Што твіцяць еўрадэпутаты пра выступ Ціханоўскай


Падчас выступу Святланы Ціханоўскай у Еўрапейскім парламенце 24 лістапада шмат хто з прысутных здымаў відэа на тэлефоны. Твіты еўрадэпутатаў у гэты дзень – зборнік цытат Ціханоўскай і камплементаў ёй.

Некаторыя проста пераказваюць выступ Святланы Ціханоўскай, некаторыя – дзеляцца ўражаннямі. Выступ хваляць і цытуюць левыя, цэнтрысты і правыя, ад Партугаліі да Эстоніі.

Артыкулы
«Беларусы – забытыя еўрапейцы». Святлана Ціханоўская выступіла перад Еўрапарламентам
2021.11.24 15:42

Прэзідэнт Еўрапарламенту, які прадстаўляў Ціханоўскую дэпутатам, называе яе «сімвалам змагання за дэмакратыю і свабоду, голасам шматлікіх палітвязняў у Беларусі».

Еўрадэпутат ад французскай сацыял-ліберальнай партыі «Наперад, Рэспубліка!» пераказвае параўнанне дыктатураў з вірусамі, якія чым больш ігнаруеш, тым цяжэй лекаваць.

Еўрадэпутатка ад іспанскай ліберальнай партыі «Грамадзяне» пераказвае тры «рэцэпты» Ціханоўскай: ізаляцыю Лукашэнкі, падтрымку грамадзянскай супольнасці Беларусі і санкцыі супраць вінаватых.

Еўрадэпутат ад іспанскай правацэнтрысцкай «Народнай партыі» называе Ціханоўскую адважнай і звяртаецца да беларусаў па-англійску і па-беларуску.

Першая віцэ-прэзідэнтка Еўрапарламенту і еўрадэпутатка ад мальтыйскай Нацыяналістычнай партыі піша, што Ціханоўская – самая адважная лідарка з тых, што яна мела гонар пазнаёміцца. Яна дадае, што паабяцала Ціханоўскай падтрымку ў змаганні за дэмакратыю, бо «эпосе дыктатараў прыйдзе канец».

Фракцыя сацыял-дэмакратаў у Еўрапарламенце заклікае дапамагчы беларусам, каб яны маглі дапамагчы Беларусі і Еўропе.

Фракцыя называе прамову Ціханоўскай цёплай, але рашучай просьбай аб еўрапейскай дапамозе і салідарнасці, і заклікае несці голас Ціханоўскай і беларускага народу наперад. На відэа фракцыі еўрадэпутат і лідар польскай сацыял-ліберальнай партыі «Вясна» называе прамову Ціханоўскай вельмі кранальнай і згадвае, як Ціханоўская назвала беларусаў «забытымі Еўрапейцамі», а дыктатуру – вірусам.

Сам еўрадэпутат у сваім твітэры называе Ціханоўскую «ваяркай, сімвалам свабоды, іконай змагання і надзеяй бліскучай Беларусі».

Еўрадэпутат з Еўрапейскай народнай партыі і былы прэм’ер-міністр Літвы цёпла вітае Ціханоўскую і піша: «Мы цвёрда выступаем за дэмакратычную Беларусь!»

Фракцыя Еўрапейскай народнай партыі заклікае паглядзець выступ дэмакратычнай лідаркі Беларусі і перадае яе словы: «Дазвольце мне запэўніць вас: санкцыі працуюць».

Тое ж перадае еўрадэпутатка ад вугорскай цэнтрысцкай партыі «Рух Маментум» – і нагадвае ўраду Вугоршчыны, што той называе санкцыі «бессэнсоўным эксгібіцыянізмам».

Яна таксама піша, што «дэмакратычная Беларусь – гэта доўгатэрміновая гарантыя бяспекі Еўразвязу».

Фракцыя ЕНП таксама перадае заяву Ціханоўскай аб тым, што Лукашэнка не з’яўляецца прэзідэнтам Беларусі.

Лідар Еўрапейскай народнай партыі ў Еўрапарламенце піша: «Еўропа з вамі. Вы можаце разлічваць на адназначную падтрымку ЕНП».

Фракцыя кансерватараў і рэфармістаў адзначае, што падчас звароту Ціханоўскай тысячы мігрантаў застаюцца на мяжы Беларусі з краінамі Еўразвязу, куды іх зацягнуў «зняслаўлены рэжым Лукашэнкі пры падтрымцы Пуціна».

Еўрадэпутат ад ірландскіх «Зялёных» спадзяецца, што на Лукашэнку можна будзе аказаць далейшы ціск, каб спыніць «цынічнае выкарыстанне ўцекачоў як пешак у барацьбе за ўладу».

Еўрадэпутат ад ад нідэрландскай партыі «Хрысціянска-дэмакратычны заклік» перадае словы Ціханоўскай аб тым, што «дыктатура не мае межаў і распаўсюджваецца як вірус».

Еўрадэпутат ад польскай левацэнтрысцкай «Грамадзянскай платформы» піша, што Ціханоўская паказвае найлепшыя характарыстыкі лідара: «Яна рашучая, шчырая і ўважлівая. Выдатнае прадстаўніцтва беларускай нацыі».

Ён жа перадае словы Ціханоўскай аб тым, што месца Лукашэнкі – перад міжнародным трыбуналам. І піша: «Не называйце яго прэзідэнтам, бо гэта не так. Гэта ўзурпатар!»

Таксама словы пра «не прэзідэнта, а ўзурпатара» перадае еўрадэпутатка ад польскай цэнтрысцкай партыі «Польшча 2050».

Еўрадэпутатка ад італьянскага «Руху пяці зорак» перадае заклік Ціханоўскай не палохацца стратэгіі Лукашэнкі і ўвесці санкцыі супраць адказных за міграцыйны крызіс.

Еўрадэпутатка ад ірландскай ліберал-кансерватыўнай партыі «Фіне Гэл» піша, што рада была чуць Ціханоўскую, і перадае, што Ціханоўская заклікала заставацца рашучымі ў санкцыях і адзінымі ў еўрапейскай салідарнасці з беларускімі дэмакратычнымі сіламі.

Яшчэ адна еўрадэпутатка ад той жа партыі згадвае, што Ціханоўскай зладзілі авацыі стоячы, і заклікае Еўразвяз зрабіць усё магчымае, каб падтрымаць народ Беларусі ў змаганні з недэмакратычным рэжымам Лукашэнкі.

Еўрадэпутат ад Люксембургскай сацыялістычнай рабочай партыі называе выступ Ціханоўскай выдатным і кранальным, а таксама пераказвае, што яна вінаваціць Еўразвяз у ваганнях тады, калі патрэбныя дзеянні супраць тыранскага і недэмакратычнага рэжыму ў Беларусі. «Змаганне беларускай апазіцыі мае быць нашым змаганнем», – заклікае ён.

Еўрадэпутатка ад польскай правай партыі «Права і справядлівасць» перадае словы Ціханоўскай аб тым, што «пакуль Еўропа вагаецца, час уцякае». Яна пытае, ці чула гэтыя словы Ангела Мэркель.

Еўрадэпутатка ад левай партыі «Няскораная Францыя» называе выступ Ціханоўскай кранальным і заклікае Еўразвяз прыняць захады, каб спыніць парушэнні правоў чалавека.

Еўрадэпутат ад бельгійскіх Хрысціянскіх дэмакратаў і фламандцаў піша, што Ціханоўская – голас прыгнечанага беларускага народу, які кажа Еўразвязу, што ўжо позна, бо беларусы не маюць яшчэ года, каб чакаць, і што дзейнічаць трэба ўжо зараз.

Еўрадэпутатка ад нідэрландскіх «Зялёных» перадае фразу Ціханоўскай: Еўразвяз мусіць нарэшце перайсці ад словаў да дзеянняў («walk the walk») дзеля свабоды і дэмакратыі.

Гэтыя ж словы згадвае еўрадэпутатка ад балгарскай кансерватыўнай партыі «Герб».

Еўрадэпутатка ад французскага «Незалежнага экалагічнага альянсу» піша: «Брава за вашую барацьбу за дэмакратыю, правы чалавека і свабоду, вы з’яўляецеся прыкладам для нас і ўсяго свету».

Еўрадэпутатка французскага цэнтрысцкага «Дэмакратычнага руху» пераказвае фразу Ціханоўскай аб тым, што палітвязняў у Беларусі больш, чым дэпутатаў у Еўрапарламенце, і заклік Ціханоўскай да рашучых дзеянняў супраць Лукашэнкі.

Еўрадэпутат ад польскіх левацэнтрыстаў «Вясна» таксама згадвае, што беларускіх палітвязняў больш, чым еўрадэпутатаў, і перадае падзяку Ціханоўскай за дзеянні Еўракамісіі і Еўразвязу, а таксама за прэмію Сахарава (для дэмакратычнай апазіцыі Беларусі ў 2020 годзе).

Пра колькасць палітвязняў і пра Ціханоўскую як «сапраўдны голас усіх беларусаў, якія змагаюцца за свабоду і дэмакратыю» піша таксама еўрадэпутат ад цэнтрысцкай партыі «Саюз ратавання Румыніі».

Пра тое ж піша і еўрадэпутатка ад аўстрыйскай Сацыял-дэмакратычнай партыі.

Еўрадэпутатка ад чэшскіх сацыял-дэмакратаў піша пра тое самае.

Яна адзначае апытанні, у якіх больш за палову беларусаў хочуць новых прэзідэнцкіх выбараў.

Еўрадэпутат ад нямецкіх сацыял-дэмакратаў называе выступ Ціханоўскай кранальным.

Еўрадэпутатка ад партугальскіх сацыял-дэмакратаў называе Ціханоўскую абранай лідаркай беларускага народу.

Еўрадэпутатка ад латвійскай партыі «Адзінства» пагаджаецца з тым, што Ціханоўская – голас 9 мільёнаў грамадзянаў Беларусі, легітымная дэмакратычная лідарка. Яна таксама піша, што Ціханоўскую трэба запрасіць прадстаўляць Беларусь на наступным саміце «Усходняга партнёрства».

Еўрадэпутат ад аўстрыйскіх «Зялёных» цытуе Ціханоўскую і піша, што Еўразвяз мае даць беларускім уцекачам часовыя дазволы на працу і пражывання на дадатак да санкцыяў супраць беларускіх тавараў, з якіх фінансуецца нелегітымны рэжым Лукашэнкі.

Ён пераказвае словы Ціханоўскай аб катаваннях палітвязняў і піша: «Гэты жах павінен спыніцца! Лукашэнка не мусіць быць прызнаны прэзідэнтам Беларусі ні на словах, ні ў дзеяннях міжнароднай супольнасці і медыяў».

Еўрадэпутатка ад французскай хрысціянска-дэмакратычнай партыі «Дзейнічаць» дзякуе Ціханоўскай за словы аб тым, што «настаў час паказаць, што еўрапейскія каштоўнасці – адзіная трывалая аснова міру і дабрабыту».

Еўрадэпутат ад нацыянал-кансерватараў «Браты Італіі» дзякуе Ціханоўскай за «акт абвінавачвання супраць маўчання Еўразвязу, адважныя словамі пра Еўропу і свабоду».

Еўрадэпутатка ад французскай Сацыялістычнай партыі перадае заклік Ціханоўскай асудзіць і пакараць санкцыямі беларускі рэжым.

Еўрадэпутатка ад нідэрландскай партыі «Хрысціянска-дэмакратычны заклік» піша, што з гонарам вітае Ціханоўскую, што Еўрапарламент будзе з народам Беларусі, які выступае супраць дыктатуры, будзе змагацца за прыцягненне Лукашэнкі да адказнасці. Яна дадае: «Мы ніколі не паддамося шантажу аўтакратаў».

Еўрадэпутатка ад Сацыялістычнай партыі Партугаліі перадае словы Ціханоўскай аб тым, што беларусы не могуць адчуваць сябе ў бяспецы ні ўдома, ні за мяжой.

Еўрадэпутат ад вугорскай партыі нацыяналістаў «Рух за лепшую Вугоршчыну» піша, што Еўразвяз не можа падвесці народ Беларусі, а словы павінны ператварыцца ў дзеянні.

Еўрадэпутатка ад «Адкрытых фламандскіх лібералаў і дэмакратаў» з Бельгіі піша, што беларусы хочуць бачыць Еўропу прыкладам, таму час паказаць, што еўрапейскія каштоўнасці будуць заставацца найвялікшай крыніцай моцы і адзіным падмуркам для міру і росквіту.

Яна вітае адвагу Ціханоўскай і ейныя няспынныя высілкі ў барацьбе за вольную і дэмакратычную Беларусь.

Еўрадэпутат ад нідэрландскай Рэфарматарскай партыі піша, што ў зняволеных і зніклых беларусаў, а таксама іх сем’яў, час сыходзіць, таму Еўразвяз мусіць выступіць супраць нелегітымнага рэжыму ў Беларусі.

Пра тое ж піша еўрадэпутат нідэрландскай Партыі працы. Ён прыводзіць словы Ціханоўскай: «У нас няма яшчэ аднаго года».

Віцэ-прэзідэнтка Еўрапарламенту і еўрадэпутатка ад чэшскага Альянсу лібералаў і дэмакратаў за Еўропу прыводзіць чатыры пункты выступу Ціханоўскай: становіцца позна і трэба дзейнічаць зараз, Беларусь і Еўразвяз не могуць сабе дазволіць чакаць, санкцыі працуюць, народ Беларусі не здаецца – таму не мусіць здавацца і Еўразвяз.

Еўрадэпутат ад нідэрландскай праваліберальнай Народнай партыі за свабоду і дэмакратыю называе выступ Ціханоўскай тэрміновым заклікам мацней супрацьстаяць рэжыму Лукашэнкі і разам змагацца за свабоду.

Еўрадэпутат ад эстонскай хрыскіянска-дэмакратычнай партыі «Айчына» і былы камандуючы Узброенымі сіламі Эстоніі піша, што ўсім сэрцам падтрымлівае Беларусь, але барацьба ў руках беларусаў, а «рэвалюцыі адбываюцца не толькі па выходных і ў добрае надвор’е», а «вуліцы чакаюць вас».

Еўрадэпутат французскай левацэнтрысцкай партыі «Публічнае месца» піша, што любая слабасць у абароне свабоды беларускага народу будзе пагрозай бяспекі еўрапейцаў.

АА belsat.eu

Стужка навінаў