Нават не пад санкцыямі. Што за суддзя Шоцік, якая асудзіла на смерць актывіста Ледніка


Таццяна Шоцік – так завуць 32-гадовую менскую суддзю, якая стабільна ўваходзіць у лік рэкардсменаў паводле колькасці рэпрэсаваных суайчыннікаў. У 2022 годзе яна асудзіла 62-гадовага барысаўскага актывіста Ігара Ледніка на тры гады калоніі, нягледзячы на тое, што ён меў сур’ёзныя праблемы са здароўем. У 2024 годзе палітвязня не стала.

Суддзя Таццяна Шоцік. Калаж з фота: by.tgstat.com / freepik.com

Таццяна Шоцік нарадзілася 21 студзеня 1992 года ў не самай бяспечнай сям’і. Як паведамілі «Белсату» «Кіберпартызаны», бацька будучай суддзі Віктар Шоцік за год да ейнага нараджэння быў асуджаны паводле ч. 1 арт. 107 Крымінальнага кодэксу БССР («Ужыванне прымусовых мераў бяспекі і лячэння да асобаў, якія пакутуюць на хранічны алкагалізм, наркаманію або таксікаманію»). Яго нават абвяшчалі ў вышук. Праўда, гэта не надта дапамагло, бо ў 2013 годзе на мужчыну завялі ўжо адміністратыўную справу за тое, што ён п’яным брудна лаяўся ў гандлёвым доме «Купалаўскі». Ягоная дачка на той момант ужо працавала ў галоўным упраўленні юстыцыі Менгарвыканкаму. У 2014 годзе яна пачала працу ў Менскім гарадскім судзе.

Суддзя-рэкардсмен

У кастрычніку 2019 года Шоцік была прызначаная суддзёй Ленінскага раёну замест суддзі Святланы Плотнікавай, якая знаходзілася ў сацыяльным адпачынку. І ўжо неўзабаве правяла свой першы палітычны працэс – у дачыненні ўдзельнікаў пратэстаў супраць паглыблення інтэграцыі Беларусі і Расеі. Першаю вядомаю ахвяраю 26-гадовай суддзі 9 студзеня 2020 года стаў паэт і былы кандыдат на прэзідэнцтва Уладзімір Някляеў, якому яна прысудзіла 30 базавых велічыняў штрафу.

Але напоўніцу суддзя Шоцік здолела разгарнуцца ўжо пасля выбараў 2020 года і масавых пратэстаў, якія сталі адказам на фальсіфікацыі і гвалт сілавікоў. У выніку ўлетку 2021 года яна заняла дзявяты радок у рэйтынгу самых рэпрэсіўных суддзяў Менску. А ўжо паводле вынікаў 2022 года стала самай рэпрэсіўнай суддзёй Беларусі, за год вынесшы прысудаў у крымінальных справах у дачыненні не менш як 20 асобаў. Паводле падлікаў «Zubr», толькі адміністратыўных арыштаў Шоцік прысудзіла на 1608 содняў, або амаль на 4,5 года. Адміністратыўных штрафаў яна выдала на 41 559 рублёў.

«З лета 2020-га так званая “суддзя” рэгулярна выкарыстоўвалася для палітычных рэпрэсіяў. Яе рэкорд – 7 пастановаў за дзень. Усяго на падставе пастановаў Шоцік былі арыштаваныя як мінімум 200 асобаў, якія ў агульнай складанасці атрымалі больш за 2000 содняў», – дзялілася ў красавіку 2023 года сваімі падлікамі Народнае антыкрызіснае ўпраўленне.

Спіс крымінальных, грамадзянскіх справаў і справаў аб адміністратыўных правапарушэннях, прызначаных да слуханняў у судзе Ленінскага раёну. Суддзя – Шоцік Таццяна Віктараўна. Менск, Беларусь. 15 студзеня 2021 года.
Фота: Белсат

Што датычыць крымінальных справаў, то «хатняй хіміі» Шоцік прысудзіла на 15,6 года, проста «хіміі» – на 19,2 года, калоніі, у тым ліку ўзмоцненага рэжыму, – на 31,8 года. Яшчэ ў пяці выпадках крымінальных справаў адзначана, што прысуд невядомы.

Апошні вынесены ёю прысуд, пра які вядома праваабаронцам, датаваны 7 чэрвеня 2023 года.

Сярод ейных ахвяраў – былы брамнік зборнай Беларусі Васіль Хамутоўскі, адвакат Андрэй Мачалаў, старшыня АГП Мікалай Казлоў, журналістка Надзея Калініна, менскі чыноўнік Юрый Сянькоў, мастак Аляксандр Нурдзінаў і нават праўладны рабін Ігаэл Егудзі. Гэта Шоцік некалькі разоў судзіла сямейную пару Крупенічаў, якія ў выніку атрымалі дзевяць запар адміністратыўных прысудаў.

Смерць Ігара Ледніка

Такое судзейства стаханаўскімі тэмпамі ў выніку прывяло да таго, што адзін з асуджаных Шоцік палітвязняў урэшце памёр у зняволенні: 20 лютага 2024 года стала вядома пра смерць барысаўскага актывіста Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігара Ледніка. У яго спынілася сэрца. Медыкі спрабавалі рэанімаваць палітвязня, аднак беспаспяхова. Леднік памёр у Менскай раённай больніцы, куды быў дастаўлены з Бабруйскай калоніі.

2 верасня 2022 года Шоцік прысудзіла яму тры гада калоніі за артыкул «Міжнародна прызнаны нейтралітэт Беларусі – гарантыя бяспекі ў рэгіёне АБСЕ» ў партыйнай газеце, дзе нібыта быў паклёп на Аляксандра Лукашэнку.

Hавiны
«Быў шчырым і прынцыповым». Якім запомніцца Ігар Леднік
2024.02.20 19:27

Суддзю-рэкардсменку не спыніла і тое, што Леднік меў інваліднасць ІІ групы праз праблемы з сэрцам.  За некалькі месяцаў да суда актывіст страціў прытомнасць у камеры, яму ў экстранным парадку зрабілі аперацыю на страўнікава-кішачным тракце.

Санкцыяў не чуваць

Пры ўсім пры гэтым Таццяна Шоцік дагэтуль не знаходзіцца нават пад санкцыямі. У 2023 годзе прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінету ў пытаннях транзіту ўлады і кіраўнік НАУ Павел Латушка прапанаваў краінам Еўразвязу і Украіне ўвесці да суддзі персанальныя санкцыйныя абмежаванні. Але пакуль безвынікова.

Пасля смерці Ледніка галоўны прадстаўнік у пытаннях вонкавай палітыкі і палітыкі бяспекі Еўрапейскай камісіі Пэтэр Стана паабяцаў, што рэжым «будзе прыцягнуты да адказнасці» за смерці палітвязняў.

Аднак сур’ёзных заходніх санкцыяў супраць рэжыму за тое, што ў Беларусі ёсць палітвязні, дагэтуль няма. Дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка распавёў «Белсату», што дэмсілы рыхтуюць і лабіююць такія захады.

«Мы разумеем, што Лукашэнка не вызваліць людзей без ціску. Ён баіцца паўтарэння падзеяў 2020 года. Ён не хоча паказваць слабасць перад сваімі сілавікамі і лаялістамі, таму толькі санкцыі, толькі ціск дапамогуць гэта зрабіць. І цяпер мы працуем над санкцыйным пакетам, які мог бы быць ультыматумам для Лукашэнкі: калі ты не вызваляеш людзей, тады супраць цябе ўводзяцца разбуральныя санкцыі, – сказаў Вячорка. – Другое – гэта мы актывізуем міжнародныя структуры. Гэта офіс вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека ў Жэневе, міжнародныя арганізацыі. Таксама актывізуем магчымых удзельнікаў перамоваў, такіх як Чырвоны Крыж, Ватыкан, «Карытас», якія займаюцца гуманітарнымі тэмамі».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Sergei Gapon / AFP Photo / East News

Вынік сістэмнай працы

Юрыст НАУ Міхаіл Кірылюк у каментары «Белсату» падкрэсліў, што смерць Ледніка – гэта не адзінкавы выпадковы прысуд, а вынік сістэмнай працы суддзі Шоцік. І адных санкцыяў, на ягоную думку, у яе дачыненні недастаткова. Тым больш, што ў яе выпадку гэта будзе проста забарона на выезд у заходнія краіны.

«Наўрад ці ў яе ёсць актывы ў Еўразвязе. Гэта, хутчэй, такое папярэджанне», – сказаў юрыст.

Суразмоўца мяркуе, што пасля змянення сітуацыі ў Беларусі Шоцік было б варта выставіць абвінавачанні паводле часткі 2 арт. 392 Крымінальнага кодэксу («Вынясенне загадзя неправасудных прысуду, пастановы або іншага судовага акту, якое прывяло да цяжкіх наступстваў»). Яно караецца пазбаўленнем волі на тэрмін ад 3 да 10 гадоў.

Як Кірылюк падкрэслівае, Шоцік ведала, што судзіць Ледніка за ягоныя палітычныя перакананні, бо суд адбываўся за артыкул у партыйным часопісе.

«Тут больш яскравага прыкладу цяжка ўявіць, бо гэта нават не Бабарыка, якога судзілі быццам бы за эканамічныя злачынствы, дзе яшчэ трэба разбірацца ў эканоміцы», – дадаў ён.

Юрыст адзначыў, што часам суддзі з дыктатарскіх рэжымаў падчас працэсаў ужо над імі, напрыклад, у Нюрнбэргу, заяўлялі, што ў той час, калі яны працавалі, іхняя дзейнасць была законнаю. Але на гэта ўжо выпрацаваная «формула Радбруха», згодна з якой, у выпадках, калі закон супярэчыць здароваму сэнсу, правам чалавека, агульначалавечым каштоўнасцям ці міжнароднаму праву, такія законы лічацца несправядлівымі.

Не верыць Кірылюк і ў магчымыя пагрозы, з прычыны якіх Шоцік магла б выносіць такія прысуды.

«Я асабіста ведаю некалькі суддзяў, якія адмовіліся выносіць такія прысуды і з’ехалі з Беларусі. Вядома, яны згубілі кар’еру, заробкі, але яны не запэцкалі рукі ў крыві», – падкрэсліў юрыст.

Паводле Кірылюка, «гэтая магчымасць была ва ўсіх, але, на жаль, не так шмат людзей ёю скарысталіся».

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў