У Херсоне 8 асобаў загінулі, 58 пацярпелі з-за абстрэлу расейскіх войскаў


Не менш за 8 асобаў загінулі і 58 пацярпелі праз абстрэл Херсону расейскімі войскамі. 18 параненых – у цяжкім стане, паведаміў кіраўнік абласной ваеннай адміністрацыі Яраслаў Янушкевіч.

Наступствы абстрэлу Херсону 24 снежня 2022 года.
Фота: Zelenskiy / Telegram

Сёння раніцай расейскія войскі атакавалі Херсон з рэактыўных установак залпавага агню. Абстрэл вёўся па цэнтры гораду. Паводле звестак пракуратуры, загінула не меней за 8 асобаў. 58 былі параненыя, 18 з іх – у цяжкім стане.

Пасля абстрэлу загарэліся 6 аўтамабіляў, пажарныя тушылі агонь каля гадзіны.

У Херсонскай абласной ваеннай адміністрацыі паведамілі, што ракеты трапілі ў цэнтральны рынак, калі там было шмат людзей. Таксама былі атакаваныя аб’екты інфраструктуры і дзіцячы садок.

Наступствы абстрэлу Херсону 24 снежня 2022 года.
Фота: Zelenskiy / Telegram

Фатаграфіі з месца бамбавання апублікаваў прэзідэнт Уладзімір Зяленскі. У сваім Telegram-канале ён напісаў: «Краіна-тэрарыстка працягвае несці рускі мір у выглядзе абстрэлаў мірнага насельніцтва. Раніцай, у суботу, напярэдадні Раства, у цэнтральнай частцы гораду. Гэта не вайсковыя аб’екты, гэта не вайна па правілах. Гэта тэрор, гэта забойства дзеля запалохвання і задавальнення».

Наступствы абстрэлу Херсону 24 снежня 2022 года.
Фота: Zelenskiy / Telegram

Мінабароны Расеі ў сённяшняй справаздачы нічога не паведаміла пра абстрэл Херсону.

Пазней кіраўнік Херсонскай абласной ваеннай адміністрацыі Яраслаў Янушкевіч паведаміў, што лік ахвяраў дасягнуў 10, і ўдакладніў, што параненых – 55.

Абноўлена
Пуціну расказваюць толькі добрыя навіны пра вайну ва Украіне. Што там напраўду адбываецца 24 снежня
2022.12.24 11:59

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў