Працягваецца суд над журналістам Генадзем Мажэйкам


У Менскім гарадскім судзе 27 лютага працягваецца працэс над былым журналістам «Комсомольской правды в Беларуси» Генадзем Мажэйкам. Суд пачаўся 1 снежня мінулага года, але пасля доказу невінаватасці паводле аднаго з артыкулаў зрабілі перапынак.

Генадзь Мажэйка ў судзе.
Фота: Sputnik

Журналіста вінавацяць паводле ч. 1 артыкулу 368 КК за нібыта абразу Лукашэнкі і паводле ч. 1 артыкула 130 КК («Распальванне сацыяльнай варожасці або варожасці») у «справе Зельцара». Паводле першага абвінавачання Мажэйку пагражае да чатырох гадоў пазбаўлення волі, паводле другога – да пяці гадоў. Усяго ў справе – дзевяць тамоў, іх ужо разглядзелі.

Затрыманне ў маскоўскім аэрапорце

Генадзь Мажэйка ўжо больш за год застаецца ў СІЗА. Яго затрымалі 1 кастрычніка 2021-га ў аэрапорце ў Маскве і вярнулі ў Беларусь. Знаёмы журналіста распавядаў, што Генадзя вярнулі назад як асобу, уезд якой у Расею непажаданы, аднак пазней высветлілася, што ў спісах неўязных мужчыны не было.

Пасля затрымання Генадзя спачатку адвезлі на Акрэсціна, потым змясцілі ў Следчую турму № 8 у Жодзіне. У канцы снежня 2021 года журналіста перавялі ў СІЗА № 1 у Менску на вуліцы Валадарскага. Толькі ў верасні 2022 года Генадзю дазволілі кароткатэрміновае спатканне з бацькамі.

Амаль адразу пасля затрымання беларускія праваабаронцы прызналі Генадзя Мажэйку палітычным вязнем. Дэпутат Еўрапарламенту Люкас Мандль стаўся ягоным сімвалічным хросным.

Суд і доказы невінаватасці

Працэс над журналістам пачаўся 1 снежня 2022 года. Яго вядзе Тацяна Фалькоўская, якая прысудзіла 8 гадоў калоніі экс-журналістцы БТ Ксеніі Луцкіной.

У кастрычніку 2021 года падчас ператрусу ў кватэры Генадзя Мажэйкі апроч іншых рэчавых доказаў забралі працоўны дыктафон. На ім знайшлі аўдыязапіс, зроблены на сустрэчы выбарнікаў з дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Валерам Варанецкім у Лошыцы, што адбылася ўлетку 2020-га. На запісе – мужчынскі голас, які, на меркаванне экспертаў Следчага камітэту, належыць Мажэйку.

Паводле версіі следства, журналіст на гэтай сустрэчы агітаваў супраць дзейнай улады і падтрымліваў «апазіцыйна настроеных» удзельнікаў, «парушаючы агульначалавечую мараль». У якасці доказу віны дзяржаўны абвінаваўца агучыў нібыта выказванні Мажэйкі пра Лукашэнку: 

«З аўтаматам бегаць… Хіба можа нармальны чалавек з аўтаматам бегаць… Гэта звар’яцелы вырадак».

Палітзняволены яшчэ ў першы дзень суда пацвердзіў, што прысутнічаў на сустрэчы, але моўчкі сядзеў з ноўтбукам і занатоўваў – рабіў рэпартаж. А словы, якія прыпісваліся яму, сказаў іншы чалавек, які сядзеў побач.

Генадзь Мажэйка ў судзе разам з адвакатам.
Фота: Sputnik

Адвакат журналіста знайшоў відэазапіс той сустрэчы, які далучылі да матэрыялаў справы. Здымкі даказваюць, што Мажэйка ніяк не браў удзелу ў дыскусіі, а выраз, які яму ставяць у віну, прамовіў іншы мужчына.

«На відэа бачна, што Мажэйка паводзіць сябе, які і любы журналіст на падобнай сустрэчы: ён спакойны, калі не сказаць абыякавы, і не бярэ ўдзелу ў абмеркаванні. Абразіў прэзідэнта не наш калега, а ягоны сусед: мужчына з сівымі валасамі, у масцы і з навушнікамі на шыі. Мы спадзяемся, што гэты запіс стане доказам невінаватасці нашага калегі», – пісала расейская «Комсомольская правда».

Таксама абаронца журналіста настаяў, каб у суд выклікалі адмыслоўцаў, якія рабілі экспертызу.

«Справа Зельцара» і закрыццё «Комсомольской правды»

Галоўнае абвінавачванне супраць журналіста палягае ў тым, што Мажэйка апублікаваў каментар аднакласніцы Андрэя Зельцара, які падчас страляніны ў сваёй кватэры 28 верасня 2021 года забіў супрацоўніка КДБ, а потым застрэлілі і яго самога. Сілавікі прыйшлі затрымліваць Зельцара і ўзламалі дзверы ў ягоную кватэру падчас «адпрацоўвання адрасоў, дзе маглі быць асобы, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці». Сам Зельцар працаваў праграмістам у кампаніі «EPAM Systems».

У матэрыяле журналіста, які выйшаў увечары таго ж дня, знаёмая Зельцара станоўча адгукаецца пра яго і дзеліцца добрымі ўспамінамі. Гэта выклікала абурэнне ўладаў, а журналіста абвінавацілі ў «абяленні тэрарыста» і ў «прапагандзе экстрэмізму». Раніцаю наступнага дня, 29 верасня, сайт kp.by заблакавалі, а 5 кастрычніка маскоўскае кіраўніцтва «Комсомольской правды» аб’явіла пра закрыццё свайго прадстаўніцтва ў Беларусі.

Паводле звестак праваабаронцаў, усяго ў «справе Зельцара» за каментары і падабайкі пад імі затрымалі каля 200 чалавек.

Андрэй Зельцар. Здымак відэа з кватэры Зельцара, выкладзенага на праўладных каналах

Журналіст Генадзь Мажэйка нежанаты, у яго няма дзяцей. Да зняволення жыў з бацькамі. Адразу пасля затрымання ў кватэры бацькоў адбыўся ператрус. Пасля іх выклікалі на допыт, але тыя адмовіліся даваць паказанні, цяпер яны пад падпіскай аб неразгалошванні.

Мажэйка працаваў у «Комсомольской правде в Беларуси» 13 гадоў, хоць з адукацыі ён не журналіст, скончыў БДУіР. Спачатку пісаў пра музыку, музычныя фестывалі, аўтамабілі, вайсковую тэхніку, а паступова перайшоў на сталую працу ў «КП».

За кратамі 11 траўня 2022 года Генадзю споўнілася 40 гадоў.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў