Сейм Літвы прыняў закон, які дае памежнікам права «разварочваць» мігрантаў на мяжы


Сейм Літвы 25 красавіка прыняў папраўкі ў Закон аб дзяржаўнай мяжы і ахове, паводле якіх дазваляецца разварочваць назад мігрантаў, якія трапілі ў краіну незаконна, паведамляе Delfi. Верагодна, размова ідзе аб іх вяртанні назад ў Беларусь.

Літоўскі памежнік ля літоўска-беларускай мяжы.
Фота: ІА / Белсат

Закон быў ініцыяваны МУС і дае Службе аховы дзяржаўнай мяжы прававую аснову для развароту замежнікаў, якія незаконна перасякаюць мяжу падчас надзвычайных сітуацый ці палажэнняў. Аднак памежнікі могуць разгортваць замежнікаў толькі на прымежнай паласе – да пяці кіламетраў ад дзяржаўнай мяжы.

Закон выклікаў бурныя дыскусіі ў залі Сейма. Яго падтрымалі 86 чальцоў Сейма, 8 былі супраць, 20 парламентарыяў устрымаліся.

Таксама прадугледжана магчымасць часова абмяжоўваць перамяшчэнне іншаземцаў праз пэўныя пагранічныя пункты пропуску. Аднак такія асобы змогуць хадайнічаць аб прадастаўленні прытулку незалежна ад таго, легальна яны апынуліся ў краіне ці не. Адзначаецца, што калі бежанец просіць прытулак, але пры гэтым нелегальна перасек мяжу, ён можа быць затрыманы супрацоўнікам.

Акрамя таго, закон прадугледжвае выключэнні для замежнікаў, якія ратуюцца ад вайны, пераследу або імкнуцца ўехаць у краіну ў гуманітарных мэтах – такіх асоб будуць дапускаць у Літву. У той час іншаземцам, якія не маюць права на ўезд, пры неабходнасці будзе аказана медычная ці іншая гуманітарная дапамога.

Калі прэзідэнт падпіша закон, такая палітыка «развароту» набудзе моц з 3 траўня.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў