Палітзняволены Мікалай Статкевіч застаецца за кратамі 1000 дзён


Палітзняволены палітык Мікалай Статкевіч застаецца за кратамі ўжо 1000 дзён, а еўрапейскія і амерыканскія дыпламаты зладзілі акцыю падтрымання. Палітыка затрымалі 31 траўня 2020 года, калі ён ехаў на мітынг Святланы Ціханоўскай.

Акцыя салідарнасці ў падтрыманне Мікалая Статкевіча і ўсіх палітзняволеных адбылася ў Вільні каля консульства Беларусі. Мітынг зладзілі ў другую гадавіну затрымання лідара партыі «Народная грамада» Мікалая Статкевіча. Вільня, Літва. 31 траўня 2022 года.
Фота: Белсат

Польская амбасада ў Беларусі паведамляе, што кіраўнікі місіяў некаторых краінаў Еўразвязу і ЗША ў Менску сустрэліся з жонкай палітыка Марынай Адамовіч. «Свабоду беларускім палітвязням!», – гаворыцца ў заяве польскай амбасады.

«Мы патрабуем тэрміновага вызвалення Статкевіча, Севярынца і ўсіх палітзняволеных, спынення рэпрэсіяў, вываду расейскіх войскаў з тэрыторыі Беларусі, спынення ўдзелу ў вайне супраць Украіны», – заявіў намеснік старшыні сацыял-дэмакратычнай партыі «Народная грамада» Яўген Вільскі.

Мікалай Статкевіч быў затрыманы 31 траўня 2020 года, калі ехаў у Менску на Камароўскі рынак, дзе збіраўся наведаць перадвыбарчы пікет Святланы Ціханоўскай. За два дні да гэтага быў арыштаваны Сяргей Ціханоўскі. Яго некалькі разоў каралі адміністратыўным арыштам, а потым выставілі абвінавачванні паводле крымінальных артыкулаў. 14 снежня 2021 года Мікалаю Статкевічу прысудзілі 14 гадоў зняволення ў калоніі асаблівага рэжыму.

Ён быў прызнаны вінаватым у арганізацыя масавых беспарадкаў (ч. 1 арт. 293 КК). 20 чэрвеня 2022 года Мікалай Статкевіч быў этапаваны з гомельскага СІЗА № 3 у глыбоцкую калонію № 13. У лістападзе 2022 года палітвязень хварэў на пнеўманію, яго змяшчалі ў лякарню. У жніўні 2022 года Мікалая Статкевіча на паўгода змясцілі ў адзіночную камеру.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў