«У ШІЗА жывая чарга стаіць». Пра што піша з калоніі асуджаны ў «пінскай справе» Раман Багнавец


37-гадовага пінчука Рамана Багнаўца летась асудзілі да 6 гадоў пазбаўлення волі. З мінулага жніўня мужчына адбывае пакаранне ў Наваполацкай папраўчай калоніі № 1. Пасля двух тыдняў у ШІЗА Раман напісаў сястры, што агулам умовы для «палітычных» сталі больш жорсткія, у ШІЗА – чарга, адміністрацыя робіць усё, каб «быць палітвязнем было сорамна». Пра тое, як Раман ужо больш за 8 месяцаў жыве ў калоніі, а ягоная сям’я чакае яго на волі, мы паразмаўлялі з сястрою вязня Святланаю.

«Запытала начальніка, чаму ад брата няма лістоў, адказаў – значыць, не хоча пісаць»

Даведка
Асуджаны ў «пінскай справе» Раман Багнавец.
Фота: сямейны архіў

Рамана Багнаўца затрымалі ўвечары пасля выбараў, 9 жніўня 2020 года. Яго абвінавацілі паводле ч. 2 арт. 293 КК РБ за нібыта ўдзел у масавых закалотах каля Пінскага райвыканкаму ў паслявыбарчы вечар (так званая «пінская справа»). Тады паміж міліцыяй і мясцовымі жыхарамі, якія прыйшлі даведацца вынікі галасавання, адбыліся сутычкі, справакаваныя, як казалі ўдзельнікі і абвінавачаны на судах, міліцыянтамі.

30 красавіка 2021 года суддзя Яўген Брэган вынес Раману Багнаўцу прысуд – 6 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Разам з Раманам у «пінскай справе» былі асуджаныя яшчэ 13 асобаў.

Праз год пасля затрымання, у жніўні 2021-га, Багнаўца перавялі ў Наваполацкую калонію № 1. Ягоная сястра Святлана распавядае, што да нядаўняга часу ўсё было агулам спакойна. Прымалі перадачы, Раман тэлефанаваў дамоў, пісаў лісты, было адно кароткатэрміновае спатканне. У траўні павінна было быць яшчэ адно, аднак памяшканне для кароткатэрміновых спатканняў закрылі на рамонт. На жнівень Раману «падпісалі» доўгатэрміновае спатканне з роднымі.

Але ад Рамана перасталі прыходзіць лісты.

«Я рэгулярна атрымлівала лісты, а тут няма і няма, дык я забіла трывогу. А ў калонію ж не датэлефанавацца – ніхто не адказвае, – кажа сястра палітвязня. – Адзін раз я змагла датэлефанавацца, калі Рамана толькі-толькі перавялі ў калонію, і ён быў у каранціне, каля двух тыдняў таксама не было лістоў. Я тады запытала начальніка, чаму няма лістоў, а ён мне адказаў – значыць, не хоча пісаць. Ну пра што з імі ўвогуле можна размаўляць?»

«Быў у каморы. Думаю, не апошні раз. Нездаровая тэндэнцыя тут»

Даведка
Раман Багнавец.
Фота: сямейны архіў

Як высветлілася пазней, калі Святлана нарэшце дачакалася ліста, ейны брат адбываў двухтыднёвае пакаранне ў ШІЗА. Мужчына напісаў дамоў, а потым патлумачыў сястры падчас тэлефанавання, што ў ШІЗА цяпер сталі адпраўляць вязняў вельмі часта.

«У Наваполацкай калоніі цяпер 64 палітвязні. Кажа, жывая чарга ў ШІЗА стаіць. Агулам умовы сталі горшыя, робяць усё, каб было сорамна быць палітвязнем», – распавяла Святлана.

«Чаму не званіў я? У каморы быў. Упершыню за два (амаль) гады, некалі ж гэта павінна было здарыцца. Вось. Думаю, што і не апошні. Нейкая нездаровая тэндэнцыя тут», – напісаў палітычны вязень.

У ШІЗА вельмі халодна, з сабою не дазволілі ўзяць тэрмабялізны, коўдры: там можна было заставацца толькі ў робе, якую выдаюць адмыслова для ШІЗА, распавядаў Раман сястры. І папрасіў набыць яму спартовы касцюм памеру S, бо ён моцна схуднеў за два тыдні ў карцары.

Фрагмент ліста палітвязня Рамана Багнаўца з Наваполацкай калоніі № 1.
Фота: асабісты архіў сям’і Рамана Багнаўца

«Аднак агулам у яго паводле голасу настрой нечакана добры, – зазначае Святлана. – Але, магчыма, ён проста не хоча мяне засмучаць, таму так трымаецца».

За што канкрэтна Рамана адправілі ў ШІЗА, ён не распавёў. Да карцару ў мужчыны было пакаранне ў атрадзе:

«Да шыхтавання, з 6-й да 8-й раніцы, ён мёў тэрыторыю, і пасля працы (працуе Рома на дрэваапрацоўцы) да адбою таксама. Як я зразумела з ліста, яго тады ж не адправілі ў ШІЗА, бо не было месцаў».

Фрагмент ліста палітвязня Рамана Багнаўца з Наваполацкай калоніі № 1.
Фота: асабісты архіў сям’і Рамана Багнаўца

У лісце пра тое пакаранне Раман напісаў так: «Сам сабе прывёз, ну а з іншага боку, немагчыма мышшу ўвесь час сядзець».

Сын чакае спаткання з татам і піша ў лістах пра кантрольныя ў школе

Удома, акрамя сястры, палітвязня чакае сын Арцём, які жыве з маці – былою жонкаю Рамана. 16 траўня яму споўніцца 11 гадоў.

«Арцём вельмі сумуе па тату, чакае спаткання, толькі пра гэта і гаворыць, – кажа Святлана. – Піша яму лісты пастаянна, распавядае, якія кантрольныя рашае».

Даведка
Асуджаны ў «пінскай справе» Раман Багнавец з сынам Арцёмам.
Фота: сямейны архіў

Сястра Рамана прыглядае за домам брата, што ён пабудаваў незадоўга да затрымання. Сёлета судовыя выканаўцы наклалі на дом арышт.

Таксама пад арыштам палова кватэры Святланы, якая належыць Раману. Маёмасць узялі пад заклад для гарантыі пагашэння запатрабаванай судом кампенсацыі – амаль 190 тысячаў рублёў на ўсіх фігурантаў «пінскай справы». Гэтую суму нельга сплочваць часткамі, яе не дзялілі на кожнага асуджанага асобна. Пагасіць пазоў трэба адразу адной выплатай, што ёсць вялізнаю праблемаю для асуджаных ды іхных блізкіх – у іх няма такіх грошай.

«Гэты пазоў будзе вісець, нават калі Раман выйдзе з калоніі, да моманту кампенсацыі, – кажа Святлана. – Цяпер усё, што асуджаныя ў нашай справе зарабляюць у калоніі, ідзе на пагашэнне. Аддзел прымусовых выкананняў даслаў нам даведку, колькі выплачана: са жніўня да лютага сума склала 9 рублёў. Можаце сабе ўявіць, колькі ў нас зарабляюць вязні? А працуюць 6 дзён на тыдзень».

Спакойна жыць сям’і Рамана не даюць. Сястра распавядае, што яе перыядычна выклікаюць то ў міліцыю, то ў іншыя органы:

«У студзені ў КДБ запрашалі, пыталі пра электронны гаманец «Qiwi», не ведаю, чаму, з чаго: маўляў, ім паступіла інфармацыя нейкая. Я так і не зразумела, чаго хацелі. Да гэтага ў звычайную міліцыю выклікалі».

«Людзі страцілі надзею, робіцца толькі горш»

Дакладную дату вызвалення брата Святлана пакуль не ведае, аднак кажа, што ён мусіць выйсці на волю ў жніўні 2025 года. На датэрміновае вызваленне надзеі няма:

«Мне праваабаронцы казалі, што пакуль у Беларусі ў асуджаных праз закалоты не было прэцэдэнту з датэрміновым вызваленнем ці паляпшэннем умоваў».

Час ад часу жанчына камунікуе са сваякамі іншых асуджаных у «пінскай справе» і кажа, што настрой у людзей цяпер не найлепшы:

«Усе прыгнечаныя. І не толькі сваякі вязняў, агулам беларусы. Людзі страцілі надзею, перспектывы нечага лепшага растаюць на вачах. Робіцца толькі горш: тых, хто на «хіміі», пераводзяць у калоніі, а тым, хто ў калоніі, накідваюць 411 артыкул [«Зацятае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі». – Заўвага рэд.] ці іншыя, дадаюць новыя тэрміны, адпраўляюць у турму».

Святлана скардзіцца, што ў грамадстве сталі быццам забываць пра асуджаных за ўдзел у мітынгах, агулам палітвязняў, менш увагі звяртаюць:

«Пра нас усё менш кажуць, а ў нас толькі горш і горш. Жывем з тым жа адчуваннем жаху, як тады пасля выбараў, калі цягам трох тыдняў было страшна выйсці надвор. Цяпер тое самае, толькі што не б’юць. І тады ўсё хутка скончылася, а цяпер цягнецца і цягнецца гэты жах, і невядома, калі ўсё скончыцца».

Падтрымаць Рамана Багнаўца можна, напісаўшы ліст на адрас: ПК № 1, вул.Тэхнічная, 8, 211440, г. Наваполацк.

Hавiны
Фігурант «пінскай справы» ў апошнім слове: «Прашу прызначыць пацярпелым псіхалагічную экспертызу»
2021.04.15 21:54
Гісторыі
«Як ім дараваць скрадзеныя гады і асірацелых дзяцей?» Гутарка з сястрой асуджанага ў «пінскай справе»
2021.05.07 08:42

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў