Беларускі сцяг як абярэг ад таталітарызму


Якія ўчынкі здзяйсняў стваральнік бел-чырвона-белага сцяга Клаўдзіў Дуж-Душэўскі у часе зацятай бітвы таталітарызмаў – у чарговай серыі «Лабірынтаў».

Клаўдзій Дуж-Душэўскі займаў асаблівае месца ў нашай палітычнай і культурніцкай прасторы. Гэта палітык, інжынер, геолаг, артыст, выкладчык, выдавец, архітэктар, публіцыст, мецэнат, вынаходнік, складальнік падручнікаў, перакладчык.

Вымушаны жыць пры такіх падобных і жудасных таталітарных рэжымах, як сталінскі і гітлераўскі. У фільме мы паказваем, што паводле сваёй бесчалавечнасці гэтыя сістэмы нічым адна адной не саступаюць. Наш герой не схіляецца перад злом, не намагаецца схавацца і ўцячы ад апакаліптычнай рэчаіснасці.

Наадварот, займаючы высокія пасады – ён адзін з галоўных архітэктараў Коўна, а затым дырэктар аднаго з заводаў – беларускі дзеяч, рызыкуючы жыццём, ратуе людзей, перадусім габрэйскую дзяўчынку Марыну Ландаў і ейнага бацьку Мойшу, які сядзіць спярша ў сталінскіх засценках, а затым у гітлераўскім канцлагеры.

Дуж-Душэўскі не паддаецца на правакацыі. Вынаходлівы і халаднакроўны, ён супрацьстаіць абедзвюм таталітарным сістэмам. Савецкі агент Якавюк намаўляе яго забіць блізкага сябра і бурмістра Менску Вацлава Іваноўскага. Іваноўскі жадае, каб Клаўдзій пераехаў у Менск і зрабіўся ягонаю праваю рукою. Жорсткі і насмешлівы камендант канцлагеру вярбуе нашага героя ў саюзнікі. Здаецца, выйсця няма, але Клаўдзій Дуж-Душэўскі імкнецца абгуляць сваіх непрыяцеляў, уратаваць сяброў. Сёння, калі мы жывем у смяротных абдымках лукашысцка-пуцінскага таталітарызму, такія героі як ніколі запатрабаваныя.

Ці ўдасца нашаму герою зрабіць задуманае, пабачыце, калі пазнаёміцеся з апошняю серыяй «Лабірынтаў»: «Клаўдзій Дуж-Душэўскі. Бел-чырвона-белая зброя».

Стужка навінаў