Злучаныя Штаты, Вялікая Брытанія і краіны Еўразвязу адразу ж заявілі, што не прызнаюць гэтыя галасаванні. Прызнаваць іх тым больш не збіраецца Украіна.

Але і «сябры» Расеі не спяшаюцца прызнаваць «рэферэндумы».

Сербія – адна з нешматлікіх еўрапейскіх краінаў, якая не ўводзіла санкцыяў супраць Расеі. Але яна не збіраецца прызнаваць «рэферэндумы» ў тым ліку са спасылкай на захаванне тэрытарыяльнай цэласнасці. Гэта можа быць адсылкай да канфлікту вакол аддзялення Косава – прэзідэнт Сербіі нядаўна пытаў: у чым розніца між суверэнітэтам і тэрытарыяльнай цэласнасцю Украіны і Сербіі?

Вугоршчына, якая заклікае зняць санкцыі з Расеі і скардзіцца Крамлю на праблемы ад гэтых санкцыяў, пакуль не анансавала стаўлення да «рэферэндумаў».

Не было навінаў аб магчымым прызнанні «рэферэндумаў» і ад Сірыі і Паўночнай Карэі, якія раней прызналі незалежнасць «ДНР» і «ЛНР». Кітай, які часам залічваюць у «сябры» Расеі, выступіў за суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць Украіны. Турэччына, якую калісьці залічвалі ў «сябры» Расеі, не прызнае «рэферэндумы».

Невядома нават, ці прызнае гэтыя «рэферэндумы» Беларусь, якая з’яўляецца саўдзельнікам расейскага нападу на Украіну. Міністр замежных справаў Уладзімір Макей казаў у нядаўнім інтэрв’ю «France 24», што рашэнне аб гэтым будзе залежыць ад «нацыянальных інтарэсаў», а таксама адзначыў, што Беларусь «не будзе ўдзельнічаць у гэтай вайне» ва Украіне. Але вечарам 24 лютага самалёт Аляксандра Лукашэнкі паляцеў у расейскі Сочы, дзе Лукашэнка нярэдка праводзіў перамовы з Уладзімірам Пуціным.

Аналітыка
У «ДНР», «ЛНР» і акупаваных украінскіх рэгіёнах праходзяць рэферэндумы аб далучэнні да Расеі. Што пра іх вядома?
2022.09.23 11:32

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў