Працы па будаўніцтве плоту на польска-беларускай мяжы мусяць распачацца 25 студзеня, піша «Наша Ніва» са спасылкай на паведамленне прэс-сакратаркі польскай памежнай аховы Ганны Міхальскай.
Вышыня плоту будзе складаць больш за 5 метраў. У Падляшскім ваяводстве загародзяць тэрыторыю ў 180 км. У Люблінскім, дзе мяжа праходзіць па рацэ Буг, умацаванні будуць іншымі.
Плот будзе складацца з асновы са сталёвых прутоў вышынёй 5 метраў, над якімі будзе замацаваны дадатковы бар’ер з калючага дроту. Агульная вышыня канструкцыі плануецца вышэйшай за 5 з паловай метраў. Акрамя таго, уздоўж мяжы паставяць для назірання сэнсары руху і камеры.
Будаўніцтва плоту на польска-беларускай мяжы зацверджанае польскім сеймам. Каштаваць пабудова будзе больш за 400 мільёнаў долараў. Усталяваць агароджу збіраюцца за паўгады, да чэрвеня 2022 году.
ГГ, belsat.eu