Расея ўчыніла трэцюю за тыдзень масаваную атаку на Украіну. Адна ракета парушыла мяжу Польшчы


Расейскія войскі ўчынілі трэцюю за тыдзень маштабную ракетную атаку на Украіну і другую – на Кіеў. У сталіцы СПА збіла каля 10 ракетаў, паведаміў кіраўнік гарадской вайсковай адміністрацыі Сяргей Папко. Інфармацыі пра пацярпелых няма.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Наступствы ракетнага ўдару па Краматорску, Данецкая вобласць.
Фота: Ryuichi Hirokawa / Media Center Ukraine

Расея атакавала Украіну крылатымі ракетамі з самалётаў стратэгічнай авіяцыі Ту-95МС. Запускі зафіксаваныя з раёну Энгельсу ў Саратаўскай вобласці, калі ў паветры былі 14 бартоў. Гэта быў трэці масаваны ўдар за тыдзень.

У Кіеве ракетная трывога трывала 2 гадзіны.

«На Кіеў ракеты заходзілі групамі з паўночнага напрамку. Сіламі супрацьпаветранай абароны над Кіевам і ў ваколіцах сталіцы было збіта каля дзесяці варожых ракетаў», – паведаміў кіраўнік гарадской вайсковай адміністрацыі Сяргей Папко.

У Дэснянскім раёне Кіева абломкі ўпалі на тэрыторыю лясных насаджэнняў, а ў Шаўчэнкаўскім – на тэрыторыю паркавай зоны і каля жылой забудовы. Там пашкоджаны фасад шматпавярховіка, пажару не было.

Інфармацыі пра пацярпелых няма.

Агляд
Расейцы заявілі пра захоп Іванаўскага пад Бахмутам. Што вядома?
2024.03.23 18:48

Таксама ўначы была атакаваная Львоўская вобласць. Мэр Андрэй Садавы ў сваім Telegram-канале напісаў, што на рэгіён ляцела каля 20 ракетаў і 7 беспілотнікаў:

«Цэль – аб’екты крытычнай інфраструктуры. У Львове прылётаў не зафіксавана. Вядома пра абстрэлы на Львоўшчыне».

Кіраўнік абласной вайсковай адміністрацыі Максім Казіцкі паведаміў пра ўдар па аб’екце крытычнай інфраструктуры:

«Варожыя «Шагэды» і ракеты атакавалі аб’ект крытычнай інфраструктуры. Узнік пажар. На месцы працуюць ратаўнікі. Інфармацыі пра пацярпелых не паступала».

У ЗСУ паведамілі, што агулам супрацьпаветраная абарона знішчыла 18 з 29 ракетаў і 25 з 28 беспілотнікаў у Днепрапятроўскай, Херсонскай, Мікалаеўскай, Адэскай, Сумскай, Кіеўскай, Валынскай і Львоўскай вобласцях.

Падчас атакі на Украіну адная расейская ракета парушыла паветраную прастору Польшчы. Гэта адбылося ў Люблінскім ваяводстве. Ракета была ў польскай паветранай прасторы 39 секундаў, паведаміла аператыўнае камандаванне Узброеных сілаў Польшчы ў сацсетцы X:

«Цягам усяго палёту аб’ект назіралі радарныя сістэмы. Былі задзеяныя ўсе неабходныя працэдуры для гарантавання бяспекі паветранай прасторы Польшчы. Была задзеяная, у прыватнасці, польская і саюзная авіяцыя».

22 сакавіка Расея абстраляла Украіну дронамі (іх было больш за 60), крылатымі і балістычнымі ракетамі (амаль 90). Былі пашкоджаныя аб’екты ў Харкаве, Дняпры, Запарожжы, Хмяльніцкай і Вінніцкай вобласцях. Пад удар трапіла дамба ДнепраГЭС. Міністр энергетыкі Украіны Герман Галушчанка называў той абстрэл самай маштабнай атакай на ўкраінскую энергетыку за апошні час.

Мінабароны Расеі тады заявіла, што гэта былі «ўдары адплаты» за «абстрэлы нашай тэрыторыі, спробы прарыву і захопу расейскіх памежных паселішчаў».

Hавiны
Самая маштабная атака на ўкраінскую энергетыку за апошні час. Расея абстраляла ДнепраГЭС
2024.03.22 10:03

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў