Яна Шостак не будзе ўдзельнічаць у парламенцкіх выбарах у Польшчы ад «Грамадзянскай кааліцыі»


Беларуска-польская актывістка Яна Шостак была выкрасленая са спісу кандыдатаў у Сойм ад Грамадзянскай кааліцыі на будучых парламенцкіх выбарах у Польшчы. Яна страціла месца ў спісе праз сваё выказванне ў інтэрв’ю аб правах жанчыны на спарон, паведамляе Польскае радыё.

Яна Шостак.
Фота: СФ / Белсат

У размове з польскім парталам «Onet» Яна Шостак назвала сябе сучаснай суфражысткай і выказалася пра тое, што жанчыны павінны мець выбар, у які перыяд цяжарнасці рабіць аборт.

«Грамадзянская платформа» і Грамадзянская кааліцыя не падтрымоўваюць такога развязання. Наколькі ведаю, гэтай асобы ўжо няма ў спісах ГК», – заявіла пасля выказванняў Яны Шостак віцэ-маршалак Сейму Малгажата Кідава-Блоньска (Грамадзянская кааліцыя).

Палітык пацвердзіла, што пазбаўленне беларускі права ўдзельнічаць у выбарах ад Грамадзянскай кааліцыі – гэта наступствы яе выказванняў наконт перарывання цяжарнасці. Кідава-Блоньска патлумачыла, што «палітыка так не робіцца» і што «сказаныя словы маюць вялікае значэнне».

Грамадзянская кааліцыя складаецца з партыяў «Грамадзянская платформа», «Навачэсна», «Польская ініцыятыва» і «Зялёныя». У Падляскім ваяводстве, што мяжуе з Беларуссю, яе прадстаўнікі будуць змагацца за 14 дэпутацкіх мандатаў. Сёмую пазіцыю займае 73-гадовы Яўген Чыквін – дзеяч беларускай і праваслаўнай меншасці, які з 1985 года ўжо неаднаразова абіраўся дэпутатам Сойму. 30-гадовая актывістка і мастачка Яна Шостак была ў спісе на 13 радку. Нарадзінка Горадні, яна вядомая ў Польшчы сваёй гучнай акцыяй «Крык для Беларусі» і не толькі. У польскім Сойме хацела займацца міграцыйнай і інтэграцыйнай палітыкай.

Парламенцкія выбары ў Польшчы адбудуцца 15 кастрычніка.

Беларускі свет
Яна Шостак: «Буду крычаць да канца рэвалюцыі і яшчэ адзін дзень»
2022.02.15 19:05

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў