Суддзя Таццяна Шоцік прызнала Андрэя Мачалава вінаватым паводле ч. 1 арт. 380 («Падробка, выраб, выкарыстанне або збыт падробленых дакументаў, штампаў, пячатак, бланкаў»).
Адвакат Андрэя Мачалава Віталь Брагінец не змог быць на судзе, бо сам адбываў содні адміністратыўнага арышту.
3 чэрвеня 2021 года адвакат Мачалаў прыйшоў у суд, дзе даведаўся, што яго пазбавілі ліцэнзіі і за гэта яго будуць судзіць.
Андрэй Мачалаў абараняў у судах журналістаў незалежных медыяў, палітвязняў і актывістаў.
Летам 2021 года ён павінен быў абараняць у судзе Вольгу Сінелеву, якая папрасіла з’ехаць са здымнага жытла памочніцу пракурора Аліну Касьянчык. На судзе ён даведаўся, што яго пазбавілі ліцэнзіі. І вось за тое, што ён прыйшоў у суд з несапраўдным адвакацкім пасведчаннем, яго і пакаралі за выкарыстанне падробленых дакументаў.
13 ліпеня 2021 года старшыня дысцыплінарнай камісіі БРКА Тацяна Ткачонак у апублікаванай на сайце камісіі заяве пракаментавала выключэнне 5 адвакатаў з прафесійнай супольнасці.
«Было і ёсць нямала крыўдаў з іх боку. Сваё стаўленне да прымененых да іх дысцыплінарных спагнанняў асобныя – ужо былыя – адвакаты выказвалі публічна, у тым ліку ў сацыяльных сетках і на іншых інтэрнэт-рэсурсах. Іх каментары не адпавядалі рэчаіснасці: скажалася пазіцыя дысцыплінарнай камісіі, або сітуацыя падавалася неаб’ектыўна ў цэлым», – заявіла Тацяна Ткачонак.
Міністэрства юстыцыі пазбавіла ліцэнзіі шэраг адвакатаў. Сярод іх абаронца Віктара Бабарыкі і Марыі Калеснікавай Аляксандр Пыльчанка і абаронца Калеснікавай Людміла Казак, адвакат Сяргей Зікрацкі, які бараніў журналістак «Белсату» Кацярыну Андрэеву і Дар’ю Чульцову, Андрэй Барташэвіч, Алена Шынкарэвіч і іншыя.
Марыя Мурашка belsat.eu