У Багдадзе адбыўся выбух у шпіталі для хворых на COVID-19. Больш за 80 чалавек загінулі


У сталіцы Іраку Багдадзе ў лякарні для пацыентаў з COVID-19 выбухнуў кіслародны балон, у выніку чаго адбыўся пажар. Па меншай меры 82 чалавекі загінулі і 110 атрымалі раненні, паведамляе выданне «Al Jazeera».

Лякарня знутры пасля пажару.
Фота: Thaier al-Sudani / Reuters

Выбух кіслароднага балона адбыўся на першым паверсе ў лякарні Ібн Аль-Хаціб, дзе размяшчалася аддзяленне інтэнсіўнай тэрапіі. Выданне адзначае, што выбух і пажар адбыліся з-за невыканання ўмоў захоўвання кіслародных балонаў.

Служба грамадзянскай абароны па надзвычайных сітуацыях паведаміла, што ў момант пажару ў лякарні знаходзіліся 120 чалавек, 90 з іх удалося выратаваць.



Відавочцы з месца пажару распавядаюць, што людзі спрабавалі выратавацца і выскоквалі з вокнаў бальніцы.

Паведамляецца, што ў лякарні не выконваліся меры супрацьпажарнай бяспекі, у прыватнасці агонь хутка распаўсюджваўся, паколькі на столі былі лёгкаўзгаральныя матэрыялы.

Від на лякарню пасля пажару.
Фота: Murtadha al-Sudani / Anadolu

Прэм’ер-міністр Ірака Мустафа аль-Кадхімі распарадзіўся правесці расследаванне катастрофы, а таксама затрымаць кіраўніка лякарні, кіраўнікоў службаў бяспекі і тэхнічнага абслугоўвання.

Акрамя таго, у краіне абʼяўлена трохдзённая нацыянальная жалоба па загінулых.

АД, belsat.eu

Стужка навінаў