Сацыяльна небяспечнае становішча як інструмент гвалту над жанчынамі


«Белсат» працягвае публікаваць шэраг артыкулаў у межах абвешчаных ААН 16 дзён супраць гвалту над жанчынамі. У Беларусі гвалт мае разнастайныя праявы. Гэтым разам мы закранем такі інструмент ціску на жанчын, як прызнанне сям’і ў сацыяльна небяспечным становішчы – СНС (ці, як кажуць чыноўнікі, «социально опасное положение», СОП).

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: LINDSEY WASSON / Reuters / Forum

Мы пагутарылі з юрысткаю Дар’яй Чурко. Дар’я – удзельніца фемгрупы Каардынацыйнай рады. Яна аўтарка даследавання пра тое, як апошнім часам кантроль за сацыяльнаю бяспекаю дзіцяці зрабіўся інструментам ціску на жанчын.

Даведка

Дарʼя Чурко – беларуская праваабаронца, экспертка ў сферы правоў чалавека, правоў жанчын і дзяцей. Даследаванне было падрыхтаванае ў межах стажавання ў Цэнтры грамадзянскіх свабодаў (Украіна).

«Сам па сабе ціск – гэта гвалт, бо ён мае розныя наступствы. Як правіла, маці, да якой прыходзяць сацыяльныя службы і пагражаюць паставіць сям’ю на ўлік СНС, перажывае вялікі стрэс і псіхалагічныя пакуты. Да таго ж камунікацыя можа быць вострая і не ў добразычлівай форме. Шмат хто з жанчын казаў, што пасля візіту службаў у іх здараліся істэрыкі. Можна казаць, што гэта ціск, можна называць гэта гвалтам, але фактычна гэта неправамерныя паводзіны і гвалтоўная форма камунікацыі. Гвалт бывае не толькі фізічны, але і псіхічны. Таму для мяне ціск на бацькоў праз дзяцей – гэта форма гвалту», – тлумачыць экспертка.

«Выняцце дзіцяці з сям’і – гэта крайняя мера»

Дар’я правяла даследаванне сем’яў, якія апошнім часам сутыкнуліся з сацыяльнымі службамі. Яна адзначае, што першапачаткова такая з’ява, як кантроль за бяспекаю дзяцей у сям’і, была цалкам станоўчай ідэяй, але з узмацненнем рэпрэсіяў СНС усё часцей пачалі выкарыстоўваць як форму ціску:

«Сацыяльна небяспечнае становішча мае быць накіраванае на выяўленне дзяцей, якія ў небяспецы ўдома. Ідэя СНС, мне падаецца, добра прапісаная. Калі ў сям’і здзяйсняецца гвалт над дзіцем ці калі ў бацькоў нейкая залежнасць, якая стварае небяспеку для дзіцяці, то органы апекі, работнікі аддзелу адукацыі наведваюць такую сям’ю і пачынаюць расследаванне, наколькі бяспечна дзіцяці заставацца ў такой сям’і. Аналагі ёсць у розных краінах, бо гэта прынцып найважнейшых інтарэсаў дзіцяці ды абароны ягоных правоў. Але выняцце дзіцяці з сям’і – гэта крайняя захада. Гэта прапісана на міжнародным узроўні».

Юрыстка звярнула ўвагу, што да рэвалюцыі 2020 года пастаноўка на СНС магла быць вынікам непрыязнасці, якую настаўніцы ці выхавальніцы адчувалі да сям’і, ці адмовы бацькоў здаваць грошы на рамонт школы:

«Я рабіла даследаванне пасля рэвалюцыі, калі да палітычна актыўных грамадзянаў прыходзілі, тэлефанавалі і казалі, што калі яны не здымуць сцяга ці працягнуць выходзіць на маршы, то іх паставяць на СНС і адбяруць дзіця. Таксама былі сітуацыі, калі ўчастковыя міліцыянты без дазволу бацькоў камунікавалі з дзецьмі, якія малявалі бел-чырвона-белыя сцягі ў сваіх сшытках».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Дар’я звяртае ўвагу, што гэты гвалт найчасцей выкарыстоўваюць у дачыненні жанчын, бо ў беларускім грамадстве кабеты нясуць большую адказнасць за дзіця і развязваюць пытанні з сацыяльнымі службамі.

«Ёсць пагрозы для маці, якія атрымалі «хатнюю хімію». Быў такі кейс, калі жанчыне на судзе заявілі, што да яе прыйдуць з СНС, бо ў яе такі прысуд. Па факце дзіця выкарыстоўваецца як аб’ект ціску на палітычна актыўных людзей».

Нават калі справа не заканчваецца забіраннем дзяцей, працэдура СНС вельмі непрыемная: незнаёмыя людзі прыходзяць дадому, правяраюць лядоўню і шафы, гэта можа суправаджацца нядобразычлівымі размовамі і пагрозамі. Акрамя таго, у грамадстве існуе штамп: СНС – значыць, сям’я праблемная, у некага алкагольная залежнасць. Хаця часцяком рэчаіснасць іншая.

«Гэтая сітуацыя стварае яшчэ адну праблему: калі ў сям’і – сістэматычныя скандалы, жанчына выклікае міліцыю і ёй кажуць, што сям’ю паставяць на СНС, то жанчына проста больш не выклікае міліцыі. Бо ніхто не тлумачыць, што СНС не раўняецца забіранню дзіцяці, а гэта запэўніванне бяспекі дзіцяці», – падкрэслівае праваабаронца.

Што рабіць?

«Які б прававы дэфолт у Беларусі ні быў, у СНС працуюць такія ж людзі, да якіх яны прыходзяць. І калі ёсць надзея на нармальны дыялог, то не варта ім з парогу пагражаць відэаздымкай і тым, што вы будзеце змагацца за свае правы. Але калі надзеі няма, то там ужо нічога не дапаможа. У любым выпадку варта паводзіць сябе з імі спакойна», – мяркуе экспертка.

Яна перакананая, што пры наяўнасці гвалту ў сям’і сацыяльныя службы насамрэч могуць дапамагчы пераадолець праблему і абараніць дзіця, бо СНС не значыць, што дзіця забяруць.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Brendan Fitterer / Zuma Press / Forum

Што датычыць палітычна матываваных правяранняў, то Дар’я Чурко адзначае: калі група людзей прыйшла да вас, варта патрабаваць дакумент пра сацыяльнае расследаванне.

«У гэтым загадзе мусіць быць напісана, з якой нагоды і хто прыйшоў з праверкаю. Варта гэта патрабаваць. Калі яны не назавуцца і не пакажуць дакументу, з нагоды якога яны прыйшлі, то можна смела іх не пускаць. Калі будуць наступствы, то можна тлумачыць ці пісаць скаргу і спасылацца на тое, што гэта невядомыя людзі, а незнаёмых людзей ніхто ў сваю хату пускаць не хоча. Пагатоў у вас удома дзіця. Нават калі вы ведаеце сярод тых, хто прыйшоў, адну настаўніцу, а іншых не, то не варта іх пускаць: вы ставіце пад пагрозу бяспеку няпоўнагадовай асобы».

Падчас візіту сацыяльных службаў варта настойваць, каб усе ўдзельнікі групы трымаліся разам:

«Каб яны не раздзяляліся, а хадзілі разам. І варта сачыць, што яны глядзяць, што правяраюць. Па факце праверкі мае быць складзены акт. Яго трэба падпісваць, толькі калі ён адпаведна запоўнены. Бо часам кажуць, каб падпісалі, а запоўняць паперу ў школе».

Калі акт запоўнілі пры вас, але вы не згодныя з нейкімі пунктамі, то пра гэта можна напісаць там, дзе ставіцца подпіс.

«Яны могуць пачаць неадэкватна рэагаваць і намагацца маніпуляваць. Але пазначыць вашую нязгоду істотна: грунтуючыся на гэтым акце, будзе прымацца пастанова аб СНС», – звярнула ўвагу праваабаронца.

Пасля правярання адбываецца нарада супрацоўнікаў сацыяльных службаў – савет прафілактыкі ці каардынацыйны савет.

«Бывае, што на гэтых нарадах удзельнікі могуць гаварыць гучна, абражаць, прыніжаць чалавека, у дачыненні якога ідзе разбор. І жанчыне, якая прыйшла адна на гэтую сустрэчу, можа быць цяжка такое вытрываць. Таму варта патрабаваць фіксаваць у пратаколе абразы ці калі не давалі дагаварыць», – раіць нашая суразмоўца.

Самае галоўнае, падкрэслівае Дар’я, – захоўваць спакой:

«Як бы гэта ні было складана ў такой сітуацыі, калі адна жанчына супрацьстаіць семярым ці дзесяцярым людзям з адміністрацыі раёну, якія маюць уладу, важна не адказваць эмацыйна, не павышаць голасу, а казаць: «Вы мяне абражаеце, перастаньце крычаць». Яшчэ можна самастойна фіксаваць, хто што казаў, каб потым падаць скаргу».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Яўген Атцецкi

Каб было псіхалагічна прасцей перажыць такую нараду, Дар’я раіць узяць кагосьці для падтрымкі:

«Людзям, якія прымаюць рашэнне пра СНС, будзе складаней накрычаць на жанчыну ці абразіць, калі яна прыйдзе не адна, а з бацькам дзіцяці. І ёй маральна будзе прасцей. Калі бацьку паклікаць няма магчымасці, то можна ўзяць іншага блізкага чалавека: бабулю, сяброўку. Іх не пусцяць у кабінет, але так будзе прасцей, калі разумееш, што ў калідоры цябе чакае чалавек, які на тваім баку».

Калі ўжо паставілі на ўлік СНС, то варта падаваць скаргу, што гэты статус сям’і надалі неправамерна. Юрыстка раіць пісаць адразу старшыні адміністрацыі раёну, бо кіраўніку аддзелу адукацыі пісаць няма сэнсу: удзельнікі нарады – ягоныя падначаленыя.

Варта ўвесь час памятаць, што статус СНС – гэта не аўтаматычнае забіранне дзяцей.

МГМ belsat.eu

Стужка навінаў