Баевікі «Хамасу» вызвалілі яшчэ двух закладнікаў


Тэрарыстычная групоўка «Хамас» вызваліла яшчэ двух закладнікаў «з гуманітарных падставаў». Іх вызвалілі пры пасярэдніцтве Егіпта і Катара, паведамляецца ў тэлеграм-канале групоўкі.

Нурыт Купер (злева) і Ёхэвэд Ліфшыц Крыніца: timesofisrael.com

Выданне «The Times of Israel» паведамляе, што вызваленыя закладніцы – грамадзянкі Ізраілю 79-гадовая Нурыт Купэр і 85-гадовая Ёхэвэд Ліфшыц. Іх вызвалілі «па гуманітарных прычынах» пры пасярэдніцтве Егіпта і Катара і перадалі Чырвонаму Крыжу. Жанчын ўжо вярнулі на радзіму праз Егіпет, дзе змясцілі ў лякарню Тэль-Авіва. Яны былі захопленыя ў палон разам са сваімі мужамі, якія застаюцца ў Газе.

Таксама баевікі «Хамасу» збіраюцца перадаць 50 закладнікаў-іншаземцаў Чырвонаму Крыжу. Аб гэтым піша ізраільскі партал i24news са спасылкай на крыніцы.

Па дадзеных выдання, перамовы аб вызваленні закладнікаў пры пасярэдніцтве Катара ідуць да завяршэння, самі ўлады Ізраілю афіцыйна не былі бокам перамоваў аб вызваленні закладнікаў з падвойным грамадзянствам. Перадача павінна адбыцца ў горадзе Хан-Юніс на поўдні сектара Газа. У сувязі з гэтым Армія абароны Ізраілю прыпыніла бамбардзіроўкі анклава для перадачы палонных.

Выданне «Haaretz» сцвярджае, што «Хамас» таксама разглядае варыянт вызвалення закладнікаў у абмен на паліва.

Усяго, паводле звестак Ізраілю, у палоне ў баевікоў знаходзяцца 222 чалавекі.

Раней, 20 кастрычніка, баевікі вызвалілі двух амерыканскіх закладнікаў – 59-гадовую Джудыт Раанан і ейную 17-гадовую дачку Наталі Раанан. Яны былі вызваленыя амаль праз два тыдні палону. Маці з дачкой жывуць у Чыкага, а ў дзень атакі на Ізраіль з боку баевікоў яны знаходзіліся ў гасцях у сваякоў у мясцовасці на поўдні Ізраілю.

Пасля іх вызвалення прэм’ер-міністр Ізраілю Бэньямін Нэтаньягу заявіў, што ягоная краіна працягне працаваць над вяртаннем усіх закладнікаў.

Агляд
Дзіцячы садок, стаматалогія, працоўны кабінет. Як выглядаюць бамбасховішчы ў Ізраілі?
2023.10.23 19:49

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў