Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 24 траўня


«Белсат» падводзіць вынікі 455-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 24 траўня чытайце ў нашым аглядзе.

Праца сусветнавядомага мастака Бэнксі на майдане Незалежнасці ў Кіеве.
Фота: Pavlo BahmutUkrinform / ddp images / Forum

Цягам содняў Узброеныя сілы РФ нанеслі 41 авіяцыйны ўдар па тэрыторыі Украіны, а таксама здзейснілі 53 абстрэлы з рэактыўных сістэмаў залпавага агню пазіцыяў украінскіх вайскоўцаў і населеных пунктаў. Ёсць пацярпелыя сярод мірных жыхароў, былі знішчаныя і пашкоджаныя прыватныя будынкі і інфраструктура.

У гэты ж час расейцы працягнулі наземныя аперацыі на купянскім, ліманскім, бахмуцкім, аўдзееўскім і мар’інскім кірунках у Харкаўскай, Луганскай, Данецкай вобласцях. Цягам содняў на вышэйзгаданых кірунках адбылося 26 баявых сутыкненняў.

Валынскі і палескі кірункі (украінска-беларускае памежжа)

Нязменнай застаецца сітуацыя на мяжы з Беларуссю: фармавання наступальных груповак на тэрыторыі краіны не зафіксавана.

Сіверскі і слабажанскі кірункі (украінска-расейскае памежжа)

Дыверсійна-выведныя групы легіёну «Свобода России» і «Российского Добровольческого Корпуса» пакінулі тэрыторыю Грайваронскага раёну Белгародскай вобласці. Пацверджаных фактаў заходу новых ДВГ у РФ не зафіксавана.

Цяпер уздоўж мяжы з Расеяй працягваюцца ўзаемныя артылерыйскія абстрэлы.

Таксама ўночы на 24 траўня тэрыторыя Белгародскай вобласці РФ была атакаваная прынамсі шасцю БПЛА. Невялікія пашкоджанні зафіксаваныя ў Белгарадзе, Барысаўцы і Новай Тавалжанцы.

Аналітыка
Навошта ладзіўся прарыў у Белгародскую вобласць і ці можа сітуацыя паўтарыцца ў Беларусі?
2023.05.23 19:13

Купянскі кірунак (паўночна-ўсходняя частка Харкаўскай вобласці і паўночны захад Луганскай)

На гэтым участку фронту расейцы зноў атакавалі ў ваколіцах Масютаўкі, але поспеху не мелі.

Таксама на купянскім кірунку працягваюцца мінамётныя і артылерыйскія абстрэлы пазіцыяў украінскіх вайскоўцаў.

Ліманскі кірунак (паўднёвы захад Луганскай вобласці і поўнач Данецкай)

Аналітыкі праекту Deepstate фіксуюць актыўнасць войскаў РФ у Серабранскім лясніцтве (на паўднёвым захадзе ад Крэмінной).

Таксама расейскія сілы працягваюць атакаваць каля Белагораўкі (Севераданецкі раён Луганскай вобласці) і паступова дасягаюць пэўных поспехаў: цяпер гэты населены пункт знаходзіцца ў паўатачэнні.

Бахмуцкі кірунак (аднайменны раённы цэнтр і ягоныя ваколіцы)

Цягам содняў працягваліся баі на поўначы і поўдні ад Бахмуту.

Генштаб ЗСУ піша пра няўдалыя наступальныя дзеянні праціўніка каля Хромава. Пры гэтым украінскае камандаванне перастала пісаць пра баі ў самім Бахмуце, што ўскосна пацвярджае захоп усёй тэрыторыі гораду расейцамі.

Аўдзееўскі кірунак (на поўначы ад Данецку)

Deepstate піша пра чарговую атаку расейцаў на Первамайскае. Гэтым разам яны наступалі з боку Пяскоў, але ЗСУ ўтрымалі свае пазіцыі.

Расейскі ваенкор Сямён Пегаў піша, што УС РФ намагаліся прасунуцца да Севернага (на захадзе ад Аўдзееўкі), а таксама атакавалі ўкраінскія пазіцыі ў Новакалінавым. На ўсіх участках без поспеху.

Мар’інскі кірунак (на захадзе ад Данецку)

Цягам содняў расейцы працягнулі  штурмаваць заходнюю частку Мар’інкі: украінскі бок паведамляе пра адбіццё ўсіх атак праціўніка.

Шахцёрскі кірунак (паўднёвы ўчастак фронту ў Данецкай вобласці)

На поўдні ад Данецку назіраецца адноснае зацішша: войскі РФ не праводзяць наземных аперацыяў, аддаўшы перавагу нанясенню артылерыйскіх і авіяцыйных удараў.

Запарожскі кірунак (лінія фронту ў аднайменным рэгіёне)

У Запарожскай вобласці Узброеныя сілы РФ засяродзілі на вядзенні абароны. Пры гэтым расейцы працягваюць знішчаць інфраструктуру прыфрантавых населеных пунктаў, наносячы па іх артылерыйскія і авіяцыйныя ўдары. Таксама такімі дзеяннямі праціўнік спрабуе не дапусціць назапашвання рэзерваў ЗСУ ўздоўж лініі сутыкнення.

Херсонскі кірунак (лінія фронту ў аднайменным рэгіёне і на Кінбурнскай касе ў Мікалаеўскай вобласці)

Уздоўж Дняпра працягваюцца артылерыйскія дуэлі.

Таксама абодва бакі актыўна выкарыстоўваюць БПЛА для нанясення кропкавых удараў і вядзення паветранай выведкі.

У начны час дыверсійна-выведныя групы ЗСУ працягваюць высаджвацца на левым беразе Дняпра.

Акваторыя Чорнага мора

Уночы на 24 траўня расейскі выведны карабель «Иван Хурс», знаходзячыся за 40 марскіх міляў на поўнач ад праліву Басфор (Турэччына), быў атакаваны трыма марскімі беспілотнікамі.

Па папярэдняй інфармацыі, атака была адбітая, карабель не атрымаў пашкоджанняў.

Генеральны штаб Збройных сілаў Украіны паведамляе, што цягам содняў сілы абароны краіны знішчылі каля 400 вайскоўцаў праціўніка, у выніку чаго агульныя беззваротныя страты РФ дасягнулі 204 760 чалавек.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Таццяна Міронава belsat.eu

Стужка навінаў