Паводле Міністэрства аховы здароўя, у Беларусі за содні зарэгістравалі 1994 новыя выпадкі інфікавання каронавіруса. Калі арыентавацца на афіцыйную статыстыку, то гэта рэкордны паказнік за ўвесь час эпідэміі ў Беларусі.
Усяго з пачатку пандэміі ў Беларусі зарэгістраваныя 526 242 выпадкі інфікавання каронавірусам.
За содні зафіксаваныя 12 смерцяў пацыентаў з каронавіруснай інфекцыяй. Агулам з пачатку пандэміі ад COVID-19 памерлі 4066 асобаў, сведчыць Міністэрства аховы здароўя.
Афіцыйная статыстыка Мінздароўя наконт каронавіруса выклікае вялікі недавер у экспертаў і грамадскасці. Напрыклад, паводле звестак ААН, у красавіку – чэрвені 2020 года ў Беларусі анамальна вырасла смяротнасць: былі зафіксаваныя на 5600 смерцяў больш, чымся за год да таго. Менавіта на гэтыя месяцы прыйшоўся пік першай хвалі эпідэміі каронавіруса. Пры гэтым Міністэрства аховы здароўя на дзень 1 ліпеня 2020 года прызнала толькі 398 смерцяў ад COVID-19.
Сёлета журналісты тэлеканалу «Настоящее время» прааналізавалі звесткі ад «Кіберпартызанаў» і прыйшлі да высновы, што ў Беларусі з сакавіка 2020 года да сакавіка 2021-га ад каронавіруса залішняя смяротнасць склала 32 тысячы.
ІІ belsat.eu