«Дзеля дзяцей, якія сядзяць за кратамі». Жыхарка Нідэрландаў дапамагае беларускім палітвязням


Аксана Канстанцінава, заснавальніца і кіраўніца музычнай школы «Pianoschool Konstantinova», штогод перад Калядамі ладзіць са сваймі вучнямі музычны вечар. Гэтым разам 18 снежня Аксана пастанавіла зарганізаваць збор грошай на падарункі няпоўнагадовым палітычным вязням у Беларусі.

Дзеткі падчас імпрезы. Фота даслала Аксана Канстанцінава

Аксана даўно і пільна сочыць за беларускаю сітуацыяй, брала ўдзел у розных кампаніях дапамогі, а гэтым разам пастанавіла зладзіць акцыю сваймі сіламі:

«З мінулага сакавіка ўся ў гэтай сітуацыі, сачу за падзеямі, сяджу ў шмат якіх групах, дапамагаю з акцыямі. Бачу шмат паведамленняў пра збор сродкаў палітвязням, іхным сем’ям, у асноўным – дарослым. І вельмі мала інфармацыі пра дзяцей, якія сядзяць за кратамі. Мяне гэтая тэма даўно вельмі турбуе».

Аксана як дырэктарка музычнай школы штогод ладзіць выступы сваіх выхаванцаў:

«Гэта канцэрт у вельмі прыгожай канцэртавай зале за тыдзень да Калядаў. І сёлета я пастанавіла прымеркаваць акцыю да збору ахвяраванняў на пасылкі дзецям-палітвязням у Беларусі. Я знайшла інфармацыю пра гэтых хлопчыкаў і дадала ў спіс тых, каму споўнілася 18 ужо за кратамі. Ім і дашлю калядныя падарункі ад імя маіх выхаванцаў».

Падчас імпрэзы. Фота даслала Аксана Канстанцінава

Да канцэрту ў горадзе Абкаўдэ выхаванцы Аксаны рыхтаваліся з асаблівай адказнасцю. Яна распавяла вучням пра іхных аднагодак і тое, што ім будзе вельмі прыемна атрымаць прывітанне з Нідэрландаў. Адзін з вучняў, Даньел, папрасіў запісаць свой выступ на відэа і перадаць яго мужным беларусам.

«Не ўсе ведаюць, што існуе група палітвязняў, якая складаецца з няпоўнагадовых»

На выступ прыйшлі ў асноўным бацькі вучняў. Ім Аксана разаслала такі ліст:

«Шмат хто з вас ведае, што адбываецца ў Беларусі. Што людзей, якія выказваюць сваё свабоднае меркаванне і змагаюцца супраць дыктатуры, садзяць у турмы. Колькасць палітвязняў сёння – 950, і з кожным днём іхная колькасць расце. Але не ўсе ведаюць, што існуе група палітвязняў, якая складаецца з няпоўнагадовых. На гэты момант гэтая група складаецца з васьмярых дзяцей. Летась іх было 11, але трое дзяцей адзначылі 18-годдзе за кратамі.

Гэтыя дзеці былі прыгавораныя да турэмнага зняволення на тэрмін ад двух да шасці гадоў. Некаторыя бралі ўдзел у акцыях пратэсту, а іншыя выказалі сваё меркаванне пра палітычную сітуацыю ў Беларусі ў сацыяльных сетках. Дыктатар Лукашэнка не літасцівы.

Сёлета я хачу даць гэтым дзецям больш увагі. Пра іх нельга забываць. Ім патрэбная нашая падтрымка. Каляды – гэта не толькі час весялосці, але і час, калі мы падтрымліваем і дапамагаем адно аднаму».

Падчас імпрэзы. Фота даслала Аксана Канстанцінава

На гэты ліст Аксане прыйшло шмат паведамленняў у адказ:

«Мне пісалі бацькі, задавалі шмат пытанняў: што за дзеці, чаму ў турме, як дапамагчы, як гэта лепей зрабіць і гэтак далей. Мяне вельмі падтрымалі. Таму я паведаміла, што, акрамя грошай за квіткі, якія пойдуць на падарункі, ахвочыя могуць ахвяраваць дадаткова. Перад пачаткам канцэрту я распавяла пра гэтых хлопчыкаў, развесіла іхныя здымкі з імёнамі ды інфармацыяй пра кожнага, колькі ім прысудзілі сядзець у калоніях. А пасля канцэрту было нешта неверагоднае.

Звычайна пасля канцэрту падыходзілі некалькі бацькоў, дзякавалі. А гэтым разам засталіся ўсе! Вакол мяне стаяў цэлы натоўп, мамы ў слязах. Дзякавалі і за канцэрт, і за акцыю ды інфармацыю. Шмат хто зусім пра гэта не ведаў, іх гэта кранула вельмі моцна. Я папрасіла кожнага проста распавядаць сваім знаёмым, сем’ям пра гэтых хлопчыкаў. Да мяне падбег адзін вучань і перадаў яшчэ грошай ад ягоных бабулі ды цёці. Падыходзілі бацькі даведацца, як яны могуць перавесці грошы. Удалося сабраць добрую суму на падарункі».

«Так наплакалася, калі чытала паведамленні ад бацькоў гэтых хлопчыкаў»

Вучні таксама блізка да сэрца ўзялі ўдзел у зарганізаванай Аксанай акцыі. Зрабілі агульны здымак з партрэтамі палітзняволеных падлеткаў.

«Яны больш за ўсё актыўнічалі, распытвалі на занятках пра палітвязняў. Я падчас выступу сказала, што маім уласным дзецям хутка спаўняецца 18, нават не магу ўявіць, што яны могуць сядзець за кратамі. Не ў стане ўявіць стану бацькоў тых хлопчыкаў, не магу ацаніць гэтага болю і жаху, які яны перажываюць кожны дзень», – прызналася дырэктарка школы.

Аксана Канстанцінава. Фота прадстаўлена гераіняй

Аксана ўжо знайшла кантакты амаль усіх няпоўнагадовых палітвязняў і нават адправіла некалькі падарункаў:

«Я так наплакалася, калі чытала паведамленні ад бацькоў гэтых хлопчыкаў… Адна мама напісала, што хутка едзе на сустрэчу да сына з ласункамі і ўсё пра нас распавядзе. А я ім пішу: дзякую вам, дзякую вам. Ліставацца працягваем, спадзяемся на асабістую сустрэчу. На сёння ўжо дзевяць з адзінаццаці асобаў атрымалі падарункі. Я перакладу паведамленні бацькоў і перадам іх маім вучням, каб тыя ведалі, што іхныя высілкі не былі марныя, а гэтак моцна ўзнялі настрой беларусам».

МГМ, belsat.eu

Стужка навінаў