Прадстаўнікі Аб’яднанага кабінету абмеркавалі з прадстаўніком МУС Латвіі закрыццё межаў


Прадстаўнікі Аб’яднанага пераходнага кабінету Павел Латушка і Уладзімір Астапенка правялі онлайн-сустрэчу з намеснікам міністра ўнутраных спраў Латвіі Касперсам Аболіньшам, на якой абмеркавалі магчымае закрыццё межаў і іншыя пытанні, датычныя латвійска-беларускіх узаемаадносінаў.

Прадстаўнікі Аб’яднанага пераходнага кабінету Беларусі Павел Латушка і Уладзімір Астапенка.
Фота: Аб’яднаны пераходны кабінет Беларусі / Telegram

На сустрэчы намесніку міністра ўнутраных справаў Латвіі была данесеная пазіцыя Аб’яднанага пераходнага кабінету з нагоды магчымага закрыцця межаў у сувязі з пагрозай бяспекі краінам ЕЗ з боку рэжыму Лукашэнкі.

Бакі таксама абмеркавалі пытанні павелічэння ціску на рэжым Лукашэнкі і мінімізацыі негатыўных наступстваў для грамадзян Беларусі. Прадстаўнікі кабінету прапанавалі латвійскаму боку падтрымаць праект новага нацыянальнага пашпарта, а таксама забяспечыць візавую падтрымку для грамадзянаў Беларусі.

Са свайго боку, Касперс Аболіньш заверыў прадстаўнікоў кабінету ў тым, што Латвія і надалей будзе размяжоўваць беларускі народ і рэжым Лукашэнкі.

Асобна бакі абмеркавалі сітуацыю вакол ПВК Вагнэра і магчымае развіццё падзей на тэрыторыі нашай краіны, калі рэжым Лукашэнкі вырашыць выкарыстаць нелегальных мігрантаў для дэстабілізацыі становішча на мяжы паміж Беларуссю і Еўразвязам.

Касперс Аболіньш адзначыў, што любыя рашэнні па функцыянаванні пагранічных пераходаў будуць прымацца ў каардынацыі з Польшчай і Літвой.

Як адзначаецца ў тэлеграм-канале Аб’яднанага пераходнага кабінету, кансультацыі з абмеркаваннем гэтых жа пытанняў праводзіліся ўжо з Міністэрствам унутраных справаў Літвы, а таксама з МУС Польшчы.

Напярэдадні сустрэчы міністраў унутраных спраў Літвы, Латвіі і Польшчы, якая мае адбыцца 28 жніўня ў Варшаве, у іх адрас была пісьмова накіравана пазіцыя кабінету.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў