Першыя змены ў складзе беларускіх алімпійцаў


Фрыстайлістка Ганна Гуськова.
Фота: БелТА

Мы ўжо разважалі пра тое, што афіцыйна абвешчаны склад алімпійскай зборнай Беларусі на гульнях белай Алімпіяды ў Пекіне будзе перажываць змены. І гэта датычыць не толькі беларускай дэлегацыі.

Працэс натуральны, яго не пазбегнуць многія нацыянальныя каманды па розных відах спорту. Не толькі з прычынаў актыўнага кавіднага перыяду, які зацягнуўся са з’яўленнем штаму о-мікрон. Траўмы ў падрыхтоўчы перыяд, проста прастудныя інфекцыйныя захворванні або, напрыклад, з’яўленне дадатковай квоты. Так здарылася і з трэцім допускам на Алімпіяду ў беларускай камандзе фрыстайлістаў, дакладней, фрыстайлістак.

Міжнародная лыжная федэрацыя пералічыла і аднавіла рэйтынг, пасля чаго Беларусі вылучылі яшчэ адну квоту ў лыжнай акрабатыцы. Такім чынам, да Ганны Гуськовай і Ганны Дзяругі далучыцца Настасся Андрыянава. Ёй толькі 17 гадоў. Дзяўчына сёлета другі сезон стартавала ў Кубку свету і адразу паказала свой найвышэйшы вынік. На дэбютным этапе Кубка планеты, што прыняла фінская Рука, Настасся заняла 9-е месца.

Такім чынам, склад беларускіх спартоўцаў на Пекін-2022 пашырыўся да 29 спартоўцаў.

Яшчэ адно змяненне датычыць біятлону. Замест расяянкі Ірыны Кручынкінай у склад жаночай зборнай увойдзе беларуска Аліна Пільчук. 21-гадовая жодзінская спартоўка толькі сёлета дэбютавала ў складзе нацыянальнай каманды і прабегла чатыры гонкі на пятым і шостым этапах Кубка планеты ў нямецкіх Обэргофе і Рупальдынгу: два спрынты, пераслед і індывідуальны старт. Найвышэйшае месца – 40-е. Першыя спартоўцы зборнай Беларусі – ужо на шляху ў Пекін. Хтосьці ляціць у кітайскую сталіцу з Мюнхену, хтосьці будзе дабірацца рэйсам з Менску праз Стамбул. Але аэрапорт найбуйнейшага гораду Турцыі пакуль не прымае самалётаў з прычыны снегападу.

Ужо на гэтым тыдні будуць адбывацца першыя тэсты чальцоў беларускай дэлегацыі і засяленне ў алімпійскія вёскі.

Артыкулы
Прызёр Алімпіяды-2008 Краўчанка пра сітуацыю ў Беларусі: Цішыня – гэта малы кнот, які разгарыцца раптоўна
2022.01.19 20:45

Аляксандр Пуціла, belsat.eu

Стужка навінаў