Камеры перапоўненыя, пабоі пастаянныя, «палітычным» – асабліва жорсткія ўмовы.
Старшыня «Маладога фронту» Дзяніс Урбановіч 23 ліпеня выйшаў на волю пасля 20 содняў арышту ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на завулку Акрэсціна ў Менску. Яго затрымалі 3 ліпеня ў Менску, прычыны затрымання невядомыя. Мусілі вызваліць а 14:30, але вызвалілі на паўгадзіны раней і вывелі з ЦІП з боку прыватнага сектару, каб яго не маглі сустрэць тыя, хто чакаў каля галоўнага ўваходу.
Урбановіч расказаў «Белсату» пра тое, хто цяпер сядзіць на Акрэсціна, за што і ў якіх умовах – яго шмат разоў пераводзілі з камеры ў камеру, ён бачыў стаўленне да простых парушальнікаў і да «палітычных».
«Я спадзяюся, што хоць хтосьці зверне ўвагу на тое, што рэпрэсіі ў Беларусі не спыніліся, яны працягваюцца, і кожны беларус можа сесці ў турму нават за просты рэпост, і яго там будуць біць, ламаць, а тыя лекары, якія ў ЦІП знаходзяцца, дапамогі аказваць не будуць, – кажа Урбановіч. – ЦІП – гэта Асвенцім XXI стагоддзя. У цэнтры Менску, у цэнтры Еўропы ў 2021 годзе ёсць Асвенцім, які забівае беларускую нацыю. Няма словаў, трэба пабываць там, каб усё зразумець».
Урбановіч кажа пра ўмовы на Акрэсціна як пра генацыд: любога чалавека, які туды трапляе, «проста знішчаюць». Сілавікі там упэўненыя, што пакарання за іх дзеянні не будзе ніколі. Многіх збіваюць. Камеры перапоўненыя: у чатырохмясцовай сядзяць па 18–20 чалавек.
Сродкаў гігіены няма, зубныя шчоткі забароненыя, у душ не водзяць. Ежу даюць такую, што зняволеныя амаль не ходзяць у прыбіральню – «каша і супы незразумелыя». Урбановіч кажа, што сам ён не еў каля 8 дзён, бо не было апетыту.
Пры паступленні ў ЦІП у людзей адбіраюць грошы «на аплату харчавання». Урбановіч кажа, быў выпадак, калі ў яго знаёмага забралі банкаўскую картку і разлічыліся ёй у краме на суму, якую той мусіў сплаціць за харчаванне пад арыштам.
Праверкі праводзяць уначы і ўдзень. Выводзяць з камеры, ставяць на расцяжку, выкручваюць рукі. Урбановіч кажа, падчас гэтага яго білі рукамі і нагамі па паясніцы і нагах, дручком білі па нырках. Міліцыянт Цішачкін, кажа ён, аднойчы збіў яго за тое, што Урбановіч засмяяўся. Часам не пытаў, за што яго білі, – проста чакаў, калі перастануць біць.
Некаторыя гублялі прытомнасць ад спёкі – у камерах вельмі душна і горача, Урбановіч параўноўвае гэта з парніком. Усіх «палітычных» трымаюць на 3-м паверсе, дзе найболей пячэ сонца.
Шмат хто хварэе на каронавірус – Урбановіч кажа, бачыў прынамсі дзясятак хворых з відавочнымі сімптомамі. Тых, у каго была тэмпература 38–39 градусаў, забірала хуткая. Калі ж чалавек проста не адчувае пахаў і смакаў, тэсту не праводзяць, хіба пераводзяць у камеру да людзей з тымі ж сімптомамі. Сам ён прасіў дапамогі ў акрэсцінскіх лекараў – яму далі толькі анальгін.
Падчас праверкі палкоўніку з ГУУС Менгарвыканкаму расказвалі пра ўсе гэтыя праблемы. Пасля гэтага вязняў вывелі на прагулку, але ўмовы ўтрымання істотна не змяніліся.
На Акрэсціна Урбановіч пабачыў самых розных людзей: і «звычайных крымінальнікаў», і беларускамоўнага выкладчыка хіміі з БДУ, і маладога журналіста.
У адной з камераў ён бачыў мужчыну з татуіроўкай – «свастыка з арлом на паўцела». Урбановіч пытаў, ці не чапаюць яго за гэта – той сказаў, ніхто нічога з ім не рабіў. У звычайных злодзеяў у камерах ёсць матрацы, кнігі, цыгарэты. Аднак Урбановічу самі затрыманыя забаранілі класціся на матрац, бо «палітычным» нельга, забяруць усё.
Тэлефон Урбановіча ўскрывалі нейкія спецыялісты – як ён мяркуе, з ГУБАЗіКу. Сілавікі (паводле чутак, шараговыя міліцыянты з РУУСаў) пералічылі яму запісаныя на паперцы назвы Telegram-каналаў, за падпіску на якія аўтаматычна даюць 15 дзён арышту (сярод такіх «Nexta», «Мая краіна Беларусь», «ОСГП» і іншыя). Ці не на кожнага затрыманага, кажа Урбановіч, заводзіцца такая паперка, дзе ставяць птушкі насупраць назваў каналаў, на якія чалавек падпісаны. Пытаюць, ці затрыманы рабіў рэпосты, ці высылаў гэтым каналам здымкі.
Урбановічу пагражалі крымінальнай адказнасцю за паўторнае парушэнне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах (паводле артыкулу 342 КК РБ). Следчы казаў яму, што супраць яго нібыта ўжо ёсць крымінальная справа. Невядомыя «людзі ў цывільным» казалі яму, што «Малады фронт» будзе забаронены, таму яму далі 20 дзён, каб падумаў, як распускаць арганізацыю – нібыта супраць яго могуць ужыць крымінальны артыкул за «ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі» (які скасавалі ў 2019 годзе), а таксама згодна з нейкім новым законам супраць «арганізацыяў, звязаных з экстрэмізмам», які нібыта прымуць праз 2–3 месяцы.
Урбановіч трапіў у шпіталь хуткай медычнай дапамогі на Кіжаватава, адтуль накіравалі ў 9-ы шпіталь, на Сямашкі. Дактары сказалі яму, што ў яго быў унутраны крывацёк, пашкоджаныя ўнутраныя органы. Ён расказаў пра пабоі – лекары адказалі, што мусяць выклікаць міліцыю, каб зафіксаваць траўмы. Урбановіч адмовіўся: маўляў, калі міліцыянты прыедуць, могуць зрабіць яшчэ горш – выявіцца, што «лаяўся матам у РУУСе», і прысудзяць яшчэ 15 дзён. Але вынікі пабояў зафіксавалі, даведку Урбановіч мае.
Ён згадвае, што ў канцы сакавіка і пачатку красавіка адбываў 15 дзён арышту ў жодзінскім СІЗА – тады па вызваленні ён таксама казаў пра катаванні. Ды тады, кажа ён, яшчэ абышлося, там сілавікі паводзілі сябе далёка не так жорстка. У ЦІП на Акрэсціна настолькі выпрацаваныя катаванні, што цяпер яму здаецца, што недзе ёсць «школа, у якой вучаць, як здзекавацца з беларусаў: як іх біць, як выводзіць, як не даваць спаць».
Цяпер ён мочыцца з кроўю, адчувае боль. Кажа, шмат у каго са зняволеных былі падобныя праблемы. Акрамя таго, за 20 дзён зняволення ён схуднеў на 4 кг. Дактары выпісалі яму лекі, абязбольванне і адмысловую дыету, але Дзяніс Урбановіч збіраецца класціся ў лякарню.
АА belsat.eu