Рада БНР узнагародзіла Медалём Ордэну «Пагоні» шэраг беларусаў


Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла падпісала дэкрэт аб узнагароджанні Медалём Ордэну «Пагоні» шэрагу беларусаў. У спісе палітвязні, беларускія ваяры, якія ваююць ва Украіне.

Медаль Ордэну «Пагоні».
Фота: radabnr.org

Рада Беларускай Народнай Рэспублікі абвясціла пра ўзнагароджанне Медалём Ордэну «Пагоні» 11 палітычных вязняў, 5 беларускіх байцоў, якія загінулі на вайне ва Украіне, а таксама айцішніка Андрэя Зельцара, які загінуў у 2021 годзе падчас страляніны пры ўварванні ў яго дом сілавікоў.

Медаль атрымалі Кацярына Андрэева (Бахвалава), Мікалай Аўтуховіч, Уладзімір Гундар, Дзяніс Івашын, Уладзімір Лабковіч, Дар’я Лосік, Ігар Лосік, Эдуард Пальчыс, Валянцін Стэфановіч, Дар’я Чульцова, Паліна Шарэнда-Панасюк.

Пасмяротна ўзнагароды атрымалі Аляксей Аўдзеенка, Андрэй Зельцар, Эдуард Лобаў, Алег Панамароў, Міхась Шавельскі.

«Сёння мы ўжо ў другі раз абвяшчаем пра ўручэнне Медаля Ордэну «Пагоні», асноўнай узнагароды Беларускай Народнай Рэспублікі ў выгнанні. Мы зноў хочам адзначыць тых беларусаў, хто ў цяперашні складаны час плаціць найвышэйшую цану за свабоду і незалежнасць нашае Бацькаўшчыны.

Перадусім гэта героі, якія ахвяравалі сваім жыццём у збройнай барацьбе супраць ворагаў свабоды і незалежнасці Беларусі. Іхныя імёны ўвойдуць у гісторыю нашага народу, і ўсе мы павінны працягнуць іхную барацьбу», – адзначыла старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла.

Медаль Ордэну «Пагоні» заснаваны ў 2022 годзе. Першае ўзнагароджанне адбылося з нагоды Дня Слуцкага збройнага чыну ў лістападзе летась.

Hавiны
Байцы палка Каліноўскага атрымалі ўзнагароды БНР
2023.03.13 13:15

Алена Аляксандрава belsat.eu

Стужка навінаў