Пра Віктара Бабарыку няма звестак амаль 30 дзён. Хроніка рэпрэсіяў 24 траўня


«Белсат» працягвае весці хроніку палітычнага пераследу, які рэжым Лукашэнкі здзяйсняе ў дачыненні беларускага народу. Новыя факты, падзеі і зʼявы, з гэтым звязаныя – у аглядзе за 24 траўня.

3 26 красавіка няма ніякіх звестак пра месцазнаходжанне і стан здароўя Віктара Бабарыкі. Увечары 26 красавіка стала вядома, што былы кандыдат на прэзідэнта і палітычны вязень быў дастаўлены ў шпіталь з Наваполацкай папраўчай калоніі № 1. Гэта адбылося ў ноч на 25 красавіка. Паведамленне выклікала вялікі міжнародны рэзананс. Аднак нягледзячы на шматлікія заклікі да ўладаў паказаць, у якім стане палітвязень, гэтага зроблена не было. Цяпер увогуле не вядома, дзе зняволены палітык.

Суддзя Прэсненскага суда Масквы адклала пасяджэнне пра перадачу ў Расею былой дзяўчыны Рамана Пратасевіча – грамадзянкі РФ Соф’і Сапегі, якую затрымалі разам з ім 23 траўня 2021 года. Справа адкладзеная на 1 чэрвеня, каб пракуратура «змагла азнаёміцца з хадайніцтвамі абароны», паведамляе «Медиазона». Адвакат папрасіў перанесці суд у Прыморʼе, бо Соф’я Сапега зарэгістраваная на востраве Рускі. Тым часам «Baza» піша, што Сапегу судзілі на падставе паказанняў Рамана Пратасевіча. Паводле медыя, ён паведаміў следчым, што за сваю працу па дэаноне сілавікоў Сапега атрымала 5 тысяч долараў. У справе Сапегі значацца 238 пацярпелых.

Hавiны
Медыі: Паказанні супраць Сапегі даў Пратасевіч. На падставе іх яе і судзілі
2023.05.24 15:18

Былога палітычнага зняволенага Елісея Кузняцова затрымалі па новай крымінальнай справе. Праваабаронцам стала вядома, што ў Высокаўскім аграрным каледжы на Берасцейшчыне былі паказальна заключаныя пад варту двое навучэнцаў, падазраваных у знявазе дзяржаўных сімвалаў Беларусі (арт. 370 КК). Санкцыю на затрыманне зачытаў пракурор Камянецкага раёну ў прысутнасці навучэнцаў. Хлопцаў вінавацяць у тым, што нібыта яны сарвалі тры дзяржаўныя сцягі, устаноўленыя на фасадах установы адукацыі, гандлёвага абʼекта і аддзяленні паштовай сувязі. Па інфармацыі «Берасцейскай Вясны», адзін з затрыманых – 19-гадовы Елісей Кузняцоў, які нядаўна адбыў пакаранне па палітычнай крымінальнай справе. У лістападзе 2021 года яго асудзілі да 2,5 гадоў «хатняй хіміі». У красавіку 2022 года яму ўзмацнілі пакаранне і перавялі ў калонію на 7,5 месяцаў. У снежні Елісей выйшаў на волю з наваполацкай калоніі № 1.

Беларус, які разам з жонкаю запусціў бела-сіне-белы сцяг у Маскве, больш за суткі не выходзіць на сувязь. Сябар сямейнай пары Дзмітрыя і Юліі Галаўлёвых паведаміў, што ад учорашняй раніцы ў іх выключаныя тэлефоны і звязацца з імі немагчыма. Ні ў адным з маскоўскіх спецпрыёмнікаў Дзмітрыя і Юлію знайсці пакуль не атрымліваецца. Адвакату, які ўчора прыехаў у суд пасля разгляду пратакола, адмовіліся выдаць пастанову. У пары Галаўлёвых двое дзяцей, прычым малодшаму няма нават 6 месяцаў. Месцазнаходжанне дзяцей таксама невядомае.

24 траўня стала вядома, што сілавікі затрымалі сямейную пару грамадзян Украіны. Іх вінавацяць ва ўдзеле ў «антыдзяржаўнай дзейнасці» і пагражаюць дэпартаваць з Беларусі. На запісаным сілавікамі відэа ўкраінцы расказваюць пра сябе, што абое ўдзельнічалі ў мітынгах пратэсту пасля выбараў 2020 года, неаднаразова прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасці па артыкуле 23.24 АК РБ, былі падпісаныя на «экстрэмісцкія» рэсурсы і распаўсюджвалі «экстрэмісцкія» ідэі ў сацыяльных сетках. Кажуць, што раскайваюцца ў здзейсненым. Паводле звестак сілавікоў, муж і жонка прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці, вырашаецца пытанне аб дэпартацыі.

Hавiны
З Беларусі збіраюцца дэпартаваць украінскую пару за падпіскі на «экстрэмісцкія» рэсурсы
2023.05.24 17:11

49-гадовага палітвязня Уладзіміра Гароха перавялі на турэмны рэжым. У шклоўскай калоніі яго шмат разоў закідвалі ў ШІЗА і трымалі ў ПКТ. Праз цяжкую працу ў яго пачаўся артроз. Жыхар Навагрудку быў затрыманы 18 жніўня 2020 года па так званай «Карэліцкай справе» — аб нібыта плануемых беспарадках у Карэлічах і Навагрудку пасля прэзідэнцкіх выбараў. У снежні 2020-га яму прысудзілі 7 гадоў калоніі. Тэрмін палітвязень адбываў у шклоўскай калоніі № 17.

Раніцай 23 траўня ў Наваполацку і Полацку затрымалі вядучую выкладчыцу кафедры сусветнай літаратуры і замежных моваў ПДУ Алену Храмцову, кандыдата гістарычных навук, дацэнта кафедры гісторыі і турызму ПДУ Віктара Чараўко і супрацоўніцу рэпазітарыя Лідзію Зуеву. Супраць затрыманых сілавікі распачалі адміністрацыйныя справы. У Храмцовай быў праведзены ператрус, канфіскавана аргтэхніка. На жанчыну склалі пратакол паводле артыкула 19.11 КаАП («Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў») за падпіску на тэлеграм-канал «Беларусь галаўнога мозга». 24 траўня яе арыштавалі на 10 сутак. У чым вінавацяць астатніх затрыманых, пакуль не вядома.

Бізнесовец і выдавец з Баранавічаў Анатоль Вайцяхоўскі мусіў тэрмінова пакінуць Беларусь праз крымінальны пераслед. Вайцяхоўскі быў адным з заснавальнікаў баранавіцкай газеты «Шаг», што пабачыла свет у 1996 годзе. У 2001 годзе ён пайшоў з медыя і заснаваў новае выданне пад назвай «Местная газета Шаг». У 2003 беларускія ўлады спачатку забаранілі друкаваць газету ў краіне, а пасля і ўвогуле закрылі. Пасля гэтага бізнесовец пайшоў з медыясектару і апошнім часам займаўся прадпрымальніцтвам. Ваяцяхоўскага затрымаў ГУБАЗіК у красавіку 2023 года. Яго абвінавацілі ў крытычных каментарах наконт вайны Расеі супраць Украіны ды ва ўдзеле ў пратэстах.

Hавiны
Наталля Пінчук заклікала «зрабіць немагчымым лёгкае існаванне» рэжыму Лукашэнкі
2023.05.24 13:34

Наталля Пінчук, жонка палітзняволенага кіраўніка праваабарончага цэнтру «Вясна» і лаўрэата Нобэлеўскай прэміі міру Алеся Бяляцкага, 23 траўня выступіла на Сусветным форуме за свабоду выказвання, што праходзіў у нарвежскім Лілегамэры. Пінчук заявіла, што Бяляцкі, усе зняволеныя праваабаронцы і ўсе палітвязні ў Беларусі павінны быць вызваленыя без усялякіх умоваў. Наталля зазначыла, што любы кантакт з уладамі ў Менску магчымы толькі пасля гэтага (і пры ўмове спынення дапамогі Расеі ў яе агрэсіі супраць Украіны). Вызваленне зняволеных – не прадмет для бясконцых перамоваў, не тавар для гандлю, а адзінае выйсце з тупіку, у які дыктатар завёў краіну і народ.

Каментар
Ва Украіне могуць выдаць ордар на арышт Лукашэнкі за «аздараўленне» дзяцей з акупаваных тэрыторыяў
2023.05.24 23:52

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў