Дарадца кіраўніка Офісу Зяленскага: Украінскі контрнаступ ужо пачаўся


Дарадца кіраўніка Офісу прэзідэнта Украіны Міхайла Падаляк у інтэрв’ю італьянскім медыям распавёў, што ўжо некалькі дзён Украіна вядзе контрнаступ. Паводле ягоных словаў, напружаная вайна вядзецца на лініі працягласцю паўтары тысячы кіламетраў.

Украінскі танк.
Фота: Белсат

Украіна распачала свой контрнаступ, заявіў Міхайла Падаляк у інтэрвʼю італьянскаму тэлеканалу.

«Мы не хочам біць па тэрыторыі Расеі, мы будзем выкарыстоўваць зброю, якую вы нам далі, каб знішчыць расейскія пазіцыі на акупаваных тэрыторыях, уключна з Данбасам і Крымам. Сёння ў нас ёсць ракеты далёкага радыусу дзеяння «Storm Shadow», «Леапарды», супрацьракетныя сістэмы, якія далі нам Францыя і Італія. F-16 нарэшце дазволяць нам закрыць паветраную прастору», – сказаў Міхайла Падаляк.

Украінскі палітык таксама распавёў, што ЗСУ мае патрэбу ў новай зброі.

Пазней у сваім Twitter Міхайла Падаляк канкрэтызаваў, што контрнаступ – гэта не нейкі адзін івэнт, што пачнецца ў канкрэтную гадзіну канкрэтнага дня ўрачыстым пераразаннем чырвонай істужкі.

«Гэта дзясяткі розных дзеянняў дзеля знішчэння акупацыйных войскаў РФ на розных напрамках, што ўжо адбываліся ўчора, праходзяць сёння і будуць праходзіць заўтра. Інтэнсіўнае знішчэнне лагістычнага забеспячэння ворага – гэта таксама контрнаступ», – напісаў Падаляк.

Раней прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі казаў, што контрнаступ распачнецца неўзабаве. Кіраўнік ГУР Кірыла Буданаў таксама заявіў, што Украіна ўжо мае неабходны мінімум зброі, каб пачаць контрнаступ.

Аналітыка
Навошта ладзіўся прарыў у Белгародскую вобласць і ці можа сітуацыя паўтарыцца ў Беларусі?
2023.05.23 19:13

 

Алена Аляксандрава belsat.eu

Стужка навінаў