Чаму пра ГУБАЗіК і бота «Чорнай кнігі» не расказвалі больш за год?


У канцы траўня 2021 года стала вядома, што чалавек, які ўзначаліў «Чорную кнігу Беларусі», з’яўляецца супрацоўнікам ГУБАЗіК. Толькі ў кастрычніку 2022 года публічным зрабіўся факт, што ён меў доступ да ідэнтыфікатараў тысяч карыстальнікаў, якія пісалі «Чорнай кнізе».

Telegram-бот «Чорная кніга Беларусі».
Фота: Белсат

Спрабуем разабрацца, як так склалася і што рабіць цяпер.

Што трэба ведаць пра гэта, сцісла

  • Пасля выбараў-2020 Telegram-канал «Чорная кніга Беларусі» збіраў каманду дзеля пошуку імёнаў і фота адказных за пераслед і рэпрэсіі ў Беларусі. Беларусам прапанавалі прысылаць звесткі пра сілавікоў праз Telegram-боты. З ботамі кантактавалі звыш 10 тысяч акаўнтаў беларусаў. У «Чорнай кнізе» працяглы час быў агент ГУБАЗіК, які мог здабыць базу з ідэнтыфікатарамі тых, хто пісаў ботам ЧКБ.
  • У верасні 2020-га ў ЧКБ напісаў Артур Гайко – ён назваўся работнікам службы бяспекі «Белгазпрамбанку», ягоную асобу не спраўдзілі, твару не бачылі і сапраўднага імя не ведалі. Гайко зрабіў хуткую «кар’еру» ў ЧКБ, бо перадаваў «Чорнай кнізе» асабовыя звесткі байцоў ГУБАЗіК. Ён атрымаў доступ да чат-боту ініцыятывы, а таксама да чату супольнасці медыя і блогераў «Інфапоінт», урэшце ўзначаліў ЧКБ. Тое, што ён супрацоўнік ГУБАЗіК, выкрылі ў траўні 2021 года праз ягоную ўласную памылку. Пра Гайко 30 ліпеня 2021 года публічна расказаў BYPOL. Праз год «Кіберпартызаны» высветлілі, што Гайко быў асабіста адказны за аперацыю з арыштам журналіста Рамана Пратасевіча і ягонай сяброўкі Соф’і Сапегі пасля захопу самалёта «Ryanair», браў у гэтым асабісты ўдзел.
Звесткі падстаўнога і сапраўднага пашпарту супрацоўніка ГУБАЗіК Артура Гайко ў базе пашпартоў, здабытай «Кібперпартызанамі». Скрыншот: Белсат
  • Гайко меў доступ да праграмы, якая збірала звесткі тых, хто пісаў у «Чорную кнігу». Аб гэтым «Белсату» стала вядома восенню 2022 года, пра гэта не казалі летам-2021 ні BYPOL, ні ЧКБ. Мы расказалі пра гэта ў сюжэце 2 кастрычніка. А 9 лістапада былая рэдактарка «Чорнай кнігі» Яніна Сазановіч абурылася развіццём падзеяў і заявіла, што Франак Вячорка, дарадца офісу Святланы Ціханоўскай, спрабуе «замяць» здарэнне.
  • Супрацоўнік ГУБАЗіК меў доступ да «адмінкі» праекту – сістэмы, у якую «Чорная кніга» збірала звесткі ад людзей, якія пісалі ў боты. Пра гэта «Белсат» расказаў у працягу расследавання 20 лістапада. Нават калі людзі самі не раскрывалі свае звесткі праекту, нават калі не падпісваліся сапраўднымі імёнамі і не раскрывалі беларускі нумар тэлефону, у той «адмінцы» захаваліся ідэнтыфікацыйныя нумары (ID) іхных акаўнтаў у Telegram. Калі агент ГУБАЗіК скраў тую базу звестак, сілавікі тэарэтычна могуць вылічыць і пакараць тых, хто пісаў у ЧКБ.
  • Верыфікацыю Гайко праводзіў чалец каманды «Інфапойнт» Данііл Багдановіч. Нават пасля выкрыцця таго, што Гайко з’яўляецца супрацоўнікам ГУБАЗіК, Багдановіч працягнуў з ім камунікаваць. «Інфапоінт» заявіў, што адхіліў Багдановіча ад працы 19 кастрычніка 2022 года. Сазановіч настойвае, што Багдановіч дагэтуль мае доступ прынамсі да аднаго з чатаў праекту «Інфапойнт» і бачыць, якую інфармацыю прысылаюць праекту.

Чаму пра доступ Гайко да бота расказалі так позна: BYPOL забараніў?

Яніна Сазановіч запэўнівае: BYPOL амаль паўтара года таму ведаў, што Гайко меў доступ у тым ліку да чат-ботаў ЧКБ. Чальцы каманды «Чорнай кнігі» зрабілі ўласнае расследаванне, пераказалі яго «Байполу», праводзілі онлайн-сустрэчу, на якой «усё дэталёва распавядалі» ў тым ліку пра чат-ботаў.

Яніна Сазановіч. Варшава, Польшча. 19 лістапада 2022 года.
Фота: Карына Пашко / Белсат

Яна заяўляе, што менавіта BYPOL прасіў супрацоўнікаў ЧКБ «не падымаць шуму» наконт доступу Гайко да чат-ботаў. Сазановіч сцвярджае: яна казала кіраўніку BYPOL Аляксандру Азараву і публічнаму прадстаўніку BYPOL Матвею Купрэйчыку, што не будзе браць на сябе адказнасць за ўтойванне гэтага, але тыя папрасілі яе ігнараваць справу.

Былая адміністратарка ЧКБ Яся, кантактам якой падзялілася з «Белсатам» Сазановіч, згадвае, што на онлайн-сустрэчы ў ліпені 2021 года каманда ЧКБ казала камандзе BYPOL у тым ліку пра доступ Гайко да архіву паведамленняў з бота ЧКБ і пра ID акаўнтаў у гэтым архіве. Яся згадвае, што BYPOL казаў не хвалявацца наконт базы з ID, бо па ID вельмі складана ідэнтыфікаваць людзей.

Аператыўна атрымаць разгорнуты каментар ад BYPOL не ўдалося. Аднак Аляксандр Азараў заявіў «Белсату», што BYPOL не казаў прадстаўнікам «Чорнай кнігі» замоўчваць гэтую гісторыю.

Інтэрв’ю
«Я расчаравалася ў нашых дэмакратычных лідарах». Размова з Янінаю Сазановіч, былой адміністратаркаю «ЧКБ»
2022.11.21 16:35

Ці ўсё ж BYPOL не ведаў або не разумеў пагрозы?

Дырэктарка агенцыі «Infopoint» Саша Раманава адказала «Белсату», што з пытаннем аб тым, як сталася, што пра доступ ГУБАЗіК да базы ЧКБ так доўга не расказвалі публічна, Раманава раіць пытаць у Сазановіч. Яна заўважае, што Сазановіч агучыла магчымыя маштабы наступстваў толькі ў эфіры «Белсату» ў кастрычніку 2022 года, а да таго «каманда, якая ведала, што здарылася, год і тры месяцы маўчала». Раманава кажа, што не разумее, чаму чальцы каманды ЧКБ працяглы час маўчалі і цяпер «шукаюць вінаватых у розных месцах».

Раманава адзначае: у эфіры «Белсату» было відаць, што BYPOL лічыў памер шкоды ад Гайко абмежаваным арыштам Пратасевіча і Сапегі. Таксама Раманава настойвае, што чалавека, які не папярэдзіў пра маштабы небяспекі своечасова, адхілілі ад працы, а заяву пра магчымую пагрозу «Infopooint» зрабіў, бо «нехта ж павінен быў яе зрабіць».

Александр Азаров, представитель инициативы BYPOL
Аляксандр Азараў. Варшава, Польшча. 25 кастрычніка 2021 года.
Фота: Аліса Ганчар

У пачатку лета 2022 года ў адной з перапісак Азараў пытаў Сазановіч аб тым, што яна думае аб паведамленні пра тое, што затрыманні людзей за «злівы» звестак сілавікоў могуць быць звязаныя з захопам сілавікамі чат-бота ЧКБ. Азараў пытаў гэта так, нібы не быў упэўнены ў доступе Гайко да базы ЧКБ. Сазановіч тлумачыць гэта тым, што BYPOL «не разумее, як працуе бяспека», «паставіўся да справы спусціўшы рукавы» і не хацеў «адштурхнуць людзей» ад іншых чат-ботаў, як то бота плану «Перамога».

Чаму тых, хто пісаў боту ЧКБ, не абвясцілі пра небяспеку праз той жа бот?

Раманава тлумачыць, што ад гэтай ідэі адмовіліся на карысць публічнай заявы з прычыны бяспекі. Нумар тэлефона, да якога быў прывязаны акаўнт чалавека, які пісаў ЧКБ, можа быць ужо ў іншага чалавека (напрыклад, калі чалавек доўга не карыстаецца sim-картай, нумар аўтаматычна перадаюць новаму абаненту). Таму рассылку вырашылі не рабіць, каб выпадковыя людзі не атрымалі паведамленне накшталт «Калі вы пісалі ў ЧКБ, прыміце захады бяспекі».

Александра Романова, директорка KYKY.org и The Village Беларусь
Аляксандра Раманава. Вільня, Літва. 10 лютага 2022 года.
Фота: НМ / Белсат

ЧКБ і «Infopoint» цяпер не ладзяць эвакуацыю тых, хто можа аказацца пад пагрозай з боку ГУБАЗіК, і не збіраюць грошы для сваякоў затрыманых праз «Чорную кнігу». Раманава кажа, што «Infopoint» цяпер вядзе кансультацыі з дабрачыннымі фондамі, якія дапамагаюць у эвакуацыі людзей з Беларусі і займаюцца зборамі сродкаў палітвязням, а таксама звярнуліся да BYPOL. Яна тлумачыць: лепей гэтым займацца дасведчаным спецыялістам, каб не нанесці шкоды больш, чым ужо ёсць.

Адносна таго, што бот ЧКБ дагэтуль актыўны, Раманава расказала: агенцыя «Infopoint» не мае доступу да гэтых ботаў, а рэдакцыя ЧКБ «заўсёды дзейнічала самастойна». Пра тое, што яны актыўныя, яна даведалася з эфіру «Белсату», заяўляе Раманава.

Што рабіць тым, хто пісаў «Чорнай кнізе» і застаецца ў Беларусі?

  • Мінімум – цалкам выдаліць Telegram-акаўнт, з якога пісалі, і завесці новы акаўнт на іншы нумар тэлефону (аптымальна – на замежны або віртуальны нумар), а таксама пачысціць свае тэлефоны і камп’ютары ад любых слядоў пратэставай актыўнасці, як то фота, відэа ці перапісак у іншым мэсэнджары.
  • Максімум – пакінуць Беларусь, з’ехаць у бяспечную краіну.

Што пагражае кожнаму канкрэтнаму чалавеку, невядома. Карыстальнік мог раскрыць у Telegram-профілі сваё сапраўднае імя і прозвішча, выкарыстоўваць сваё фота, зрабіць публічным нумар тэлефона або іншым чынам раскрыць асабовыя звесткі  – тады сілавікам будзе прасцей вызначыць, хто пісаў у ЧКБ.

Але нават калі чалавек быў асцярожным, сілавікі могуць мець доступ да базы ID акаўнтаў, з якіх пісалі ў «Чорную кнігу». Гэтыя ID не мяняюцца, нават калі змяніць у акаўнце імя, прозвішча, нікнэйм і нумар тэлефона, да якога прывязаны акаўнт. Тэарэтычна, праз гэты ID ускоснымі шляхамі сілавікі могуць вызначыць рэальнага ўладальніка акаўнту.

Ці могуць на практыцы вызначыць чалавека па адным толькі ID акаўнту дасяжнымі сілавікам сродкамі, невядома. Праўладныя каналы сцвярджаюць, што атрымалі базу са звесткамі аб 8500 акаўнтах, якія пісалі ў ЧКБ (агулам да лістапада 2022 года ў боты ЧКБ пісалі 10 313 карыстальнікаў). Але за перадачу звестак «Чорнай кнізе» ці іншую супрацу з ёй, як падлічыла выданне Zerkalo.io, затрымалі як мінімум 37 чалавек, пры чым апошніх пяцёх – у лістападзе 2022 года.

То значыць, ёсць падставы меркаваць, што сілавікі не вызначылі ўладальнікаў усіх 8500 акаўнтаў, з якіх людзі пісалі «Чорнай кнізе». Ды не выключана, што іх змогуць вылічыць пазней – або што ўжо вылічылі, а проста не хочуць затрымліваць.

Разбор
Што новага «накапаюць» на беларусаў сілавікі? Глядзім на новы ўказ пра сачэнне за інтэрнэтам
2022.10.25 12:15

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў