Родныя атрымалі ліст ад Яны Пінчук. Дзеўчына піша, што яна ў Яраслаўлі


Родныя палітзняволенай Яны Пінчук, затрыманай у Расеі, атрымалі ліст ад дзеўчыны, піша праваабарончы цэнтр «Вясна». 23 жніўня паведамлялася, што ўжо два тыдні невядома пра месцазнаходжанне Яны.

Яна Пінчук на судзе ў Расеі. 9 жніўня 2022 года.
Фота: freeyana / Telegram

Ліст датаваны 14 жніўня. Яна піша, што цяпер утрымліваецца ў Яраслаўлі. Этап з Пецярбургу ў Яраслаўль заняў чатыры дні. Далей беларуску мусяць павезці ў Смаленск, а ўжо адтуль у Беларусь. Яну этапуюць у «сталыпінскім» вагоне.

«Рука вельмі моцна баліць пасля ўсіх сумак», – піша дзеўчына.

Яна Пінчук – грамадзянка Беларусі, да 2018 года жыла ў Беларусі, потым пераехала ў Расею. Яе затрымалі ў Санкт-Пецярбурзе ў лістападзе 2021 года на запыт беларускіх уладаў і прынялі рашэнне выдаць Беларусі, нягледзячы на забарону Камітэту правоў чалавека ААН. Яне Пінчук пагражае пакаранне ў справе аб адміністраванні трох тэлеграм-чатаў, прызнаных у Беларусі экстрэмісцкімі.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў