Беларусь страціць да $14 мільярдаў без экспарту ў Еўразвяз. Расея гатовая кампенсаваць большую частку


Амбасадар Расейскай Федэрацыі ў Беларусі Барыс Грызлоў 25 жніўня наведаў Берасцейскую вобласць. Падчас візіту ён распавёў, што Расея гатовая кампенсаваць страты Беларусі з-за адсутнасці праз санкцыі экспарту ў еўрапейскія краіны, піша Sputnik Беларусь.

Барыс Грызлоў.
Фота: Sputnik Беларусь

Грызлоў заявіў, што Беларусь не атрымае да $14 мільярдаў праз закрытыя экспартныя рынкі Еўразвязу.

«Я думаю, што Расея на большую частку гэтай сумы закупіць тавары і гэтыя экспартныя пастаўкі возьме на сябе», – зазначыў амбасадар РФ, і падкрэсліў, што таваразварот будзе павялічвацца, нават нягледзячы на пэўныя цяжкасці.

«Пастаўкі нафты з Расеі ў Беларусь зменшыліся, таму што зменшылася патрэба. Мазырскі і Наваполацкі НПЗ не вырабляюць той аб’ём нафтапрадуктаў, які яны раней выраблялі і пастаўлялі ва Украіну і ў краіны Еўразвязу. Няма патрэбы ў гэтай нафце. Таксама няма вялікай патрэбы ў газе, таму што пачала працаваць атамная электрастанцыя ў Астраўцы», – сказаў Грызлоў.

Расейскі дыпламат адзначыў таксама, што за першыя паўгода 2022 году таваразварот з Берасцейскай вобласцю вырас на 22%, і запэўніў, што гэты рост захаваецца.

«Калі мы цяпер ацэньваем 2021 год у $40 мільярдаў, то па выніках гэтага года мы выйдзем на лепшую суму. І для Беларусі гэта вельмі важна, таму што для яе закрыліся экспартныя рынкі і Еўразвяз», – сказаў Барыс Грызлоў.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў