Кракаўскі марш: беларусы ў Польшчы адзначылі 105-годдзе са дня абвяшчэння БНР


Цёплы сонечны дзень. Каля Вавельскага замку ў Кракаве пакрысе збіраюцца людзі. Такія розныя і падобныя адначасова. Ва ўсіх усмешка на твары, шмат хто трымае бел-чырвона-белы сцяг.

Акцыя святкавання Дня Волі ў Кракаве. 25 сакавіка 2023 г.
Фота: Белсат

«Гэта ўжо традыцыя – кожны год збірацца 25-га сакавіка. Мы заўжды збіраліся ў Менску з пачуццём, што ў нас ёсць сваё свята, ішлі ў «Чабурэчную», пасля – у «Валерыю», спявалі свае песні. Гэта ўжо гісторыя. Мы працягваем змагацца за свае правы, не важна, у якой мы краіне. Мы паказваем, што мы разам, што мы побач і мы нікуды не зніклі!» – распавядае Ксенія, якая пераехала ў Кракаў з Менску.

Не абмінуў і цень гэтыя радасныя твары: на вялікі жаль, нават праз 105 год беларусы не могуць ўзняць над галавой нацыянальны сцяг і прывітаць адно аднаго такімі роднымі і важнымі словамі «Жыве Беларусь!» на сваёй радзіме. Толькі так, за сотні і тысячы кіламетраў у розных краінах свету, але не ўдома. Бо там цяпер пануе навала пад назвай «Лукашэнка і ягоны сябра Пуцін».

Акцыя святкавання Дня Волі ў Кракаве. 25 сакавіка 2023 г.
Фота: Белсат
Акцыя святкавання Дня Волі ў Кракаве. 25 сакавіка 2023 г.
Фота: Белсат

«Калі-небудзь мы ўсё ж дачакаемся вольнай Беларусі. Хацелася б ужо наступную гадавіну адзначаць у родным Берасці, але зразумела, што гэта малаверагодна. Таму трэба набрацца сілаў і дачакацца, бо гэта ўсё не можа цягнуцца вечна. Сённяшні дзень, гэтыя людзі даказваюць, што я такі – не адзін, я не адзін чакаю. Нас шмат. І мы верым, можам і пераможам!» – дзеліцца сваімі эмоцыямі Максім, які жыве ў Кракаве ўжо амаль 2 гады.

На маршы відаць як незнаёмыя твары, гэтак і шматлікіх актывістаў, знаёмых яшчэ з Беларусі. Феменістка Наста Базар, якой прыйшлося выехаць з радзімы ва Украіну, а пасля – Польшчу, расказвае пра мэты свайго ўдзелу ў святочным шэсці:

«Сёння я зʼяўляюся голасам такіх уразлівых груп, як палітзняволеныя, людзі з інваліднасцю, людзі сталага веку, ЛГБТК і шмат іншых. Не трэба забывацца, што дэмакратыя – гэта роўнасць для ўсіх. Тым больш, што мы зʼяўляемся голасам тых беларусаў, якія засталіся. Я ўпэўненая, што вялікая колькасць беларусаў і беларусак хацелі б мець магчымасць выйсці такім жа шэсцем, але яны не могуць. Таму мы павінныя выходзіць за іх».

Наста Базар на Дні Волі ў Кракаве. 25 сакавіка 2023 г.
Фота: Белсат

Марш скончаны. З імправізаванай сцэны каля помніку Адаму Міцкевічу гучыць «Пагоня». У натоўпе спрабуюць згубіцца двое мужчынаў падазронага выгляду ў чорных масках, але на іх звяртае ўвагу паліцыя, якая сочыць за парадкам і бяспекай удзельнікаў шэсця. Пасля праверкі дакументаў і прымусу зняць маскі мужчыны знікаюць у напрамку «нікуды».

Сённяшні дзень – чарговы доказ таго, што Беларусь працягвае жыць нават па-за сваімі межамі, пакуль жывыя беларусы. І гэта рэхам адбіваецца тут і цяпер, у старым горадзе Кракава. Жыве!

Акцыя святкавання Дня Волі ў Кракаве. 25 сакавіка 2023 г.
Фота: Белсат
Акцыя святкавання Дня Волі ў Кракаве. 25 сакавіка 2023 г.
Фота: Белсат
Акцыя святкавання Дня Волі ў Кракаве. 25 сакавіка 2023 г.
Фота: Белсат
Акцыя святкавання Дня Волі ў Кракаве. 25 сакавіка 2023 г.
Фота: Белсат
Акцыя святкавання Дня Волі ў Кракаве. 25 сакавіка 2023 г.
Фота: Белсат

 

Марыя Голдстэйн belsat.eu

Стужка навінаў