Амбасадар Ізраілю ў ААН заклікаў кіраўніка гэтай арганізацыі сысці ў адстаўку


Амбасадар Ізраілю ў ААН Гіляд Эрдан выступіў з заявай аб тым, што кіраўнік ААН Антонью Гутэрыш мусіць неадкладна сысці ў адстаўку праз свае выказванні.

Амбасадар Ізраілю ў ААН Гілад Эрдан.
Фота: Ambassador Gilad Erdan / Х

«Генеральны сакратар ААН, які з разуменнем ставіцца да кампаніі масавых забойстваў дзяцей, жанчын і старых, не варты таго, каб кіраваць ААН. Я заклікаю яго неадкладна падаць у адстаўку. Няма ніякага апраўдання і сэнсу размаўляць з тымі, хто праяўляе спачуванне да самых жахлівых злачынстваў, здзейсненых супраць грамадзянаў Ізраілю і габрэйскага народу. Проста няма словаў», – напісаў Гіляд Эрдан у сваім акаунце ў сацсетцы «Х».

Падставай для такіх словаў ізраільскага амбасадара ў ААН сталі словы Антонью Гутэрыша пра тое, што бойня «Хамасу» «адбылася не на пустым месцы».

«Палестынскі народ знаходзіўся 56 гадоў пад задушлівай акупацыяй. Яны бачылі, як іхная зямля няўхільна пажыраецца і пакутуе ад гвалту; іхная эканоміка задушаная; іхныя людзі пераселеныя, а іхныя дамы разбураныя. Іхныя надзеі на палітычнае вырашэнне бяды зніклі», – казаў Антонью Гутэрыш.

Паводле апошніх звестак, у выніку нападу баевікоў «Хамасу» ў Ізраілі загінулі найменей 1400 асобаў, 3500 пацярпелі. Лік ахвяраў у сектары Газа праз удары Ізраілю ў адказ перавысіў 2300, каля 9 тысячаў атрымалі раненні.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў