Атака на святароў. Прысуды па «справе Лівянта». Хроніка рэпрэсій за 25 траўня


Рэпрэсіі ў краіне ідуць поўнай хадой, не спыняючыся ні на хвіліну. Сёння пад прыцэл сілавікоў трапілі ажно тры святары.

Стала вядома пра тое, што 23 траўня ў Баранавічах быў затрыманы кіроўца птушкафабрыкі «Дружба» Аляксандр Яскевіч. Прычына затрымання невядомая. Раней мужчыну ўжо затрымлівалі па палітычных матывах і прысуджалі адміністратыўны арышт.

25 траўня ў віцебскім судзе па справе арт-менеджара і музыкі Уладзіміра Булаўскага адбыліся спрэчкі бакоў. Як пішуць праваабаронцы, Уладзіміра абвінавачваюць паводле арт. 342-2 КК за тое, што двойчы цягам года ён прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці паводле арт. 24.23 КаАП (несанкцыянаванае пікетаванне). Хлопец не прызнаў сваёй віны.

Уладзімір Булаўскі Крыніца: budzma.by

У праваабаронцаў з’явілася інфармацыя пра арышт траіх удзельнікаў гурта faceOFF: братоў Дзяніса Петуха і Дзмітрыя Петуха. 22 траўня ў іх дома правялі ператрус і забралі тэхніку. На наступны дзень затрымалі і гітарыста гурта Аляксея. Яго асудзілі да 13 сутак арышту.

25 траўня стала вядома, што на «Нафтане» затрымалі чатырох чалавек: Віктара Кавалеўскага, Вадзіма Уласава, Валерыя Леснікова і Юрыя Гайчанку. За тыдзень да арышту афіцыйны прафсаюз прадпрыемства настойліва рэкамендаваў супрацоўнікам пачысціць свае тэлефоны і сацсеткі.

Сёння сілавікі здзейснілі сапраўдную аблаву на святароў на Віцебшчыне. Цягам дня былі затрыманыя грэка-каталіцкі святар з Полацка Аляксандр Шаўцоў, ксёндз Аляксандр Кулік, які з’яўляецца пробашчам парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мёрах, а таксама ксёндз, пробашч парафіі Найсвяцейшай Панны Марыі Якая Носіць Скапулярый ў Ідолце (Мёрскі раён Віцебскай вобласці) Вячаслаў Адамовіч.

Грэка-каталіцкі святар Аляксандр Шаўцоў (фота зверху), ксёндз Аляксандр Кулік (унізе злева), Вячаслаў Адамовіч (унізе справа) Крыніца: @pozirkonline

Яшчэ адно затрыманне з Віцебшчыны – гэтым разам сілавікі схапілі 77-гадовую Галіну Іванаўну Захаркіну, кандыдатку навук у архітэктуры і былую загадчыцу кафедры архітэктуры Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта.

У Менску была затрымана цэлая сям’я з трох чалавек, якія выходзілі на мірныя маршы ў 2020 годзе: жанчына, а таксама яе муж і бацька. Усе яны знаходзяцца ў Следчым камітэце, узбуджана крымінальная справа.

Асуджаны на 2 гады «хатняй хіміі» 68-гадовы Барыс Вітко быў затрыманы ў межах новай крымінальнай справы за абразу Лукашэнкі (арт. 368 Крымінальнага кодэксу). У студзені 2022 года мужчына быў асуджаны паводле арт. 391 КК за каментар, выказаны ў дачыненні да суддзі Мікалая Кміта з Баранавічаў.

25 траўня стала вядома пра прысуды, вынесеныя вядомаму рэпетытару і ўладальніку цэнтру «100 балаў» Яўгену Лівянту і яго сям’і, а таксама іншым асуджаным па гэтай справе. Так, сам Яўген быў асуджаны да 3 гадоў «хатняй хіміі», столькі ж атрымалі дачка Яўгена Лівянта Ганна і зяць Мікіта Дрозд. Жонка рэпетытара Юлія Лівянт, другая дачка Галіна і суўладальнік цэнтру «100 балаў» Аляксей Іваноў – 2,5 гады, а яшчэ адна фігурантка справы Аляксандра Вільчыцкая – 1,5 гады «хатняй хіміі».

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў