«Будзе пакрысе развязвацца». Іосіф Сярэдзіч тлумачыць, чаму працягвае выдаваць «Народную волю»


Сайт газеты газеты Народная Воля. Менск, Беларусь, 3 чэрвеня 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

«Народная воля» была, ёсць і будзе, запэўнівае галоўны рэлактар выдання Іосіф Сярэдзіч у размове з belsat.eu.

Ці вернецца папяровая версія?

Можа, магчыма адшукаць друкарню ў іншай краіне – напрыклад, у Малдове ці Эстоніі?

«Можна знайсці, але ёсць яшчэ такая перашкода, як межы, – тлумачыць Сярэдзіч «Белсату». – Не так проста ўсю перыёдыку два разы на тыдзень дастаўляць у Менск. Але будзем спадзявацца, што гэтую блакаду мы прарвём».

Ёсць надзея, што пры Аляксандру Лукашэнку сітуацыя зменіцца, ці так будзе да канца ягонага кіравання? На гэтае пытанне Сярэдзіч не мае адказу, але адзначае:

«Я не магу рабіць стоадсоткавага прагнозу, але тое, што змены адбудуцца і што яны не за гарамі, – гэта відавочна. Працуем і мы, журналісты, працуюць і астатнія насельнікі краіны: не можа такая сітуацыя быць замарожаная на доўгі час. Будзе пакрысе развязвацца».

Жанчына з нумарам газеты «Народная Воля» на маршы пенсіянераў. 2 лістапада 2020.
Фота: ТК / Белсат

Навошта выдаваць газету, калі ёсць Telegram-каналы?

На сёння фізічна ў Беларусі засталося не так шмат рэдакцыяў незалежных выданняў. Сярэдзіч пералічвае: «Новы час», «Onliner», «Народная воля»… А шмат якія рэдакцыі перабазаваліся ў суседнія краіны, як «Наша ніва» і TUT.by. Сярэдзіч згадвае і тое, што тры дзясяткі беларускіх журналістаў цяпер у няволі. Сітуацыя, кажа ён, вельмі вострая і трагічная.

Тым часам любы беларус можа завесці Telegram-канал, у якім неправераныя чуткі будуць выглядаць так жа, як сапраўдныя навіны. Які сэнс тады ад газеты, якую нават не даюць друкаваць?

«Мы ж прафесіяналы, мы выконваем сваю місію, – адказвае Сярэдзіч. – Мы не блогеры. Сёння адна рэч – прачытаць інфармацыю ў нейкай крыніцы, што адбылося тое і тое. Іншая рэч – зрабіць глыбокі аналіз, даць магчымасць людзям задумацца.

Нашыя калумністы, як Святлана Калінкіна, Міхась Скобла, Марына Коктыш, – гэта зусім іншая прадукцыя. Зусім іншы тавар мы прадаём. Нашыя чытачы зацікаўленыя ў гэтых матэрыялах менавіта з нашых крыніцаў. Мы атрымліваем інфармацыю тут, у Беларусі, асэнсоўваем яе, як кажуць, з першых рук.

Нашыя калегі за мяжою – малайчыны, яны працуюць, намагаюцца, імкнуцца дапамагчы. Але яны не маюць такой магчымасці: атрымаць інфармацыю тут з першых рук».

Галоўны рэдактар «Народнай Волі» Іосіф Сярэдзіч.
Фота: Радыё «Свабода»

«Народная воля» ўжо не мае магчымасці друкавацца на паперы, але працягвае выдаваць PDF-версію з газетнаю шыхтоўкай і публікаваць навіны на сайце. А рэдакцыя застаецца ў Беларусі, нягледзячы на небяспеку.

Газета «Народная воля» выходзіць з ліпеня 1995 года. Нязменны галоўны рэдактар Іосіф Сярэдзіч заснаваў гэтае выданне пасля таго, як Аляксандр Лукашэнка незаконным указам зняў яго з пасады галоўнага рэдактара парламенцкай «Народнай газеты». У 2005–2008 гадах «Народную волю» забаранялі распаўсюджваць праз дзяржаўную падпіску і шапікі – яе распаўсюджвалі «па-партызанску».

Пасля выбараў-2020 Беларускі дом друку адмовіўся друкаваць «Народную волю». Газету спрабавалі выдаваць у Маскве, але і маскоўская тыпаграфія разарвала дамову. У лістападзе 2020 года ў рэдакцыю «Народнай волі» прыходзілі невядомыя і забралі ўвесь наклад газеты. «Народную волю» тады вырашылі выдаваць толькі праз інтэрнэт, але ўрэшце знайшлі яшчэ адну друкарню ў Маскве, дый тая ўвесну 2021 года адмовілася выдаваць газету.

Hавiны
Пасля 30 дзён арышту карэспандэнтку «Народнай волі» адлічылі з БДУ
2021.06.29 14:17

«Народная воля» ўсё яшчэ не здаецца, але просіць падтрымаць яе: дапамагчы выданню можна, падпісаўшыся на PDF-версію газеты (выглядае дакладна так, як выглядала б друкаваная) або наўпрост праз АРІП ці банкаўскія пераводы (рэквізіт тут). Электронная версія газеты выходзіць двойчы на тыдзень, па-ранейшаму 8 палосаў намагаюцца напаўняць эксклюзіўнымі матэрыяламі. На сайце газеты публікуюць навіны штодзень.

АА belsat.eu

Стужка навінаў